Міліцэйскія паборы з цэркваў адмененыя

Як паведамляе сайт Catholic.by, 20 траўня Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі атрымала адказ міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігара Шуневіча адносна аплатаў за паслугі спецыяльных службаў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў.

«Нагадаем, што 24 студзеня Савет міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 49 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюць органы ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавых мерапрыемстваў».

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звярнулася ў Савет міністраў з пытаннем, ці гэтая пастанова датычыцца таксама правядзення рэлігійных масавых мерапрыемстваў — працэсій, пілігрымак і іншых абрадаў і цырымоній з удзелам вернікаў.

У адказе з боку ўрада, падпісаным 15 мая міністрам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігарам Шуневічам, сказана, што дзеянне вышэйзгаданай пастановы не распаўсюджваецца на рэлігійныя мерапрыемствы.

У лісце ўдакладняецца, што гаворка ідзе пра ўсе рэлігійныя мерапрыемствы, якія адбываюцца ў культавых будынках, пабудовах і на тэрыторыях, якія да іх адносяцца, у іншых месцах, прадастаўленых рэлігійным арганізацыям для гэтых мэтаў, у месцах пілігрымак, на могілках, у крэматорыях або па рашэнні выканаўчых і распарадчых органаў улады. На думку міністра, такім чынам заканадаўчымі актамі ў дастатковай ступені створаны ўмовы для арганізацыі і правядзення разнастайных рэлігійных мерапрыемстваў.» — піша Catholic.by.

У сваю чаргу, яшчэ ў красавіку Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя абвясціла масавы збор подпісаў з патрабаванне адмяніць міліцэйскія паборы з цэркваў і наогул скасаваць пастанову Саўміна №49.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі