У Чырвоным касцёле адкрылася выстава праектаў сучасных касцёлаў

Изображение 367

22 верасня ў белай залі Чырвонага касцёла ў Мінску распачала працу выстава творчых праектаў архітэктара Аляксандра Базевіча.

Прысутных дабраславіў на знаёмства з экспазіцыяй ксёндз Кірыл Бардонаў:

— Аляксандр Базевіч стварае аб’екты, якія служаць малітве, дарозе да Бога, асвячэнню чалавека: гэта каталіцкія і праваслаўныя храмы, аб’екты, якія служаць выхаванню дзяцей і моладзі, дапамозе патрабуючым. Няхай праца архітэктараў і будаўнікоў спрыяе людзям на доўгія гады!

Прыхаджане касцёла з цікавасцю выслухалі выступленні аўтара праектаў і яго жонкі, і пазнаёміліся з яго працамі. Наведаць мерапрыемства прыйшлі калегі і сябры творцы.

Аляксандр Францавіч Базевіч нарадзіўся ў Жодзішках у 1962 годзе. Смаргонскі край паўплываў на станаўленне яго светапогляду. Старадаўні “віленскі край”, як яго называюць мясцовыя жыхары, дзе захавалася шмат помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, паўздзейнічаў на выспяванне светапогляду спадара Аляксандра. Срэбная прыгажуня Вілія, 400-гадовы касцёл у Жодзішках, сядзіба Міхала Казіміра Агінскага вышэй па плыні ракі, парэшткі Крэўскага замка — усе навакольныя мясціны стваралі непаўторную атмасферу, якая спрыяла развіццю таленту і здольнасцяў.

Изображение 346

Будучы архітэктар з дзяцінства быў зачараваны моцай і прыгажосцю храмаў, якія лучаць моцную энэргію Духа і Творчасці, вывучаў рысы народнага дойлідства, якія адбіліся ў маёнтках, броварах, корчмах, сядзібнай архітэктуры, і накіроўвалі да выбару прафесіі. У 1990 годзе Аляксандр Францавіч скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. Ён выдатна праяўвіў сябе пры стварэнні праектаў забудоў сацыяльнага прызначэння. Яго аўтарству прыналежыць шэраг культавых забудоў (з іх — 27 касцёлаў).

— На выставе прадстаўлены праекты касцёлаў, якія ўпрыгожылі Беларусь у апошнія дзесяцігоддзі: касцёл св.Казіміра ў Стоўбцах, каталіцкі цэнтр св. Арханёла Міхаіла ў Смаргоні, касцёл Маці Божай Ружанцовай у Мінску і іншыя.

Самым буйным і складаным аб’ектам з’яўляецца цэнтр у Смаргоні, які выконвае адукацыйную, выхаваўчую і камунікатыўную функцыю. Ён атрымаў дыплом Беларускага саюза архітэктараў на рэспубліканскім конкурсе архітэктурных твораў у 2001 годзе. Паспяхова былі выкананы архітэктарам праекты грамадскага прызначэння, такія, як бізнес-цэнтр “Падол” у Гродна ( 1994-95), цэнтр фірмы “ Грэйп” у Салігорску, гандлёвы цэнтр “ Сафія” у Бабруйску( 2008 ), шэраг аб’ектаў агра-турызма: сямейны турыстычны комплекс у Заслаўі, турыстычная база на Браслаўскіх азёрах, экасядзіба “Налібоцкая пушча”, комплекс “Крэўскі маёнтак” на трасе Мінск-Вільня, фальварак “Вяча” ў в. Дафарэнцыя Мінскага раёна і іншыя.

Спадар Аляксандр знаходзіць падтрымку ў сваёй сям’і: яго жонка Марыя — архітэктар, яна піша выдатныя вершы на беларускай мове, у сужанцаў– дзве дачкі. Выстава будзе доўжыцца і прыцягне ўвагу наведвальнікаў.

Э.Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі