У Беларусі збіраюць подпісы за адстаўку міністра-камуніста

1026972212

У Беларусі распачаўся збор подпісаў за адстаўку міністра адукацыі, камуніста Ігара Карпенкі. Подпісы збіраюцца як онлайн, гэтак і на перадвыбарчых пікетах у Менску і Баранавічах, паведамляе сайт БХД.

У звароце адзначаецца, што міністр ужо і так мае вымову і папярэджанне аб няпоўнай службовай адпаведнасці за трагічны выпадак у Стоўбцах і скандал у Гомелі.

Таксама паведамляецца, што пры ім доля дзяцей, якія навучаюцца на беларускай мове, зменшылася з 11,3% у 2016/2017 навучальным годзе да 9,7% у 2018/2019. Пад кіраўніцтвам Ігара Карпенкі не развіваюцца гімназіі і профільныя класы школаў, а сам ён не заступіўся за адтэрміноўкі ад вайсковай службы для працягнення адукацыі для навучання ў магістратуры і аспірантуры, адзначаюць аўтары петыцыі.

“Пад кіраўніцтвам Ігара Карпенкі, які да свайго прызначэння ўзначальваў Камуністычную партыю Беларусі, у кіраўніцтва Міністэрства адукацыі сталі актыўна пранікаць людзі, непасрэдна звязаныя з КПБ, якія імкнуцца падпарадкаваць і праводзіць дзяржаўную палітыку ў сферы адукацыі згодна з ідэалогіяй адной партыі – КПБ”, — гаворыцца ў звароце.

У сувязі з вышэй пералічаным падпісанты патрабуюць неадкладна адхіліць Ігара Карпенку ад пасады міністра адукацыі.

Фота sputnik.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі