Сумны званок для БАПЦ…

святаслаў

Днямі на афіцыйным сайце Праваслаўнай Царквы Украіны з’явілася паведамленне прэс-службы, якое прайшло амаль незаўважаным беларускімі рэлігійнымі СМІ. Аднак ягоны змест ёсць вельмі знакавым для Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ды ставіць яе кананічнае існаванне пад вельмі вялікае пытанне. Дык што ж адбылося? Звернемся да самога дакументу.

«У сувязі з распаўсюджваннем у праваслаўнай царкве абвінавачванняў замежных СМІ 25 мая 2019 г. аб удзеле ў літургіі сярод больш чым 150 клірыкаў архімандрыта Барыса, які цяпер належыць да непрызнанай Усяленскім Патрыярхатам юрысдыкцыі ў Чарнагорыі, паведамляем наступнае. Перад тым, як прыняць Патрыярхальны і Сінадальны томас аб аўтакефаліі, Царква ва Украіне мела дыялог з тымі, хто сярод праваслаўных хацеў мець зносіны з ёй. Прымаючы томас, Праваслаўная Царква Украіны мае і падтрымлівае царкоўна-кананічную сувязь з Усяленскім Патрыярхатам і толькі з Цэрквамі, з якімі мае еўхарыстычную еднасць Усяленскі Патрыярхат».

Здаецца, што дадзены дакумент не мае ніякіх адносінаў да БАПЦ, але гэта не так. Дадзенае паведамленне ёсць досыць сумным званком для яе як юрысдыкцыі, калі не будуць ужытыя пэўныя захады. Для разумення праблемы разгледзім яе больш падрабязна.

Любая Праваслаўная Царква мусіць мець для свайго нармальнага існавання двух, а лепш трох кананічных архірэяў, бо новага епіскапа па канонах рукапакладаюць не менш як два дзейныя епіскапы. Не ўдаючыся ў гісторыю, адзначым, што пасля шматлікіх падзелаў, расколаў, а таксама смерці мітрапалітаў Мікалая (Мацукевіча) і Ізяслава (Бруцкага) БАПЦ апынулася без свайго епіскапату. Новы кіраўнік БАПЦ, архіепіскап Святаслаў (Логін) быў пастаўлены іерархамі УАПЦ ды УПЦ КП. І хоць гэтая хіратонія, у святле апостальскай пераемнасці ды кананічнай правамоцнасці, выклікае багата пытанняў, але яна дала магчымасць працягнуць кананічнае існаванне БАПЦ. Разам з тым, дадзенае рукапакладанне «намёртва» прывязала БАПЦ да ўкраінскіх праваслаўных юрысдыкцый, бо новыя архірэйскія хіратоніі магчымы толькі з тымі епіскапамі, які ўваходзяць у УПЦ КП (УАПЦ) або маюць з імі еўхарыстычную еднасць. І вось тут мы маем вельмі сур’ёзную, практычна невырашальную праблему ў справе аднаўлення ці (або) павелічэння свайго епіскапату:

1. На сёння ў свеце (па-за Украінаю) не засталося епіскапату, які б меў прамую ды кананічна «чыстую» лінію хіратоній ад старой УАПЦ (узору 1942 г.) або сучасных украінскіх УПЦ КП (УАПЦ). Частка гэтых епіскапаў перайшла ў Канстанцінопальскі патрыярхат або іншыя кананічныя праваслаўныя юрысдыкцыі (напрыклад – Сербскую Праваслаўную Царкву), а частка проста памерла. Яшчэ некалькі епіскапаў былі забароненыя ў служэнні ці пазбаўленыя сану ўласна УПЦ КП (УАПЦ) і не могуць быць прыцягнутыя да супрацы з БАПЦ, калі яна сапраўды хоча дасягнуць прызнання з боку Канстанцінопальскага Патрыярхату.

2. Пасля Кіеўскага аб’яднаўчага сабору ды надання Праваслаўнай Царкве Украіны томасу аб аўтакефаліі яна ўвайшла ў кананічнае прававое поле Усяленскага Праваслаўя. І нават пры ўсёй прыхільнасці да БАПЦ ніколі не будзе ані рукапакладаць для яе епіскапат, ані нават саслужыць з яе архірэем і святарамі (аб чым, уласна, і гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ПЦУ). Тыя ж з епіскапаў былой УАПЦ або УПЦ КП, хто не далучыўся да ПЦУ або адыдзе (адышоў) ад яе, згубілі сваю архірэйскую годнасць, а здзейсненыя імі хіратоніі, асабліва епіскапаў, не будуць прызнавацца Усяленскім Патрыярхатам. Пры гэтым, далучыцца да ПЦУ ў БАПЦ таксама не атрымаецца, бо томас абмяжоўвае яе кананічную тэрыторыю выключна Украінаю і яна не мае права мець замежныя епархіі або парафіі.

3. Праз «украінскі прэцэдэнт» надання аўтакефаліі тыя Праваслаўныя Цэрквы, якія жадаюць яе атрымаць (найперш – Чарнагорская і Македонская) ад Усяленскага Патрыярха, ніколі не будуць супрацоўнічаць з БАПЦ у справе хіратоніі новых архірэяў, бо яна (БАПЦ) дзее на кананічнай тэрыторыі Канстанцінопальскага Патрыярхату (дыяспара знаходзіцца пад амафорам Канстанцінопаля, а Беларусь – частка кананічнай тэрыторыі Кіеўскай мітраполіі Канстанцінопальскага патрыярхату).

Такім чынам, з усяго вышэй выкладзенага бачым, што БАПЦ мае толькі два шляхі свайго развіцця: а) канчаткова сысці на маргінэс, далучыцца да тых праваслаўных груп, якія не шукаюць і (або) ніколі не атрымаюць прызнання Канстанцінопальскага патрыярхату. Фактычна гэта азначае смерць БАПЦ нават як носьбіта ідэі Беларускай Аўтакефаліі; б) шукаць шляхі вяртання ў кананічнае поле Усяленскага Праваслаўя.

Што можна ды неадкладна патрэбна зрабіць?

Адзіным шляхам выжывання БАПЦ ды яе карысці для Беларусі ёсць шлях прыяднання да Канстанцінопальскага Патрыярхату ў якасці асобнай мітраполіі. Пажадана – з захаваннем сваёй назвы. На падобны выратавальны крок свайго часу пайшлі ўкраінцы дыяспары (сучасныя УПЦ у ЗША і Украінская Грэка-Праваслаўная Царква Канады). Гэтакі крок дазволіць адразу вырашыць некалькі праблем, а менавіта забяспечыць кананічную пераемнасць беларускага праваслаўнага епіскапату па-за РПЦ, і легалізаваць сваіх святароў як клірыкаў Канстанцінопальскага Патрыярхату. У такім статусе яны змогуць саслужыць з усімі Праваслаўнымі Цэрквамі (акрамя Маскоўскага Патрыярхату), у тым ліку – з Праваслаўнай Царквой Украіны.

Мы свядомыя таго, што для выратавання БАПЦ яе епіскапу ды святарам прыйдзецца адкінуць пэўныя ўласныя амбіцыі ды пэўныя догмы. Але іншага шляху проста няма. Таму ўсім, хто лічыць сябе вернікам БАПЦ або яе падтрымлівае, варта задумацца і пачаць дзеяць.

прат. Сяргей Горбік (ПЦУ)

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі