РПЦ: расійскі нацызм можна, а беларускі патрыятызм – нельга?

Маштабная праверка беларускага “Брацтва трох віленскіх мучанікаў”, распачатая мітрапалітам Паўлам па больш як 40 пунктах, выходзіць далёка за рамкі адміністрацыйных працэдураў у Беларускім экзархаце РПЦ.

Незалежныя назіральнікі сыходзяцца на думцы, што “наезд” на Брацтва – частка кампаніі ціску на Беларусь і беларускасць з боку Масквы ў рамках спецаперацыі “Принуждение к интеграции”.

Насамрэч, чаму мітрапаліт не правярае прыходы і арганізацыі святароў, заўважаных у прапагандзе “Рускага міра”? Дзе праверка Віцебскай епархіі, праз якую ў Беларусь прыяжджаюць на гастролі “кубанскія казакі” са сцягамі ЛНР? Дзе праверка Лепельскага благачыння, дзе на вайсковай базе падлеткаў дабраслаўляюць страляць у ворагаў “Святой Русі”? Дзе праверка Елізавецінскага манастыра, цэлага вытворчага хаба памерам з лагістычны цэнтр пад Менскам, дзе прымаюць з лекцыямі кантужаных акупантаў з Данбаса? Куды глядзелі правяральшчыкі РПЦ, калі ў іх пад носам, у Гатава арудаваў бацюшка-маньяк са свастыкамі, які гвалціў уласную дачку?

Былі праверкі? І што, скончыліся безвынікова?

Расійскі шавінізм і нацызм, значыць, у РПЦ дазваляецца, а беларускі патрыятызм у Беларусі – забараніць?

Правяраць будуць пісьменнікаў, інтэлігентаў і міжнароднікаў з беларускага “Брацтва трох віленскіх мучанікаў”, якія дзясяткі гадоў дапамагалі будаваць у Беларусі праваслаўныя цэрквы за нямецкія грошы — у рамках праграмы пакаяння нямецкага народа за злачынствы нацызму. Вы ня ведалі гэтага факту? Затое ў РПЦ усё гэта добра ведаюць.

Атака экзарха на беларусаў (давайце называць рэчы сваімі імёнамі) пайшла якраз у той момант, калі Крэмль вядзе беспрэцэдэнтную кампанію ціску на беларускую незалежнасць.

А тут яшчэ і форум за Беларускую праваслаўную аўтакефалію ў Чарнігаве.

Мітрапаліт Павел і ягоныя інструктары з Масквы павінныя разумець: на такім фоне сілавыя дзеянні ў дачыненні да беларускамоўных вернікаў і структураў, адкрытых іншым канфесіям, могуць скончыцца расколам у Беларускім экзархаце. Вось ужо некалькі гадоў грубы камандны тон мітрапаліта, прысланага ў Беларусь з Разані, выклікае ціхую, але масавую апазіцыю ў колах епіскапату і шырокага святарства. Няўжо годнага беларуса, каб узначаліць беларускую Царкву, не знайшлося? Няўжо занявольванне беларускага праваслаўнага святара бясконцымі паборамі,  забаронамі і загадамі дапамагае служэнню? Няўжо тэзы пра “чарнобыльскі кранік” і “іншага Бога” адпавядаюць евангельскай праўдзе і беларускай традыцыі верацярпімасці?

У часы мітрапаліта Філарэта такога не было.

Чаму беларусы пачынаюць пратэставаць супраць пабудовы новых храмаў РПЦ? Справа не столькі ў праваслаўным атэізме – колькі ў бервяне, якога не жадаюць заўважаць у сваіх уласных вачох прызначаныя Масквой высокія царкоўныя начальнікі.

У рэшце рэшт, Царква – гэта не прыватная крамка мітрапаліта Паўла і не інструмант крамлёўскага кантролю над былымі савецкімі тэрыторыямі. Гэта Цела Ісуса Хрыста. І тыя, што выдаюць Царкву на ўкрыжаванне, абавязкова панясуць адплату.

А праваслаўным беларусам, якія турбуюцца за лёс Міколы Матрунчыка і Брацтва “Трох віленскіх мучанікаў”, можна параіць маліцца, яднацца і абараняць Божую праўду ад ваўкоў у авечых скурах. Хрыстос уваскрос – і Беларусь уваскрэсьне!

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі