Лекі на 1 000 000 даляраў перадалі ў Беларусь евангельскія вернікі з ЗША

Кантэйнер з гуманітарнай медыцынскай дапамогай з ЗША на суму $ 1,111,265.60 шчасна прыбыў у Беларусь і чакае рашэння прэзідэнта аб вызваленні ад мытных плацяжоў і падаткаў. Цэрквы ХВЕ Беларусі і грамадская арганізацыя «Водгук» змогуць удзельнічаць у размеркаванні лекаў па медустановах краіны.

Прыбыццё кантэйнера БелТА  пацвердзілі ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Дапамога будзе накіраваная ў раённыя ўстановы аховы здароўя па ўсіх рэгіёнах краіны ў адпаведнасці з іх сфармаванымі заяўкамі.

Груз медыкаментаў на складзе ў Арыгоне, ЗША
Груз медыкаментаў на складзе ў Арыгоне, ЗША

Гуманітарны груз медыцынскага прызначэння ў Беларусь 7 чэрвеня 2019 года адправіла місія Emmanuel Mercy Mission з Арэгона, ЗША. Адпраўнік паведамляе, што кантэйнер дастаўлены Грамадскаму аб’яднанню «Водгук» у Мінску. Разам з гэтай арганізацыяй удзельнікамі размеркавання медыцынскай дапамогі бальніцам і медыцынскім установам Беларусі змогуць стаць Аб’яднаная царква хрысціян веры евангельскай Рэспублікі Беларусь і Аб’яднаная царква хрысціян веры евангельскай «Выратаванне».

Груз сфарміраваны на ахвяраванні  хрысціян-уцекачоў з краін былога Савецкага Саюза, якія жывуць у ЗША, і іх амерыканскіх сяброў. «Мы будзем назіраць аб мэтавым выкарыстанні бязвыплатнай дапамогі прадстаўленай беларускаму боку», паведамляецца на сайце місіі Emmanuel Mercy Mission.

Супрацоўнікі місіі Emmanuel Mercy Mission пакуюць лекі ў кантэйнер марскіх перавозак
Супрацоўнікі місіі Emmanuel Mercy Mission пакуюць лекі ў кантэйнер марскіх перавозак

Аб адпраўцы грузу супрацоўнікі місіі знялі і размясцілі на сваёй старонцы ў сетцы Facebook відэа-ролік, у якім пакуюць лекі ў кантэйнер і просяць у малітве Бога, каб гэтыя медыкаменты сталі благаслаўленнем для людзей у Беларусі і дапамаглі захаваць шмат людскіх жыццяў.

Кадр з роліка пра адпраўку лекаў у Беларусь
Кадр з роліка пра адпраўку лекаў у Беларусь

Гуманітарную дапамогу, што прыплыла з ЗША, цяпер афармляюць належным чынам, паколькі ў Беларусі ўся дапамога з-за мяжы можа быць вызвалена ад падаткаў і мытных збораў толькі рашэннем прэзідэнта. Прыбыццё лекаў з ЗША вітаў дырэктар Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі Валерый Скакун:
«Гэта яскравы прыклад двухбаковага гуманітарнага супрацоўніцтва, калі ёсць патрэба, маюцца магчымасці і галоўнае — жаданне».

Місія Emmanuel Mercy Mission створана ў 1992 годзе групай уцекачоў ад рэлігійнага пераследу ў СССР, якія ўсвядомілі вострую неабходнасць у аказанні дапамогі абшчынам, пакінутым на Радзіме. Кіраўніком місіі стаў эмігрант з Эстоніі Валерый Шкурынскі. З часам місія аб’яднала намаганні з некалькімі арганізацыямі ў ЗША, каб адпраўляць прадукты харчавання, адзенне і прадметы медыцынскага прызначэння для краін былога Савецкага Саюза.

Браты Шкурынскія ля дзвярэй місіі, 90 гг.
Браты Шкурынскія ля дзвярэй місіі, 90 гг.

У дадатак да прадастаўлення дапамогі сем’ям, цэрквам і суполкам ва Украіне, Малдове, Беларусі, Расіі, Арменіі, Узбекістане і Эстоніі, Emmanuel Mercy Mission спецыялізуецца на дапамогі бежанцам, якія нядаўна пераехалі ў Злучаныя Штаты.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі