Беларуская мова асвячала Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме

Сонечнае і шчырае свята беларускага пісьменства прайшло 1 верасня ў старажытным Слоніме. Яно ўжо стала неад’емнай часткай духоўна-культурнай прасторы Беларусі і дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з прыгожым пісьменствам, з яркімі кніжнымі выданнямі, часопісамі і газетамі.
Да прысутных на ўрачыстасцях на беларускай мове звярталіся намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.
“Мне найбольш спадабалася, што людзі пранікліся атмасферай свята, дабрыні, атмасферай беларускай мовы. Няхай бы так яна гучала ў нас штодня ў крамах, у кавярнях, на вуліцах, у дзяржаўных установах”, – адзначыла старшыня ТБМ Алена Анісім.

Пачаліся ўрачыстасці 31 жніўня з адкрыцця ў Слоніме кніжнай крамы “Санет”. У рамках Дня беларускага пісьменства адбылася навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў” з благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. У рамках экспедыцыі 31 жніўня ў аграгарадку Жыровічы прайшоў Хрэсны ход да Свята-Успенскага сабору. Пасля Хрэснага ходу адбылося адкрыццё капліцы ў гонар святых Пятра і Феўронні на вуліцы Чырвонаармейскай.
Міжнародны круглы стол “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго” традыцыйна аб’яднаў беларускіх і замежных літаратараў.
У межах Дня беларускага пісьменства 31 жніўня прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Слонімскія чытанні”. Сярод дакладаў былі агучаны такія тэмы, як “Роднае слова ў прасторы мастацкай культуры”, “Штрыхі да ўрбананімнага партрэта Слоніма” і іншыя цікавыя і актуальныя гісторыка-асветніцкія праблемныя палі.
Сярод удзельнікаў канферэнцыі былі прадстаўнікі розных даследчыцкіх устаноў, Нацыянальнай акадэміі навук, ВНУ краіны, а таксама настаўнікі агульнаадукацыйных школ.

У Слонімскім драматычным тэатры адбыўся фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, прысвечанага Году малой радзімы ў Беларусі i 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 2019 годзе ў фінал выйшлі 15 удзельнікаў у трох узроставых групах, у кожнай з якіх журы вызначыла пераможцаў. Фіналісты прачыталі творы Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Анатоля Грачанікава, Васіля Віткі і іншых вядомых літаратараў.
1 верасня першай падзеяй святочнага дня стала Боская літургія ў Свята-Траецкім саборы.
На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы Слоніма адбылася афіцыйная цырымонія ўрачыстага адкрыцця XXVІ Дня беларускага пісьменства, а таксама ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Героі тэатралізаванай пастаноўкі перанесліся разам з гледачамі ў мінуўшчыну і сустрэліся з князем Аляксандрам Солтанам, Львом Сапегам, Міхалам Казімірам Агінскім. У падарожжа па часе гасцей завабілі маладыя акторы Вікторыя Кадрава і Максім Шышко з Менска.
Адной з цэнтральных падзей свята стаў Фестываль кнігі і прэсы. Тут былі прадстаўлены кнігі-пераможцы Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі”, кнігі, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Году малой радзімы, кнігі пісьменнікаў-юбіляраў, разгорнуты тэматычныя выстаўкі, а таксама экспазіцыі вядучых рэспубліканскіх перыядычных выданняў і “СМІ Гродзеншчыны”, быў арганізаваны святочны гандаль кнігай.

У Слонімскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ўпершыню паказалі наведвальнікам факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі. Яе разам з іншымі рарытэтамі прывезлі ў Слонім прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На выставе можна было пазнаёміцца з творамі С. Чыгрына і іншых аўтараў, прысвечанымі Слоніму. Госці даведаліся пра даўнюю гісторыю Слоніма, які быў заснаваны ў 1252 годзе, а ў 1531 годзе атрымаў магдэбургскае права. З 1586 года горадам валодаў Леў Сапега, пазней – магнаты Агінскія.
У рамках Дня беларускага пісьменства прайшла гістарычная квэст-праграма “Код Сапегі”.
На працягу ўсяго свята праходзілі святочныя мерапрыемствы, канцэрты, гульні на Дзіцячай пляцоўцы ў парку, свята народнага мастацтва ў Горадзе майстроў. На розных пляцоўках адбыліся майстар-класы па народнаму ткацтву, ганчарству, кавальству, лозапляценні, традыцыйнай выцінанцы і сучасных тэхніках працы з паперай.
Адметнай падзеяй Дня беларускага пісьменства стала ўрачыстае адкрыццё пад гукі валынкі помніка славутаму дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага, дыпламату і мысліцелю – Льву Сапегу.
Падрыхтавала Э.Дзвінская. Фота аўтара
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- У Гомельскай епархіі выдалі цікавы каляндар пра мясцовых святых 12.08.2022 06:08
- У Кіеве суд пачаў разглядаць справу пра захоп храма УПЦ 11.08.2022 17:49
- Пробашча парафіі ў Лынтупах Аляксандра Барана арыштавалі на 17 сутак 10.08.2022 07:15
- «Не памрэ тваё імя» — Выйшла кніга пра памерлую настаяцельніцу Полацкага манастыра 10.08.2022 04:44
- З’явіўся анонс святкавання Дня памяці Манефы Гомельскай 09.08.2022 20:26
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)