Духоўнае святло базыльянаў

Царква_Святога_Духа_Мінск
Царква Святога Духа ў Мінску

На развіццё беларускай культуры ХVI-ХVIII моцна стагоддзяў паўплывала дзейнасць Oрдэна базыльянаў (Ordo Sancti Basilii Magni) — манаскага ордэна Уніяцкай Царквы.

У цэнтры Мінска, ператвораная ў канцэртную залю, узвышаецца царква Святога Духа, якая была пабудавана ў сярэдзіне ХVII стагоддзя і служыла мужчынскаму і жаночаму кляштарам базыльянаў.

На Беларусі ў кляштарах базыльянаў захоўваліся найбольш шанаваныя абразы Маці Божай: Жыровіцкі, Мінскі, Супрасльскі, Каложскі. Манахі-базыльяне перапісвалі кірылічныя рукапісы, стваралі арыгінальныя творы на старабеларускай мове, развівалі музыку, якая суправаджала набажэнствы, у тым ліку, арганную.

Ордэн базыльянаў сёння дзейнічае на тэрыторыі Ўкраіны. “Кожны базыльянін пакліканы да апостальскай дзейнасці, якая праяўляецца праз прапаведанне і катэхізацыю, праз апеку над парафіямі і школамі, у народных місіях, рекалекцыях для міранаў, праз друк і іншыя сродкі камунікацыі”, — напісана ў статуце ўкраінскіх базыльянаў.

page-76-logo21
Герб Ордэна базыльянаў

Пра дзейнасць Ордэна базыльянаў на Беларусі мы пагаварылі з кандыдатам культуралогіі Алесем Сушам, які прысвяціў шмат артыкулаў і дысертацыйную працу культурнай спадчыне Грэка-Каталіцкай Царквы і, ў прыватнасці, вывучэнню і захаванню культурнай спадчыны Ордэна базыльянаў.

— Супольнасць базыльянаў шмат зрабіла для культуратворчага працэсу ў Беларусі. Мне давялося папрацаваць з кнігазборамі базыльянаў, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Іх кнігі з’яўляюцца цікавай крыніцай для вывучэння гэтай манаскай супольнасці. Давялося паездзіць па закінутых і напаўразрабаваных кляштарах, вывучаць спадчыну ў палявых умовах. Пашчаслівілася папрацаваць у архівах і бібліятэках за мяжою, шукаючы культурныя артэфакты, створаныя манахамі Ордэна базыльянаў. Атрымалася абагульніць інфармацыю, якая ўжо існавала ў інфармацыйнай прасторы Беларусі, і адшукаць шмат новага, папрацаваць з Полацкімі і Аршанскімі, Віцебскімі і Талачынскімі зборамі базыльянаў.

Гісторыя самога Ордэна бярэ свае вытокі ад грэчаскіх манастыроў на тэрыторыі паўднёвай Італіі і Сіцыліі. Грэкі, якія масава беглі ад пераследу на тэрыторыі колішняй Візантыйскай імперыі, траплялі на тэрыторыю Італіі і Сіцыліі, пераязджалі і сяліліся цэлымі манастырамі. У I тысячагодзі нашай эры яны пачалі гуртавацца. У ХIII-ХIV стагоддзі пачаўся працэс іх афармлення ў ордэнскую структуру. Была нешматлікая колькасць манахаў, яны па крысе лацінізаваліся, большасць з іх сталі католікамі і згубілі практыку карыстання грэчаскай мовай. Да нашага часу дзейнічае манастыр у Гротаферата, які працягвае заставацца духоўным цэнтрам старажытных базыльянаў у Італіі.

Падзеяй, якая дала штуршок развіццю Ордэна базыльянаў на Беларусі, была Берасцейская царкоўная ўнія і падзеі пачатку ХVII стагоддзя, калі дзякуючы намаганням Язэпа Руцкага і Язафата Кунцэвіча, двух маладых манахаў, якія у той час гуртаваліся ў Віленскім Траецкім старажытным манастыры, быў створаны першы статут Ордэна базыльянаў.

pokrov_church1_e56 (1)
Талачынскі манастыр базыльянаў

Ён грунтаваўся і на статуце Васіля Вялікага, і на практыцы ўсходняга манаства. Язафат Кунцэвіч выкарыстоўваў практыкі ісіхазма і іншыя ў сваім манаскім жыцці. З іншага боку былі выкарыстаны і заходнія практыкі Ордэнаў кармелітаў і езуітаў, якія лічыліся на той час перадавымі. У 1617 годзе, на Наваградскай кангрэгацыі Ордэн базыльнаў быў створаны пяццю беларускімі манастырамі. Протараахімандрытам ордэна быў прызнаны Язэп Руцкі. У 1624 годзе кангрэгацыя прапаганды веры зацвердзіла Ордэн, і ў 1631 годзе булай Папы Рымскага ён быў юрыдычна замацаваны.

Асноваю, сэрцам Ордэна была беларуская зямля. Большасць протаархімандрытаў былі выхадцамі з беларускіх земляў, большасць генеральных капітулаў праходзілі на Беларусі. Пераважная большасць іх адбывалася альбо ў Вільні, альбо ў Жыровічах, альбо у Наваградку. Ордэнам кіравалі протаархімандрыты, у заходняй практыцы іх называлі генераламі Ордэна. Яна былі падначаленыя Рыму.

Так на беларускіх землях паўстаў Ордэн базыльянаў, якія аб’яднаў беларускія манастыры,беларускіх дзеячаў і протаархімандытаў, якія потым пераязджалі ва Ўкраіну, Літву, Латвію, і традыцыя працягвалася. Беларуская зямля нараджала актыўных праваднікоў базыльянскай традыцыі. Адным з такіх дзеячаў стаў Якуб Суша, які нарадзіўся ў Мінску ў 1610 годзе. Ён пэўны час узначальваў Холмскую епархію і быў адным з кіраўнікоў Ордэна базыльянаў, аказаў уплыў на развіццё беларускай і ўкраінскай культуры, распавёў спадар Алесь Суша.

SAM_5278 (1)
Алесь Суша і Уладзімір Ліхадзедаў

У ХІХ стагоддзі базыльянскія манастыры, якія апынуліся ў Расеі, былі зачыненыя ці ператвораныя на праваслаўныя. Пасля I сусветнай вайны дзейнасць базыльянскіх манастыроў аднавілася ў межах тагачаснай Польшчы. Пасля Другой сусветнай вайны ў краінах сацыялістычнага блока афіцыйная дзейнасць Ордэна была перапыненая. Паўсюль, за выключэннем Польшчы, Чын вымушаны быў сысці ў падполле. На працягу многіх гадоў базыльяне выхоўваліся, маліліся і дзейнічалі як свецкія людзі.

Многія манахі былі рэпрэсаваныя, асуджаныя ў высылку і турмы. Многія базыльяне ва Ўкраіне, у Чэхаславакіі, у Румыніі і Венгрыі загінулі за свае рэлігійныя перакананні. У 2001 г. пяць базыльян былі бэатыфікаваныя. Цяпер праводзіцца бэатыфікацыйны працэс яшчэ шэрага базыльян.

Гутарыла Эла Дзвінская

На здымках:

Герб Ордэна базыльянаў

Царква Святога Духа ў Мінску

Талочынскі манастыр базыльянаў

Алесь Суша і Уладзімір Ліхадзедаў

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі