Кампанію “Беларусізуем 3000 цэркваў!” падтрымалі гісторык Уладзімір Арлоў і паэт Уладзімір Някляеў

Гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў і паэт Уладзімір Някляеў выступілі ў падтрымку кампаніі “Беларусізуем 3000 цэркваў!”, мэтай якой ёсць выданне і распаўсюд 150 найлепшых беларускамоўных хрысціянскіх спеваў па ўсіх цэрквах Беларусі.

Нагадаем, на краўдфандынгавай платформе “МолаМола” ідзе збор сродкаў на кампанію.

“Беларускі хрысціянскі хіт” — музычная серыя, якая была заснаваная ў 2008 годзе. На працягу дзесяці гадоў праваслаўны Павел Севярынец, пратэстантка Валянціна Шычко і каталічка Вольга Севярынец сабралі і выдалі больш за 150 найлепшых беларускіх хрысціянскіх спеваў. Спярша былі «Хрысціянскія гімны» (2008), «Хіты праслаўлення» (2009), зборнік калядных хітоў «Хрыстос нарадзіўся!» (2009), велікодных «Хрыстос уваскрос!» (2010), складанкі «Бардаўскі хрысціянскі хіт» (2010) і «Беларускі пілігрымскі хіт» (2014), затым – альбом патрыятычных хітоў “Люблю Беларусь” (2016) і «Беларускі хрысціянскі рок” (2018).

Канцэпцыя серыі была простая: найлепшыя хрысціянскія спевы розных канфесіяў па-беларуску. Кожны дыск пачынаўся беларускім духоўным гімнам «Магутны Божа» ў розных выкананнях, большасць заканчвалася спеўнай малітвай «Ойча наш». Для кожнага зборніка папярэдне набіралася 30—40 кампазіцыяў, з якіх фокус-групы (супольнасці вернікаў па 7-10 чалавек з розных рэгіёнаў) адбіралі 20 найбольш моцных.

У «Беларускім хрысціянскім хіце» ўдзельнічаюць Зміцер Вайцюшкевіч і Вінсэнт, Алеся Унукоўская і «Тэзаўрус», «Небасхіл» і «Laudans», Інэса Леаданская і Андрусь Мельнікаў, «Псальмяры» і «DVA», Ганна і Ядвіга Багдановічы, Вадзім Яткоўскі і “Рыбы”, а таксама шмат іншых вядомых выканаўцаў.

Сярод аўтараў тэкстаў “Беларускага хрысціянскага хіта” – Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Янка Купала, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Лявон Вольскі.

Падтрымаць кампанію можна тут.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі