У Ляхавічах адноўлены касцёл, які будаваў Язэп Рэйтан

Ужо сёння ў Ляхавічах будзе асвечаны касцёл святога Язэпа, які быў пабудаваны на пачатку 20 стагоддзя. На яго асвячэнні будуць прысутныя людзі, якія калісьці, перад закрыццём, прымалі ў ім першую камунію.

Гісторыя касцёла

У 1905 годзе Язэп Рэйтан разам са сваёй жонкаю Алінаю выдзелілі фундуш на будаўніцтва ў Ляхавічах новага парафіяльнага касцёла. Спачатку ў Ляхавічах была ўзведзеная капліца, а ў 1907 годзе касцёл быў асвечаны. Вялікія намаганні для яго будаўніцтва прыклаў ксёндз Ваньковіч, а з 1910 г. тут стала служыў ксёндз Кавецкі. Новы ляхавіцкі касцёл быў асвечаны ў гонар Святога Язэпа. Будынак быў узведзены з чырвонай цэглы ў стылі неаготыкі. Галоўны фасад касцёла ўпрыгожвала вежа-званіца. Галоўным упрыгожаннем храма лічыўся ўваходны партал з высокімі дубовымі дзвярыма і аконнаю ружай. На амбоне ў касцёле змяшчаўся алтарны абраз Святога Стэфана.

Касцёл праіснаваў нядоўга… У 50-я гады ён быў зачынены. Мясцовыя жыхары ўзгадваюць гісторыю, звязаную з закрыццём касцёла, якое адбылося ў сярэдзіне 1950-ых. Ніхто з жыхароў не хацеў збіваць з вежы крыж. Знайшоўся адзін падлетак, які пагадзіўся гэта зрабіць за грошы. Крыж хлопец збіў, а пасля і сам зваліўся з вежы. І ў хуткім часе памёр у пакутах.

Пазней будынак касцёла выкарыстоўваўся ў якасці шпіталя. У 90-ыя гады ён быў у заняпадзе.

Аднаўленне касцёла

Каля трох гадоў таму будынак касцёла, які падчас перабудовы не быў вернуты каталіцкай супольнасці, быў выстаўлены на продаж. “Мы пачалі цікавіцца, як нам можна яго вярнуць. – кажа ксёндз Андрэй Рылка, канцлер Пінскай дыяцэзіі.Нам сказалі, што ён ужо за сімвалічную базавую велічыню прададзены прадпрымальніку. З ім пачаліся перамовы. Праз год ён пагадзіўся аддаць гэты будынак, перадаў на баланс мясцовага райвыканкам, пасля райвыканкам перадаў яго каталіцкай супольнасці”.

Ксёндз кажа пра тое, што калі параўнаць выгляд будынку тры гады таму і цяпер, – гэта неба і зямля. Адбылося шмат знешніх і ўнутраных прац – усё дзеля таго, каб будынак касцёла зноўку стаў падобным на касцёл.

Ужо каля двух гадоў мясцовыя энтузіясты на чале з былой настаўніцай беларускай мовы Тамарай Шастаковіч займаюцца рэстаўрацыяй касцёла. Тамара заўжды натхнялася Грушаўкай і шукала рэчы і аб’екты, якія б пралілі святло на невядомыя старонкі жыцця Рэйтанаў. Яна і стала афармляць дакументы на касцёл, пасля арганізоўваць людзей і збіраць ахвяраванні, а пасля і самастойна рабіць працы па рамонце касцёла. А пасля біскуп усклаў на яе рукі і блаславіў на гэтую нялёгкую працу. “Пасля блаславення я ўжо не казала “не буду, бо цяжка”. Усё пайшло само сабой, бо ёсць ужо не мая воля, а Божая”.

“Два гады таму мы хадзілі ў Грушаўку, – узгадвае Тамара. – Я ўдзельнічаю ў руху “Маці ў малітве”, і мы вырашылі арганізаваць туды пілігрымку. Мы так там пранікліся, памаліліся за аднаўленне Грушаўкі… Бо гэта вельмі сакральнае месца. А праз месяц выйгралі гранд на яе аднаўленне. Пасля я сказалі свайму сыну, які працуе на TUT.by, каб ён напісаў пра касцёл імя святога Язэпа, бо ён жа таксама звязаны з Рэйтанам!”.

Праўда, Тамара кажа пра тое, што не мясцовых жыхароў аднаўляюць касцёл. Яна кажа, што шмат хто ахвяраваўся на пабудову новага касцёла “Сэрца Ісуса” ў Ляхавічах. У яшчэ адным касцёле мала хто з вернікаў бачыць сэнс.

Парафіі Пінскай дыяцэзіі дзеляцца мэбляй, рэчамі і абразамі для новага касцёла. “Людзі дзеляцца з энтузіязмам. Яны ўсведамляюць што яшчэ адна гістарычная парафія адраджаецца”, – кажа ксёндз Андрэй Рылка. Але самае неверагоднае – гэта тое, што зараз у касцёл вяртаюцца рэчы, якія знаходзіліся ў ім да закрыцця! Аказваецца, людзі ўзялі іх да сябе і захоўвалі, каб аднойчы вярнуць іх на сваё месца.

Тамара яшчэ і кінула кліч аб тым, каб людзі прыносілі ёй дакументы, старажытныя кнігі, здымкі. У выніку, гістарычных матэрыялаў назбіралася настолькі шмат, што пры касцёле будзе адчыняцца музей.

“Для нас гэта вялікая радасць, што вярнулася святыня, якая будавалася рукамі мясцовых каталікоў. Гэта адзін з нешматлікіх помнікаў, які ёсць у Ляхавічах, – дзеліцца ксёндз Андрэй. – Вядома што гэта не зусім той выгляд неагатычнага будынку. Мы не маем тых сродкаў, каб поўнасцю аднавіць яе. Але наколькі можам, мы стараемся”.

Для служэння пры парафіі з курыі прызначылі ксяндза. А людзі ўжо пасадзілі перад касцёлам кветкі і ўпрыгожылі тэрыторыю. Для многіх сем’яў гэта будзе сапраўднае свята: яны змогуць хадзіць у той касцёл, у якім калісьці маліліся іх бабулі і прабабулі.

Тэкст Вікторыя Чаплева, фота і відэа Паўла Булатага

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі