Дзеці і бацькі запрошаны на навукі Хрыстовай: у Чырвоным касцёле пачаўся навучальны год

SAM_3264

15 верасня ўрачыстая лінейка адбылася ў нядзельнай школе мінскага Чырвонага касцёла. Ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк павіншаваў дзяцей, бацькоў і катэхетаў і паблаславіў іх у дарозе да навукі Божай. Пасля св. Імшы адбыўся ўрачысты сход у дольнай залі Чырвонага касцёла.

Мы пагутарылі з дырэктарам нядзельнай школы Наталляй Лаўрэнка, маці трох сыноў.

— Заняткі ў нядзельнай школе будуць праходзіць па афіцыйнай праграме, якая прадстаўлена на сайце catholic.by. Кожная настаўніца дапрацоўвае план заняткаў індывідуальна, для сваёй групы. У нас ёсць выкладчыцы з досведам працы 20-25 гадоў. Яны выкарыстоўваюць падручнікі і розныя дадатковыя крыніцы.

SAM_3238

Выкладанне будзе весціся, у асноўным, па-беларуску. Кожная з выкладчыц мае катэхэтычную, тэалагічную адукацыю, набытую ў Гродзенскім, Баранавіцкім ці Мінскім катэхетычным каледжах, і таксама педагагічную адукацыю. Да Святой Камуніі дзеці рыхтуюцца два гады. Дзеці дзеляцца па групах : 1-2 клас, 3-4 клас,5-6 клас, моладзь ад 14 гадоў і вышэй.

— Прыходзьце, будзем пазнаваць Бога, маліцца, праводзіць час разам! — ласкава заахвоціла навучэнцаў катэхетка Марыя Чаславаўна.

— Дзеці змогуць запісацца на хор, прыходзіць на рэпетыцыі,- паведміла арганістка касцёла Марыя Новікава.

SAM_3272

Навучэнцаў і іх бацькоў павітала куратар бібліятэкі імя А. Міцкевіча Галіна Івуць.

— У нашай бібліятэцы будуць праходзіць літаратурныя вечарыны, будуць працаваць гурткі выразнага чытання для дзяцей і моладзі,будуць адзначацца касцёльныя святы. Можна азнаёміцца з духоўнай, мастацкай літаратурай, пакарыстацца падручнікамі і слоўнікамі. Да Дня горада ў бібліятэцы разгорнута выстава кніг, прысвечаных Мінску.

Запіс у нядзельную школу адкрыты, набор працягваецца.

Эла Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі