Хросны ход да 180-годдзя скасавання Вуніі пройдзе ад Берасця да Полацка

Як паведамляе сайт Беларускай Праваслаўнай Царквы, 2 жніўня з Берасця, Свята-Афанасьеўскага манастыра стартуе хросны ход, прымеркаваны да “75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” і адначасова – да “180-годдзя уз’яднання беларускіх вуніятаў з Праваслаўнай царквой”.

Хросны ход пройдзе праз Пружаны, Жыровічы, Карэлічы, Заслаўе, Докшыцы і завершыцца ў Свята-Ефрасіннеўскім манастыры ў Полацку. Агулам крыжаходцы пераадолеюць пешшу 620 кіламетраў.

Мерапрыемства прасякнута відавочным сімвалізмам: пачатак шляху з горада заключэння Вуніі 1596 года, з манастыра, названага ў гонар святога Афанасія Філіповіча, забітага за супраціў вуніяцтву, праз ключавыя праваслаўныя святыні Жыровічаў і Заслаўя – да месца правядзення Полацкага сабору 1839 года.

Прычына хроснага ходу ў той частцы, што тычыць вуніі, для Беларусі застаецца балючай і спрэчнай.

Вядома, што ў лютым 1839 года ў Полацкай Сафіі адбыўся сабор, дзе шэраг вуніяцкіх іерархаў на чале з Іосіфам Сямашкам пад ціскам уладаў Расійскай імперыі абвясцілі пра “уз’яднанне” вуніцкай царквы з маскоўскім праваслаўем. Наступствам Полацкага сабору стала жорсткая кампанія прымусовага пераводу грэка-каталіцкіх парафіяў у праваслаўе, у выніку якой больш мільёна вуніятаў перайшлі ў Рыма-каталіцкі Касцёл, і паклалі пачатак масавай беларускай плыні ў рыма-каталіцкай канфесіі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі