Дачка Цара. Інтэрв’ю з Вольгай Міклашэвіч

Ёсць людзі, з якімі нават упершыню размаўляеш так быццам ўжо сто год знаёмыя. З імі цёпла і ўтульна, а ў размове хочацца выйсці далёка за межы інтэрв’ю. Вольга Міклашэвіч, валанцёрка, арганізатарка праекта “Дарога ў Віфлеем” у Беларусі, шматдзетная мама, такая – заўсёды ўсмешка на твары і вочы ззяюць. Жывая.

418577_464606296905724_842310282_n

Апошні раз, калі мы бачыліся, Воля за дзесяць хвілін паспела дапамагчы і паклапаціцца пра пяцёх чалавек: камусьці цёплыя шкарпэткі прынесла, кагосьці яблыкам пачаставала, камусьці патэлефанавала – проста спытаць ці ўсё ў парадку, пры гэтым паспявала прытрымліваць дзверы мінакам, адказваць на арганізацыйныя пытанні і ўсміхацца – і ўсё гэта нон-стоп, проста сярод маштабнага мерапрыемства.

Таму першае пытанне, якое ўзнікае, калі я бачу Волю – Воля, чаму ты заўсёды такая шчаслівая і ўсмешлівая?

Я не заўсёды такая, – шчыра адказвае Воля, – але мяне натхняе разуменне, што Бог напаўняе ўсялякі недахоп дабра. Разумееш, калі чалавек раніць, альбо вядзе сябе не вельмі прыгожа, тады я прымаю рашэнне павярнуцца да Бога і сказаць: Госпад, вось я, а вось чалавек, мне балюча, аддаю Табе ўсё, бо Ты — маё багацце, мой здабытак. Калі практычна, то так: не адказаў чалавек вітаннем, значыць Бог прывітае, а я ўжо ў захапленні, бо гэта ж Бог! То бок стараюся заўсёды трымацца таго, што Бог — Госпад гэтага дня. І тады лягчэй. І Бог робіць цуд!

*****

Праз Волю Бог сапраўды робіць цуд – яе здольнасці збіраць вакол сябе людзей і арганізоўваць дапамогу іншым натхняюць. Гэта дар, які запальвае.

Неяк адной зімой, калі прыхапілі моцныя маразы, Воля дапамагала бяздомным – была вострая патрэба ў цёплай вопратцы. Яна напісала пост у сацсетках, хоць многія казалі, што гэта ня мае сэнсу – на бяздомных мала хто рэагуе і ніхто не дапаможа. Але ў Госпада быў іншы план. Пасля просьбы ў фэйсбуку пра сбор адзення для бяздомных, пачалася лавіна рэпостаў – больш за 1600. Людзі нават сталі пытацца пра краіну, куды дасылаць дапамогу – рэпосты дасягнулі еўрапейскіх краінаў.

Воля, ты вельмі дзейсная і творчая, але цікава як так атрымалася, што сярод мноства магчымасцяў ты выбрала менавіта валанцёрства і дапамогу бяздомным, састарэлым, сіротам?

– Быў час, калі я цалкам належала сваёй сям’і, – кажа Воля, – бо дзеткі былі малыя, я амаль 13 год правяла ў «дэкрэце». Асалода ад гэтага часу, вопыт, памяць таксама і пра цяжкасці – гэта тое, з чым прыйшла да разумення, што трэба пачынаць новае, бо ў дэкрэце ты не належыш сама сабе, а ты ёсць – твае патрэбы, твае мары, тое, што акрамя дзяцей і сям’і падымае цябе раніцай і надае моцы пражыць новы дзень.

І Воля проста вырашыла рабіць тое, што можа: дадалася ў арганізацыю дапамогі шматдзетным і прыёмным сем’ям, пачала арганізоўваць розныя мерапрыемствы, падзеі, дапамагала весці чат. Малодшаму сыну Эльдару тады быў год.

45147734_10155739562601080_4428823812955439104_n

– Карміла сваім малаком, трымала на руках і працавала так праз скайп: пісала, дамаўлялася, арганізоўвала… Не магла сядзець без справы. Патэнцыял за 13 год назбіраўся ого-го які (смяецца). Зразумела, што, калі перастану рабіць сваё, то, здаецца, разарве. Бог так рабіў, што з’яўляліся людзі, якім трэба была дапамога, а я з кожным разам разумела, что магу. Разумееце, магу! У мяне добра атрымліваецца, я бачу вынік, а гэта вельмі важна.

Глядзіш на Волю і захапляешся, з якой радасцю яна распавядае пра свае маленькія і вялікія перамогі – быццам бачыць перад сабой кожнага чалавека, якому змагла дапамагчы.

Зусім нядаўна Воля ў сваёй дзейнасці выйшла за межы сацыяльных праектаў і была адной з тых, хто распачаў ў Беларусі яшчэ больш маштабны праект – Дарога ў Віфлеем – ісцэніраванае аднаўленне дзён нараджэння Хрыста. За 9 дзён на праект прыйшло больш за 7000 чалавек.

– Тры, ці то чатыры гады таму я была ў Польшчы на такім праекце, – узгадвае Воля, – мяне закранула настолькі, што я стаяла і плакала. Гэта быў новы крок ў адносінах з маім Госпадам. Я пачала маліцца, у сэрцы гарэла жаданне зладзіць такі праект і на Радзіме. Сабралася каманда, мы раіліся, маліліся, думалі, як лепей здзейсніць нашу мару.

Праект атрымаўся грандыёзны, сапраўды. Месцамі працінала да слёз. У праекце ўдзельнічала больш за 20 цэркваў: поўнаевангельскія, пяцідзесятнікі, баптысты. Цэрквы нават мянялі час набажэнстваў, каб трапіць на рэпетыцыі, бо амаль ўся царква прымала ўдзел у праекце. Было пашыта каля ста касцюмаў, нават зрабілі мячы для цэнтурыёнаў.

49725111_2475550122477988_2976311911202684928_n

41603526_2292944857405183_4526003156038975488_n

З сацыяльным служэннем ты спраўляешся на выдатна, а што для цябе ў сям’і галоўнае, ты такая ж дзейсная з дзецьмі, з мужам, увесь час нешта для іх выдумляеш?

– Дом для нашай сям’і – гэта адпачынак. Мы з дзецьмі шмат размаўляем, гуляем ў настолкі, робім разам прыборкі, гатуем ежу, ездзім на роварах. Галоўнае для нас – разам. Зараз дзеці крыху падраслі і мы больш можам разам ездзіць ў прытулкі, дамы састарэлых. Па ўсіх сваіх справах мы стараемся ездзіць сям’ёй – гэта моц і натхненне, калі мы гарым адной справай.

У цябе вялікая сям’я – муж Дмітрый, дзеткі – Данііл, Валянцін, Сафія, Эльдар. А чаму імкнецеся навучыць сваіх дзяцей?

– У нас з мужам ёсць правіла наконт нашых дзяцей: мы павінны навучыць іх трымацца Госпада і быць самастойнымі. Вось так і рухаемся па жыцці. Дзеці побач, яны бачаць, што мы робім, дапамагаюць вельмі шмат. Гэта цудоўнае жыццё з Богам, сапраўды.

12932954_1731751253735211_5941787208993952317_n

А як ты сама прыйшла да Бога? Гэта быў просты шлях?

– Прыйшла да Бога… Ня ведаю канкрэтнай даты… Кропкі адліку не было… Я проста адчувала, што я – Яго, што не дарма нарадзілася, – кажа Воля, а далей смяецца і распавядае дзівосную гісторыю.

– Быў адзін час у дзяцінстве, калі я была зусім маленькая, то адчувала, што ёсць цар, які з’яўляецца маім сапраўдным татам і шукае мяне, каб перадаць мне сваю спадчыну. Я нават шукала дома дакуманты, што мяне ўдачарылі і сумавала – як гэта, у мяне ж такая цудоўная сям’я, як я змагу іх пакінуць. Чытанне Бібліі ўсё раставіла на свае месцы, стала зразумела, Хто той Цар і якую спадчыну Ён мае. Усё сышлося.

Сапраўды, усё сышлося. І далей па хадзе размовы выствятляецца, што і хрысцілі Волю ў знакавым месцы – у Жодзішках, дзе пэўны час служыў сам Вінцэнт Гадлеўскі.

– Цікава, што я дасканала памятаю, як мы падыходзілі да касцёла, дзе сядзеў ксёндз, быў рыжы, кучаравы, залатыя зубы памятаю, але добры твар такі і не страшна зусім было. Мне было 5 год, мы з матуляй сплаўляліся па Віліі і зайшлі ў адзін з касцёлаў, я тады была няхрышчаная. А ксёндз кажа – давай пахрышчу. Гэта была сярэдзіна 1980-ых ад вернікаў яшчэ шарахаліся. Ксёндз завёў нас у малы пакойчык, зачыніў агромністыя дзверы на клямку, прачытаў малітву, памятаю, як вада цякла па маім твары.

Дзівосная гісторыя з дачкой Цара, хрост у знакавым месцы – становіцца зразумелым, чаму Воля такая цудоўная.

А як ты зараз падмацоўваеш свае стасункі з Госпадам? Здараюцца дзівосы?

– Я цвёрда ўпэўнена, што калі маеш вочы, вушы і адчыненае сэрца – заўсёды будзеш ведаць, што скажа табе Госпад. Бо Ён адусюль размаўляе з намі, толькі трэба пачуць. Часта праз вобразы, праз сны, праз іншых людзей – я разумею, што гэта Ён размаўляе, накіроўвае, падказвае. Гэтага не пераблытаеш.

Размаўляла Вольга Севярынец

Фота з асабістага архіва

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі