ТОП-10 хрысціянскіх бэстсэлераў

Наклады хрысціянскіх бэстсэлераў вымяраюцца дзясяткамі і сотнямі мільёнаў копій. Давайце паглядзім, што гэта за кнігі. Я абраў для вас ТОП-10.

1. Ніводная мастацкая кніга не прадавалася так паспяхова ў ХХ стагоддзі, як «Уладар пярсцёнкаў» Дж.Р.Р.Толкіна — 150 млн. асобнікаў. Таму яму — першае месца.

2. На другім месцы — ізноў Толкін, але ўжо з «Хобітам». 100 мільёнаў прададзеных кніг.

3. Трэцяе месца займае кніга «Леў, вядзьмарка і гардэроб» з серыі «Хронікі Нарніі» — 85 млн. зкз. Яе аўтар — К.С.Льюіс, якога Толкін, дзякуючы сяброўству і доўгім сумесным дыскусіям, прывёў да веры ў Хрыста.  Дзве кнігі з гэтай серыі ўжо выдадзеныя па-беларуску, і яшчэ дзьве – “Прынц Каспіян” і “Конь і яго хлопчык” перакладзеныя на беларускую Андрэем Строцавым і Янай Уладыкай адпаведна.

4. На чацвёртым — «Бэн-Гур: гісторыя Хрыста», гістарычны раман Лью Уолеса, «самая ўплывовая хрысціянская кніга ХIХ стагоддзя». Агульны тыраж — 50 мільёнаў. Паводле гэтай кнігі знялі фільм, які ўпершыню ў гісторыі кіно атрымаў 11 «Оскараў».

5. Пятае месца займае Люсі Мантгомеры з дзіцячай кнігай «Ганна з Паддашкаў». Тыраж яе склаў 50 млн.  Кнігу зараз перакладае на беларускую мову Вольга Жандарава.

6. Шостае месца — Сельма Лагерлёф і «Цудоўнае падарожжа Нільса з дзікімі гусямі». За гэтую кнігу аўтар атрымала Нобелеўскую прэмію. У савецкім перакладзе гэтага рамана ўсе дасылкі да хрысціянства былі выразаныя цэнзарам.

7. На сёмым — Рык Уорэн, «Мэтаскіраванае жыццё». 33 млн. чалавек купілі гэтую кнігу.

8. Восьмае месца займае адзін з самых уплывовых хрысціянскіх твораў ХХ стагоддзя. Гэта «Проста хрысціянства» Клайва Люіса. Кніга заснаваная на яго перадачах, якія выходзілі ў гады Другой Сусветнай вайны на радыё Бі-бі-сі. Толькі з 2001 года і толькі па-ангельску было прададзена 3,5 млн. копіяў. Усяго яна перакладзена на 36 моваў. Ёсць і пераклад на беларускую, зроблены Вольгай Жандаравай. Зараз кніга рыхтуецца да друку.

Нельга абысці ўвагай і дзве кніжныя серыі, напісаныя хрысціянамі. Тут мы ўжо лічым не тыраж асобнай кнігі, а цэлай серыі кніг.

9. На дзевятым месцы нашага спісу — The Railway Series англіканскага святара Уілберта Одры. Менавіта паводле гэтай серыі, прададзенай тыражом у 200 млн. асобнікаў, быў зняты папулярны дзіцячы мультсерыял пра паравозіка Томаса і яго сяброў.

10. І, вядома ж, «Пакінутыя» Ціма Ла Хея і Джэры Б. Джэнкінса. Агульны тыраж серыі з 16 раманаў, якія распавядаюць пра падзеі канца свету, склаў 65 мільёнаў.

Аляксей Шэйн

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі