Іранца Мехрдада Джамшыдзіяна выпусцілі з-за кратаў, але прымушаюць пакінуць Беларусь

14 траўня іранца Мехрдада Джамшыдзіяна выпусцілі з-за кратаў. Ён правёў у ізалятары 11 месяцаў.

Яго справа была вернутая ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі на перагляд. Суд Маскоўскага раёна Мінска адмяніў прымусовую дэпартацыю іранца.

Паводле звестак праваабарончай арганізацыі Human Constanta, 14 траўня АГІМ прыняў рашэнне пра добраахвотную высылку Джамшыдзяна за межы Беларусі. У яго ёсць тры месяцы на тое, каб пакінуць нашу краіну.

«Гэта фактычна азначае, што Мехрдад павінен якім-небудзь чынам за тры месяцы знайсці краіну, якая пагодзіцца яго прыняць. Пры гэтым ні суд, ні аддзел па грамадзянстве і міграцыі не ўлічваюць некалькі важных акалічнасцяў: права на сям’ю, шчыльныя сувязі Мехрдада з Беларуссю, праблемы са здароўем як Мехрдада, так і яго жонкі, а таксама адсутнасць матэрыяльнай і юрыдычнай магчымасці пераехаць у іншую краіну», — адзначаюць праваабаронцы.

Яны звяртаюць увагу на тое, што іранец з сям’ёй жыве ў Беларусі амаль 25 гадоў і не мае такіх шчыльных сувязяў ні з адной іншай краінай. За час зняволення мужчына перанёс інфаркт, а яго жонка перажыла аперацыю праз анкалагічнае захворваннеі. Сям’ю забяспечваюць дзве дачкі, якія не маюць фінансавай магчымасці пераехаць у іншае месца.

Іранскія ўлады патрабуюць выдаць Джамшыдзяна, якога падазраюць у забойстве маці і роднага брата. Але праваабаронцы лічаць гэтае патрабаванне толькі нагодай для выдачы, бо на радзіме мужчыне пагражае смяротная кара за прыняцце хрысціянства.

Крыніца euroradio.fm

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі