ПАСХА. 5 рэчаў, пра якія павінен ведаць кожны

Першае

Упершыню Пасху ізраільскі народ адсвяткаваў напярэдадні свайго выйсця з Егіпта. Бог праз Майсея даў выразныя ўказанні пра тое, як яе святкаваць, што есці і што трэба зрабіць. Напрыклад, галоўным атрыбутам святкавання з’яўлялася тое, што кожная сям’я павінна была закалоць першароднае ягня і яго крывёй памазаць вушакі дзвярэй сваіх хат, якія яны павінны былі пакінуць у бліжэйшую ноч. Рабілася гэта ўсё для таго, каб анёл-губіцель, які павінен быў прыйсці для выканання дзясятай кары смерцю на егіпцянаў, абмінуў іх дамы.

Другое

Трэба адзначыць, што Ізраіль пачаў адзначаць першую Пасху да таго, як яны выйшлі з Егіпта, і нават да таго, як яны атрымалі дазвол на выйсце ад Фараона. Не было ніякіх гарантый выйсця, яны яшчэ знаходзіліся дэ-факта ў рабстве, але Майсей загадаў ужо рыхтавацца і святкаваць.

Сутнасць першай Пасхі была такая: святкаваць перамогу, калі ў фізічным свеце яшчэ не бачна выніку.

Трэцяе

Слова Пасха, на габрэйскай мове — Пэйсах, на ангельскай — Passover, даслоўна перакладаецца як «мінаць». Менавіта ў тую ноч анёл-губіцель ішоў і вынішчаў першародных у Егіпце, а тыя дамы, вушакі дзвярэй якіх былі памазаныя крывёй ягняці, ён абыходзіў. Уявіце сабе, што калі нейкая габрэйская сям’я не паслухалася Майсея і не памазала вушакі дзвярэй крывёй ягняці, тады губіцель заходзіў і ў іх дом. І, наадварот, калі хто з егіпцянаў паверыў Майсею і святкаваў, памазаўшы вушакі дзвярэй крывёй ягняці, то анёл-губіцель праходзіў міма іх дома. Крытэр, па якім анёл-губіцель вызначаў у які дом заходзіць, а ў які не, вызначаўся не нацыянальнасцю, а наяўнасцю крыві ягняці на вушаках дзвярэй дамоў.

Пасха гэта абарона і заступніцтва, якое залежыць ад паслухмянства, а не ад тваіх добрых спраў ці грамадскага становішча.

Чацвёртае

Так атрымалася, што Ісус Хрыстос уваскрос на габрэйскае свята Пасхі. Можна падумаць, што гэта было супадзенне, але я веру, што гэта быў Боскі план. Для нас хрысціянаў з уваскрасеннем Хрыста Пасха набывае новы сэнс. 1 Карынфянам 5:7. Бо Пасха наша, Хрыстос, забіты за нас. Сёння кожны чалавек, які абмыты крывёй Хрыста, знаходзіцца пад Яго боскай абаронай.

Як некалі губіцель праходзіў міма тых, чые вушакі дзвярэй былі памазаныя крывёй ягняці, гэтак і сёння многія беды і пакуты мінуць тых, хто памазаны крывёй Хрыста.

Мы павінны заўсёды пра гэта памятаць: Пасха гэта калі губіцель праходзіць міма памазаных крывёй!

Пятае

Сёння большасць людзей у нашых краінах святкуе Пасху, але мала хто ведае праўдзівае яе значэнне. У тую фатальную ноч, калі ішоў анёл-губіцель, то людзей не ратавала тое, што яны былі набожныя, ніколі не кралі, не пілі ці былі стараннымі грамадзянамі. Вы нават уявіць сабе не можаце, колькі тады загінула добрых егіпцянаў!

Бог даў тым людзям адну адзіную ўмову для выратавання: кроў аднагадовага ягняці на вушаках дзвярэй свайго дома.

Сёння, як і тады, незалежна ад нацыянальнасці, фінансавага становішча і адукацыі, адзінай умовай для выратавання з’яўляецца кроў новага Ягняці Ісуса Хрыста.

Аўтар Раман Савачка

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі