Беларусы завяршаюць перавыданне самай раскошнай кнігі 16 стагоддзя

Факсімільнае ўзнаўленне знакамітай Берасцейскай Бібліі 1563 года выдання завяршаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Вядуцца працы па аздабленні аправаў адразу 8 асобнікаў. Фундатарам праекта выступіла кампанія «Белнафтастрах». Па ўласнай інфармацыі Krynica.info, сабекошт аднаго асобніка ў самым каштоўным аздабленні перавысіць 1000 еўра. Кніга прызначана для прэзентацыйных мэтаў, але выдаўцы абяцаюць і працяг.

Аб хуткім завяршэнні працы над факсімільным узнаўленнем Берасцейскай Бібліі парталу Krynica.info паведаміў намеснік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. Публікацыя будзе прымеркавана да 1000-годдзя Брэста, якое адзначаюць ў пачатку верасня.

«Нарэшце магу публічна сказаць, што мы завяршаем працу над факсімільным узнаўленнем ці не самага загадкавага, найпрыгажэйшага і найдаражэйшага выдання ў айчыннай гісторыі — знакамітай Берасцейскай Бібліі 1563 г.», — расказаў намеснік дырэктара Нацбібліятэкі.

Для ўзнаўлення нацыянальнай святыні была выкарыстана практыка дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Алесь Суша паведаміў, што пры рэалізацыі гэтага знакавага праекта свае сілы аб’ядналі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і кампаніі «Белнафтастрах».

berastejskaia_biblia
Вокладка факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бібліі, 2019 год.

Берасцейская Біблія выдадзена на старапольскай мове на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1563 годзе і стала адным з першых поўных перакладаў новага часу з моў арыгіналу: іўрыта і грэчаскай мовы. Гэта самая вялікая і багата аформленая беларуская друкаваная кніга XVI стагоддзя. Новае выданне з яўляецца дакладнай копіяй арыгінала з паўтарэннем асаблівасцей не толькі друку, але і паперы, пазнейшых пазнак і інш. Апроч таго, частка выдання зроблена на беларускай мове.

«Да факсіміле Бібліі мы далучылі новае даследаванне пра Берасцейскую Біблію на беларускай мове. Вокладка агульная, з абагульненай, але пазнавальнай назвай — Берасцейская Біблія», — патлумачыў Суша.

Навукова-даследчыя, дызайнерскія і ўласна выдавецкія работы па падрыхтоўцы факсімільнага ўзнаўлення працягваліся больш за год. Алесь Суша адказваў за ідэйна-арганізацыйны і навуковы блокі. У групе таксама былі прафесійныя дызайнеры, рэдактары, выдаўцы, паліграфісты, майстры пераплётнай справы.

Нягледзячы на больш чым дзесяцігадовы досвед працы па факсімільным узнаўленні нацыянальных кніжных скарбаў, група па перавыданні Берасцейскай Бібліі сутыкнулася з многімі новымі цяжкасьцямі. Гэта звязана з выключна вялікім памерам выдання і неабходнасцю ўручную рэканструяваць пераплёт фаліянта XVI ст.

ales_susha_sbibliaj
Алесь Суша з фаліянтам Берасцейскай Бібліі ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Намеснік дырэктара расказаў, што галоўныя цяжкасці былі пераадолены і праца па падрыхтоўцы факсімільнага ўзнаўлення падыходзіць да свайго завяршэння. Ужо зусім хутка выйдзе першы тыраж выдання, прызначаны для прэзентацыйных мэтаў. Але будзе і працяг. Ёсць планы выдаць асобным выданнем і кнігу з даследваннямі.

Усе асобнікі факсімільнага перавыдання Берасцейскай Бібліі робяцца ўручную і могуць быць выкананы ў некалькіх варыянтых. Самы раскошны змяшчае 1500 старонак поўнаколернага друку, залаты і фарбаваны з тэкстураваннем пад старое абрэз, плеценыя каптал і лясэ, аправу з дошак, бінты, металічныя (латунныя) зашчапкі, накутнікі, жукавіны, цісненне на скураным пераплёце і г.д. Зараз завяршаецца праца над 8 фаліянтамі. Наступны тыраж залежыць ад колькасці замоўленых камерцыйных асобнікаў, прызначаных для продажу.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі