У ЗША будзе створаны Міжнародны альянс па свабодзе веравызнання

У сталіцы ЗША на ініцыятыву Дзяржаўнага сакратара Майкла Пампэа прайшла другая Міністэрская канферэнцыя ў абарону свабоды веравызнання. Дзясяткі міністраў, прадстаўнікі 115 краінаў і больш тысячы рэлігійных лідэраў сабраліся разам дзеля таго, каб падтрымаць свабоду веравызнання, уцісканую ў розных кутках планеты.

Ядро запрошаных склалі хрысціяне: каталікі, пратэстанты, праваслаўныя з усяго свету. Сярод заўважных фігураў удзел у працы канферэнцыі ўзялі Каліста Гінгрыч, амбасадар ЗША ў Ватыкане, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра Надзя Мурад, пастар Эндру Брансан, нядаўна вызвалены пасля двухгадовага увязнення ў Турцыі.

Удзельнікаў канферэнцыі прыняў у Белым доме прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Крытыка, што прагучала на канферэнцыі, найперш тычылася камуністычнага Кітая, КНДР, некаторых ісламскіх рэжымаў.

Па выніках канферэнцыі ЗША і Святы прастол, дзве найбольш уплывовыя дзяржавы ў хрысціянскім свеце, дамовіліся пра больш моцную каардынацыю ў справе абароны свабоды веравызнання. Майк Пампэа абвясціў таксама пра стварэнне Міжнароднага альянсу па свабодзе веравызнання, які зробіць пытанне пераследу адным з галоўных прыярытэтаў для краін усяго свету.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі