Валанцёры Вайсковых могілкаў звярнуліся да сваякоў пахаваных

Валанцёры Вайсковых могілкаў звярнуліся з алкрытым лістом да грамадзянаў, чые блізкія пахаваныя на Вайсковых могілках г. Мінска (Казлова, 11).

Публікуем тэкст ліста:

«Шаноўныя сваякі! Звяртаемся да вас з просьбай. Хутка Радаўніца, лета, вы прыйдзеце на адведзіны сваіх блізкіх. Магчыма, супрацоўнікі Спецкамбіната, які ўтрымлівае парадак на Вайсковых могілках, пачнуць вам распавядаць, што вы мусіце замяніць помнік, агароджу, бо паводле новага закона яны не адпавядаюць нормам. Дык вось, гэта няпраўда. Закон зваротнай сілы не мае. Паводле паправак, унесеных у Закон аб пахаваннях у 2015 годзе, Вайсковыя могілкі – закрытыя, а таму новыя нормы там не дзейнічаюць. Пагадзіцеся, было б дзіўна, каб на могілках XIX стагоддзя дзейнічалі нормы 2015 года.

«Надмогильные сооружения, устанавливаемые на участке для захоронения, должны соответствовать требованиям технических нормативных правовых актов и не превышать размер предоставленного участка» – новыя, тыя, што ўсталёўваюцца, а не пастаўленыя 30-200 гадоў таму.

Усё мінулае лета мы працавалі, даглядалі магілы чужых нам людзей, каб захаваць гэты помнік гісторыі. Вайсковыя могілкі — гісторыка-культурная каштоўнасць, агульны від якой складаецца з помнікаў, агароджаў і дрэваў. Калі будуць змененыя ўсё старыя надмагіллі на новыя, гістарычнага выгляду Вайсковых не застанецца. Старыя помнікі і агароджы ўнікальныя і, галоўнае, непаўторныя. Калі ласка, калі няма пільнай патрэбы ў замене, калі крыж не валіцца і помнік не абсыпаецца, пакіньце яго ў першатковым выглядзе. Такім, як яго ставілі вашыя бацькі ці дзяды.

Людзі ездзяць паглядзець на Лічакоўскі цвінтар, на Навадзевіч’е, бо яны старыя і прыгожыя. Калі ласка, дапамажыце нам захаваць свой стары някропаль у горадзе Мінску.

Валанцёры Вайсковых могілкаў»

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі