Барацьба супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Некаторыя негатыўныя рэфлексіі

images_cms-image-000022336

Смяротнае пакаранне. Фота: inform-progulka.by

У канцы ліпеня 2019 г. Віцебскі абласны суд прысудзіў да “вышэйшай меры пакарання 50-гадовага Віктара Паўлава за падвойнае забойства. Гэта падзея выклікала новую хвалю дыскусій аб законнасці ды мэтазгоднасці падобнай нормы Крымінальнага кодэксу Беларусі. І хоць як хрысціянін ды праваслаўны святар, выступаю супраць будзь-якога забойства, але некаторыя аргументы праваабаронцаў, актывістаў кампаніі “За забарону смяротнага пакарання” выклікаюць досыць супярэчлівыя, нават негатыўныя рэфлексіі. Паспрабую выказаць некаторыя каментарыі ды меркаванні.

І. Сітуацыйнасць

Найбольш тыя, хто сёння выступае супраць смяротнага пакарання, аргументуюць сваю пазіцыю недаверам да праваахоўных структур Рэспублікі Беларусь (МВС, КДБ, Пракуратуры, Судоў), а таксама хуткім выкананнем прысудаў. Але гэта, на наш погляд, вельмі сітуацыйны падыход, бо ён ёсць вынікам ацэнкі існуючай палітычнай сістэмы ды можа страціць свой сэнс пасля яе змены. Фактычна людзі, якія апелююць гэтым фактарам, выступаюць не супраць смяротнага пакарання як такога, а супраць яго прысутнасці ў дзяржаве, дзе адсутнічаюць грамадзянскія правы.

Другім вельмі распаўсюджаным аргументам ёсць тое, што пажыццёвы або вельмі вялікі тэрмін – гэта значна больш жорсткае пакаранне за расстрэл. Сапраўды, пенітэнцыярная сістэма Беларусі сёння адносіцца да тых, якія вызначаюцца міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі як “катаванні”, і асабліва гэта стасуецца пажыццёва зняволеных. Таму гэтакі падыход некаторых праціўнікаў смяротнага пакарання нам цяжка назваць хрысціянскім, ці нават такім, які выплывае з турботы за годнасць чалавека як стварэння Боскага.

Разам з тым умовы адбывання пакарання для пажыццёва зняволеных, а таксама тых, хто асуджаны на вялікія тэрміны за забойства, у краінах Еўропы непараўнальна лепшыя.

Так, нарвежац Андерс Брэйвік, які забіў 77 чалавек, адбывае сваё пакаранне ў трохпакаёвай камеры,  якая складаецца з спальні, пакою для вучобы з кампутарам (без доступу ў інтэрнэт), санвузла і пакою са спартыўным трэнажорам. У няволі у забойцы ёсць магчымасць весці перапіску ды нават вучыцца. Ён завочна скончыў універсітэт у Осла, аддзяленне паліталогіі, і напісаў мемуары. Таксама мае нават “водпуск” для наведвання з’ездаў сваёй партыі. У акруговым судзе Осла ён ужо дамогся выплаты 331 тыс. нарвежскіх крон ($ 40 тыс.). Гэта кампенсацыя за тое, што яму па два дні не мянялі меню, разагравалі ежу ў мікрахвалёўцы, падавалі да абеду пластмасавыя відэльцы і нажы, нязручныя для мясных страў, а кава адзін раз была халоднаю…

Звычайна, прыведзены вышэй прыклад – гэта выява максімальнага лібералізму, але й у іншых развітых краінах ЕС, напрыклад у Германіі або Францыі, умовы адбывання пакарання не на шмат горшыя, уключаюць доўгатэрміновыя сустрэчы з роднымі ды іншае, цалкам гуманнае абыходжанне з асуджанымі за цяжкія злачынства.

Цікава, што барацьба супраць смяротнага пакарання практычна ва ўсіх краінах Еўропы адбывалася “ў камплекце” з барацьбой за лібералізацыю адбывання пакарання. Сёння, калі смяротнае пакарання скасаванае, гэтыя арганізацыі пераключыліся выключна на барацьбу за паляпшэнне ўмоваў вязняў, у чым дасягнулі вялікага прагрэсу і што ўжо выклікала незадаволення досыць вялікай часткі грамадства, бо фактычна пачаў губляцца сам сэнс пакарання.

Паўстае заканамернае пытанне, на якое мы пакуль не атрымалі адказу: Ці будзе пэўная частка актывістаў выступаць супраць смяротнага пакарання, калі ўмовы ўтрымання вязняў у беларускіх турмах будуць набліжаныя да еўрапейскіх?

ІІ. Права на жыццё

Адным з галоўных аргументаў актывістаў “кампаніі супраць смяротнага пакарання”, ёсць сцверджанне аб праве кожнага чалавека на жыццё. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Аднак у сваёй аргументацыі яны часам пераходзяць пэўную мяжу, пасля чаго адчуваеш кагнітыўны дысананс.

а) Права дзяржавы на прымус

Досыць часта можна пачуць, што смяротны прысуд робіць “пракурора, суддзяў ды выканаўцаў саўдзельнікамі забойства”, а часам ідуць яшчэ далей, далучаючы да “саўдзельнікаў” усіх грамадзян, бо прысуд выносіцца “імем Рэспублікі Беларусь”.

На наш погляд, гэта вельмі супярэчлівае ды небяспечнае сцверджанне, якое можа прывесці да адмаўлення права дзяржавы на прымус, які здзяйсняецца ў інтарэсах міру ды спакою большасці грамадзян і які прысутны ва ўсіх найбольш дэмакратычных краінах.

Так, у краінах Еўропы смяротнае пакаранне адсутнае. Але паліцэйскія выходзяць на змену са зброяю ды не толькі маюць, а і мусяць яе ўжыць супраць злачынцаў. Пры гэтым забойства злачынцы, якое здзейсніў паліцыянт, можа аніяк не адпавядаць самому злачынству. Больш таго, некаторыя злачынцы, забітыя еўрапейскімі паліцыянтамі пры затрыманні, маглі атрымаць нават адміністратыўнае, а не крымінальнае пакаранне. Заўважце, ніякага суду або магчымасці звярнуцца з просьбай аб памілаванні, у гэтым выпадку не адбываецца. Аднак ніхто не ставіць пытанне аб пазбаўленні паліцыянтаў зброі або абвінавачанні іх у забойстве.

Гэтаксама зброю маюць памежнікі, ахова вайсковых або стратэгічных аб’ектаў, вязніц, банкаў, чыгункі. І не проста маюць, а з адпаведным наказам яе ўжывання. Не ведаю як у Беларусі, бо няма дадзеных, а вось у Еўропе ды ЗША, у па-за судовых абставінах, прадстаўнікі ўлады забілі больш людзей, чым выканана смяротных прысудаў у Беларусі. Але ніхто, у тым ліку і беларускія праваабаронцы, не выступаюць за забарону выдачы зброі адпаведным сілавым службам ды вайсковым.

І праз факт наяўнасці лятальнай зброі ў супрацоўнікаў сілавых структур ды аховы паўстае вельмі цікавае пытанне: ці сапраўды ў Еўрапейскіх краінах цалкам забаронена смяротнае пакаранне, як аб гэтым кажуць праваабаронцы? Бо калі паглядзець крымінальную хроніку заходніх СМІ, дык можна заўважыць цікавую тэндэнцыю – пераважная большасць тэрарыстаў, серыйных забойцаў, а таксама тых, хто здзейсніў цяжкія злачынствы супраць асобы, былі забітыя пры затрыманні. Пры гэтым артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх іх маглі б судзіць у іх краінах, цалкам сутыкаюцца з артыкуламі Крымінальнага кодэксу Беларусі, па якіх прадугледжанае смяротнае пакаранне. Гэта статыстыка ў еўрапейскіх краінах перабольшвае аналагічныя паказчыкі ЗША, дзе смяротнае пакарання ўжываецца.

Таму цалкам лагічна, што сёння некаторыя эксперты з правоў чалавека, асабліва ў ЗША, адкрыта кажуць, што ў еўрапейскіх краінах афіцыйнае смяротнае пакаранне замянілі на неафіцыйнае. Але, калі ў першым выпадку, на прыкладзе ЗША, рашэнне прымаецца ў рэгламентаваным судовым працэсе, асуджаны можа быць памілаваны, а працэдура займае дзясяткі гадоў, дык у другім адбываецца па-засудовая расправа, а рашэнне на смяротны стрэл прымае афіцэр паліцыі. Наогул, некаторыя эксперты адзначаюць, што ў еўрапейскіх краінах забойстваў небяспечных злачынцаў пры затрыманні паступова пачало павялічвацца пасля адмены смяротнага пакарання

Яшчэ адзін факт, аб якім чамусь не вельмі любяць казаць праваабаронцы, прыводзячы ў прыклад дэмакратычныя постсавецкія краіны, дзе смяротнае пакарання скасаванае (найперш – краіны Балтыі ды Польшчу), гэта тое, што адмена смяротнага пакарання справаджвалася татальнай лібералізацыяй заканадаўства па валоданні цывільным насельніцтвам вогнепальнай зброяй ды права на абарону ўласнага майна (і дапамогі іншым у падобнай абароне). Нават ва Украіне, чалавек мае права забіць злачынца, які ўлез у яго хату (гараж, хлеў, склеп) з мэтаю крадзяжу.

Такім чынам, казаць аб “поўным скасаванні смяротнага пакарання ў Еўропе”, на нашу думку, не выпадае. Яго фармальнае выключэнне з крымінальных кодэксаў справаджвалася масавым дэлегаваннем “права на забойства” не толькі адпаведным сілавым структурам, а і цывільнаму насельніцтву. Пры гэтым фактычная колькасць “смяротных прысудаў” злачынцам нават павялічылася.

б) Абарона чалавечага жыцця як найвышэйшай каштоўнасці

Сапраўды, для кожнага хрысціяніна чалавечае жыццё з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, а забойства, нават у пэўных неабходных абставінах, цяжкім маральным выпрабаваннем. Аднак мы, хрысціяне, разглядаем чалавечае жыццё цалкам, ад моманту зачацця да прыроднай цялеснай біялагічнай смерці.

У кожнага разумнага чалавека вынікае пэўны кагнітыўны дысананс, калі людзі, якія выступаюць супраць смяротнага пакарання, адначасна з’яўляюцца абаронцамі права на аборт (не медыкаментозны), эўтаназію або права лекараў (ці суду) вырашаць момант адключэння чалавека ад апаратуры штучнага забеспячэння жыцця.

Па вялікім рахунку, для мяне, як і для кожнага хрысціяніна, суддзя або лекар, які прымае рашэнне аб аборце, эўтаназіі або адключэнні апаратаў, нічым прынцыпова не адрозніваецца ад суддзі, які выносіць смяротны прысуд. А выканаўца гэтых рашэнняў – ад выканаўцы смяротнага прысуду. Пры гэтым мусім улічваць, што да смяротнага пакарання прыгаворваецца злачынца, які забраў жыццё іншага чалавека, а часам і не аднаго. Вось толькі ў чым вінаватыя ненароджаныя дзеці або хворыя людзі – для мяне застаецца загадкай.

Таму, калі выступаючы супраць смяротнага пакарання, праваабаронцы апелююць да каштоўнасці кожнага чалавечага жыцця, да хрысціянскіх прынцыпаў, яны мусяць разглядаць праблему ў комплексе, а не толькі выключна адну праблему – прысутнасць вышэйшай меры пакарання ў Крымінальным кодэксе Беларусі. Бо, на наш погляд, калі адна і тая ж праваабарончая арганізацыя змагаецца за права на аборты (эўтаназію, медычнае адключэнне апаратуры) ды супраць смяротнага пакарання – гэта нонсэнс.

ІІІ. Сумныя высновы

На вялікі жаль, мы бачым, што нашы праваабаронцы змагаюцца не з прычынаю праблемы (наяўнасці смяротнага пакарання), а яе следствам. Пры гэтым выкарыстоўваюць сітуацыйныя, часам вельмі сумнеўныя з маральнага боку аргументы.

Не працуе і зварот да практыкі еўрапейскіх краін. Бо прыклад краін, дзе смяротнае пакаранне было фармальна скасаванае як норма карных кодэксаў, даказвае – пры падмене хрысціянскага падмурку пабудовы грамадства на нейкія размытыя леваліберальныя “агульначалавечыя каштоўнасці”, перавагу сённяшняй палітычнай мэтазгоднасці, калі заахвочваецца маральная дэградацыя асобы (права на аборт, эўтаназію і г.д.), адбываецца непазбежная рэінкарнацыя смяротнага пакарання ў іншых, больш спрошчаных ды жорсткіх формах.

Дык ці патрэбна змагацца супраць смяротнага пакарання? Так, бясспрэчна, патрэбна. Але не вылучаючы яго ў асобную “ідэю фікс”, а менавіта як адну з мэтаў агульнага хрысціянскага руху барацьбы за прызнанне каштоўнасці чалавечага жыцця ва ўсіх ягоных праявах: ад зачацця да зямной, біялагічнай смерці.

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі