Папа пра будучыню ЕС, мігрантаў і Амазонію

Адзінства ў Еўрапейскім Саюзе, міграцыйны крызіс і будучы Сінод Біскупаў па Амазоніі былі галоўнымі тэмамі вялікага інтэрв’ю Францішка італьянскаму выданню “La Stampa”, піша Vatican News.

Першае пытанне, на якое адказаў Пантыфік, тычылася яго чаканняў адносна Еўрапейскага Саюза. “Еўропа не павінна раз’яднацца. Яна з’яўляецца больш гістарычнай і культурнай, чым геаграфічнай супольнасцю. Мара айцоў-заснавальнікаў набыла форму, паколькі заключалася ў рэалізацыі гэтай еднасці. Зараз нельга згубіць такой спадчыны”, — падкрэсліў ён. Папа выказаў задавальненне тым, што на пасаду старшыні Еўрапейскай камісіі была абрана жанчына. “Жанчыны маюць здольнасць аб’ядноўваць”, — лічыць ён.

Францішак лічыць, што адным з галоўных выклікаў для краін-членаў Еўрасаюза з’яўляецца дыялог, у якім у спачатку трэба думаць пра Еўропу, а потым пра ўласныя інтарэсы. “У рамках ЕС трэба размаўляць, абменьвацца поглядамі, знаёміцца, але часам мы бачым толькі кампрамісныя маналогі”, — з жалем заўважыў Пантыфік.

Папа перакананы, што зыходным пунктам у дыялогу павінны быць чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць еўрапейскі кантынент. “Калі я кажу пра гэта, не раздзяляю на католікаў, праваслаўных і пратэстантаў. Праваслаўныя маюць вельмі каштоўнае значэнне для Еўропы. Мы ўсе маем тыя ж фундаментальныя каштоўнасці”, — дадаў ён.

Паводле Святога Айца, дыялог унутры еўрапейскай супольнасці павінен адбывацца з павагай да тоеснасці кожнага яе члена. “Тоеснасць — гэта культурнае, нацыянальнае, гістарычнае, мастацкае багацце”, і менавіта грунтуючыся на ёй трэба адкрыцца на дыялог, каб атрымаць “штосьці большае з тоеснасці іншых”, — лічыць Пантыфік.

Францішак выказаў заклапочанасць ізаляцыянісцкай палітыкай некаторых еўрапейскіх дзяржаў. “Краіна павінна быць суверэннай, а не закрытай. Суверэнітэт павінен абараняцца, але таксама павінны абараняцца і развівацца адносіны з іншымі краінамі, з еўрапейскай супольнасцю”, — заўважыў ён.

Гаворачы аб праблемах, выкліканых міграцыйных крызісам, Папа нагадаў пра фундаментальныя прынцыпы, якімі трэба кіравацца ў адносінах да людзей, вымушаных пакідаць свае краіны ў пошуках міру і больш годнага жыцця: “прымаць, суправаджаць, падтрымліваць і інтэграваць”.

Святы Айцец звярнуў увагу на дэмаграфічны крызіс у Еўропе і недахоп у рабочай сіле, у прыватнасці ў сельскагаспадарчым сектары. “Мне распавядалі, што ў адной еўрапейскай краіне, па прычыне дэмаграфічнага спаду, некаторыя мястэчкі стаяць напалову пустыя: можна было б перамясціць туды эмігранцкія супольнасці, што, між іншым, дапамагло б ажывіць мясцовую эканоміку”, — падзяліўся ён.

Францішак лічыць, што рашэннем праблемы павінна быць спыненне войнаў і павелічэнне інвестыцый у развіццё бедных краін. Такім чынам можна будзе дапамагчы ім вырашыць унутраныя праблемы і спыніць міграцыйныя патокі,  падкрэсліў Папа.

Гаворачы пра кастрычніцкі Сінод Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, Святы Айцец выказаў занепакоенасць вырубкай лясоў і сітуацыяй карэннага насельніцтва ў гэтай частцы свету. У той жа час, ён падкрэсліў, што асамблея не ператворыцца ў “нараду навукоўцаў і палітыкаў”, але будзе насіць евангелізацыйны характар. Яе галоўнай тэмай стане евангелізацыя рэгіёну.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі