Зміцер Вайцюшкевіч падзяліўся ўспамінамі пра дзяцінства з маленькімі слухачамі

DSCN0494

Вядомы беларускі спявак Зміцер Вайцюшкевіч любіць дзяцей і заўсёды добра кантактуе з імі. Цэлы гурт хлапцоў і дзяўчат выходзіць на сцэну на яго калядных канцэртах. Дзеці артыста Язэп і Стэфанія любяць музыку, граюць на скрыпцы і фартэпіяна, займаюцца спортам. Таму ягоныя сустрэчы з юнымі слухачамі заўсёды шчырыя і сардэчныя.

20 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках заняткаў клубу Кніжных прафесараў маленькія чытачы і іх бацькі сустрэліся са сваім улюбёным трубадурам, якога запрасіла ў госці спадарыня Таццяна Сапега. Маленькія прафесары даведаліся, што яшчэ нядаўна ўлетку артыст выступаў у Лондане, Цюрыху, Кракаве і што ў яго выдатная англійская мова, засвоеная на занятках у спецыялізаванай школе.

Дзеці пазнаёміліся з кнігамі, звязанымі з творчасцю артыста – «Простыя словы» і «Беларускае слова ад спеву», якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Першую – кнігу падарожных нататкаў і ўражанняў – склаў сам артыст як вынік яго перадач на Радыё Рацыя, другую – выдалі журналісты і музыказнаўцы.

DSCN0536

Спявак узгадаў сваё дзяцінства на Нёмане, дзіцячыя забавы на рацэ і ў лесе, працу яго родных на знакамітай гуце – шклозаводзе, якому больш за 100 гадоў. Дзеці задалі артысту шмат простых і шчырых пытанняў: якія прадметы спадар Зміцер любіў у школе, чым захапляўся і якія гурткі наведваў, у якіх краінах свету пабываў. Аказалася, што гэта: ЗША, Канада, Італія, Ізраіль, Швецыя, Польшча, Чэхія і іншыя.

Спявак падзяліўся сваімі песнямі з альбома «Цацацная крама», заспяваў калыханкі, выканаў песню на японскай мове «Поўня» і на здзіўленне ў адказ пачуў ад дзяўчынкі песню на японскай мове!

Вядоўцы вечарыны і бацькі ўзгадалі ўдзел артыста ў праектах для юначай аўдыторыі «Мой сябра анёлак» разам з Галінай Казіміроўскай, Ксеніяй Мінчанкай, Ганнай Хітрык, яго вясёлыя «Прыгоды і паходы».

Разам з сябрамі Клуба кніжных прафесара спадар Зміцер выканаў песню «Я нарадзіўся тут». У ёй гучаць словы: праз пяць стагоддзяў пасля Францішка Скарыны. Артыст прызнаўся дзецям, што рады адкрываць усё новыя і новыя факты пра нашага знакамітага асветніка і першадрукара, які ўславіў Беларусь выданнем кніг Бібліі яшчэ ў ХVI стагоддзі.

DSCN0496

Маленькія слухачы і іх бацькі былі рады атрымаць на памяць дыскі з аўтографам артыста, некалькі шматдзетных сем’яў атрымалі ў падарунак кнігу пра творчасць артыста.

22 верасня ў 19.00 артыст выступіць у Берасцейскай абласной філармоніі.

Э.Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі