У Віцебску развіталіся са святаром, якому не дазволілі служыць у Беларусі

У катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску развіталіся з ксяндзом Паўлам Кнурэкам, які вымушаны вярнуцца ў Польшчу, бо беларускія ўлады не дазволілі яму працягнуць святарскае служэнне ў Беларусі.

Нягледзячы на петыцыю вернікаў парафіі Упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка не ўзгадніў запрашэнне ксяндза, які з’яўляецца грамадзянам Польшчы, для рэлігійнай дзейнасці ў Беларусі.

12 мая кс. Павел Кнурэк адслужыў у Беларусі апошнюю Імшу. Развітацца са святаром прыехалі яго былыя парафіяне з Лынтупаў, таксама на Эўхарыстыі прысутнічаў біскуп Алег Буткевіч.

Ксёндз заклікаў вернікаў адносіцца да крыўды і не справядлівасці, якую выказалі да яго беларускія ўлады, па хрысціянскі. Пры гэтым ён выказаўся, што не прыгадвае за сабой дзеянняў, з-за якіх яму б маглі забараніць служыць у Беларусі.

У сваю чаргу біскуп Буткевіч адзначыў, што дадзеная сітуацыя выклікае ў яго непаразуменне: «Я не ведаю, што адбываецца. Напэўна можна сказаць адно, гледзячы на гэтую сітуацыю — шкада, але камунізм у нас яшчэ ня скончыўся, бо і дагэтуль святарам не даюць магчымасці працаваць на карысць Бога і краіны. Штосьці нядобрае ў нас адбываецца…»

Пры гэтым ён сказаў шмат цёплых слоў пра кс. Паўла Кнурэка і прызнаўся, што быў шчаслівы мець такога святара ў дыяцэзіі.

Крыніца catholicnews.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі