10 цікавых фактаў пра Біблію

Біблія, напісаная амаль 2 тысячагоддзі таму, застаецца самым папулярным выданнем усіх часоў. Дастаткова ўявіць, што яе друк не спыняецца ні на секунду! Прапануем увазе чытачоў падборку цікавостак пра Святое Пісанне.

1. У сярэднім за год людзі набываюць 100 млн экземпляраў Бібліі. Самыя каштоўныя асобнікі ацэньваюць у мільёны (!) даляраў. У той жа час Святое Пісанне – самая танная ў свеце кніга. Ні адно выданне не мае такой колькасці бясплатных копій.

2. Біблія, надрукаваная Іаганам Гутэнбергам у 1450-ых гадах, складаецца з больш за тысячу старонак. На кожнай з іх – 2 калонкі па 42 радкі. Па гэтай прычыне ў навуковай літаратуры Біблію Гутэнберга часта абазначаюць як “B 42”. Яна лічыцца ўзорам якасці.

3. Каля 500 вершаў у Бібліі прысвечаны малітве, больш за 2 000 – грошам і багаццю.

4. У сярэднявеччы была распаўсюджана “Біблія для непісьменных” (“Biblia pauperum”). Яна ўяўляла сабой серыю малюнкаў з кароткімі подпісамі. Лічыцца, што такі фармат адыграў каласальную ролю ў хрысціянскай асвеце еўрапейцаў.

5. Пры каралеўскім двары Карла І у 1631 годзе выйшла рэдкая Біблія. Яна стала легендарнай з-за дапушчанай падчас друку памылкі. У апісанні адной з запаведзей была прапушчана часціца “не”, у выніку чаго атрымалася “чужалож” замест “не чужалож”. З-за гэтай памылкі Біблія атрымала назву “Біблія грэшнікаў”, “Злая Біблія”, “Біблія пралюбадзеяў”.
Па загадзе караля яе тыраж быў канфіскаваны і знішчаны, аднак некалькі асобнікаў захавалася.

6. Першая кніга Бібліі на беларускай мове была выдадзена Францыскам Скарынам больш за 500 гадоў таму. Гэта адбылося раней, чым свет убачыў пераклады Бібліі на англійскай і французскай мове. Сёння кнігі Святога Пісання даступны носьбітам больш за 3 000 моў.

7. Экземпляр Бібліі пабываў на Месяцы.
У 1971 годзе Святое Пісанне ўзяў з сабой у палёт экіпаж карабля “Апалон-14”. Усе яго 1 245 старонак былі нанесены метадам мікрадруку на ліст плошчай 4,1 см2.

8. Словы “Не бойся” і іх варыяцыі з’яўляюцца на старонках Бібліі 365 разоў, па колькасці дзён у годзе.

9. У Бібліі ўпамінаецца 2 800 уласных імён, пад якімі выступаюць каля 15 000 асоб. Найбольш часта ўзгадваецца імя Езуса Хрыста. Таксама сустракаюцца каля 160 назваў жывёл і 120 назваў раслін.

10. У час І Сусветнай вайны кожны брытанскі вайсковец павінен быў мець Біблію. Многія чыталі яе ў акопах, асабліва паміраючыя. Дзякуючы Святому Пісанню мужчына па імені Джордж Вінол застаўся пры жыцці. Куля трапіла ў кнігу, якую той насіў пад кіцелем. Яна спынілася акурат на радках: “Так кажа Пан: «Я выслухаю цябе ў час спрыяльны, у дзень збаўлення Я дапамагу табе»” (Іс 49, 8). Мужчына перажыў вайну і прысвяціў сябе місіянерскай дзейнасці.

І ўсё гэта пра кнігу, якая, хутчэй за ўсё, маецца і ў Тваёй хатняй бібліятэцы.

 

Ангеліна Пакачайла, саtholicnews.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі