Беларускія каталікі сабралі дзясяткі тысячаў подпісаў супраць гей-прапаганды і гендэру

Каталіцкі касцёл абвясціў пра агульнанацыянальны збор подпісаў пад зваротам у абарону традыцыйнай сям’і і прыняцця закону супраць прапаганды аднаполых адносін.

Ініцыятыву вернікаў дабраславілі іерархі Касцёла, у тым ліку асабіста архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Экспертная рада па пытаннях жыцця і сям’і пры Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з адмысловым зваротам, у якім адзначаецца, што ў Беларусі ўсё актыўней праяўляюцца тэндэнцыі непавагі да духоўных каштоўнасцяў інстытуту сям’і.

 «У першую чаргу яны скіраваныя на дзяцей і моладзь праз СМІ, сацыяльныя сеткі, спецыяльныя семінары па гендэрнай роўнасці, квір-фестывалі, падручнікі для псіхолагаў і журналістаў», — сцвярджаюць аўтары звароту.

Паводле сябра Экспертнай рады Ўладзіслава Валаховіча, подпісы збіралі яшчэ летась — за два тыдні больш за сем тысячаў чалавек падпісаліся пад зваротам аб забароне прапаганды аднаполых зносінаў. Зараз колькасць подпісаў вымяраецца дзясяткамі тысячаў.

Каталіцкі касцёл у Беларусі звяртаецца да заканадаўцаў з заклікам распрацоўваць і прымаць законы «ў адпаведнасці з вечна актуальнымі этычнымі нормамі».

«Каталіцкі Касьцёл рашуча абараняе традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, выступае супраць садомскага граху, які з’яўляецца адным з чатырох грахоў, якія клічуць аб помсце да Неба. А за грэшнікаў, якія свядома парушаюць шостую Божую запаведзь, у тым ліку за тых, якія маюць аднаполыя зносіны, трэба маліцца і заклікаць іх да навяртання», — гаворыцца ў звароце.

Шырокі збор подпісаў супраць гей-прапаганды і гендэрнай тэорыі сёлета ахапіў сотні парафіяў, Будслаўскі фэст, шматлікія сустрэчы для моладзі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі