Адзначым 5 гадоў “Крыніцы.інфо” разам!

6 жніўня спаўняецца 5 гадоў з часу афіцыйнага запуску хрысціянскага інфармацыйнага парталу “Крыніца.інфо”. 6 жніўня 2014 года, у гадавіну выхаду з друку Бібліі Скарыны, міжканфесійная інфармацыйная пляцоўка з шэрагам сервісаў і медыяпраектаў перайшла ад тэставай версіі да працоўнай – і пачала выходзіць на ўзровень сродка масавай інфармацыі.

За гэты час былі ў “Крыніцы” і ўзлёты, і падзенні. Былі і тысячы штодзённых наведнікаў, і шматлюдная рэдакцыя, былі спонсары і канкурэнты, былі і часы, калі каманда апыналася ў даўгах і месяцамі цягнула працу без капейкі. Зараз “Крыніца.інфо” – валанцёрскі медыяпраект, які робяць некалькі веруючых энтузіястаў усіх трох хрысціянскіх канфесіяў. Бруіць, як і належыць крыніцы інфармацыі, абнаўляецца, чытаецца, а значыць – жыве.

Такім чынам, у аўторак 6 жніўня а 18.00 на офісе Беларускай Асацыяцыі Журналістаў (Кальварыйская 16 — 265) пачнецца ўрачыстая вечарына да 5-годдзя “Крыніцы.інфо”.

Апроч урачыстай часткай, плануецца і мазгавы штурм на тэму развіцця і пашырэння “Крыніцы.інфо”.

Чакаем заснавальнікаў, аўтараў і рэдактараў “Крыніцы”, чакаем чытачоў і валанцёраў, усіх, каму цікавая беларуская міжканфесійная хрысціянская пляцоўка на двух мовах.

Гарантуем гарбату, каву, пірог, торцік, ажыўленую дыскусію і мноства цікавых прапановаў!

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі