«Чатыры жаночыя пакаленні ў касцёле: гісторыя адной сям’і». Лепшы мастацка-публіцыстычны пралайф-матэрыял па версіі СХЖБ

“Крыніца інфо”  працягвае публікаваць матэрыялы пераможцаў журналісцкага пралайф-конкурсу “Жыццё пад Сэрцам”, арганізатарам якога выступіла Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў.  У намінацыі “Лепшы мастацка-публіцыстычны матэрыял” перамог матэрыял Фаіны Малюжэнец з  Наваградку.  Ніжэй прапаноўваем вашай увазе тэкст пераможцы “Чатыры жаночыя пакаленні ў касцёле: гісторыя адной сям’і” .

***

Напярэдадні фестывалю сям’і і Міжнароднага дня сям’і, які адзначаецца 15 мая, хочацца расказаць пра адну з нашых парафіяльных сем’яў, якую ведаюць усе каталіцкія вернікі-навагрудчане. Я не памыляюся, сапраўды ўсе. Калі я скажу, што гэта аповед пра Леанарду Жых, яе дачку і ўнучку з сям’ёй, адразу ўсе ўспомняць і пані Лёлю, і пані Рэгіну, і сям’ю Кардаш – Марыну з Сяргеем, і іх дачок – Анастасію і Кацярыну.

Наша гутарка з пані Лёляй пачалася з майго тлумачэння, чаму для гэтага рэпартажу абрана менавіта яна і яе сям’я. Я ёй казала, што ў іх сям’і бачна моцная вера і яе пераемнасць у пакаленнях. І пачатак гэтаму, на мой погляд, закладзены ёю, яна падмурак маралі і набожнасці гэтай сям’і. Пані Лёля мне запярэчыла: “Не я, а мае бацькі. Тату звалі Міхал, а матулю – Марыя. Вось такія прыгожыя імёны ў іх былі”.

Пані Лёля

“Жылі з Панам Богам”

Пані Лёля нарадзілася ў 1929 годзе ў вёсцы Дварэц, што ў Дзятлаўскім раёне. У сям’і была яшчэ адна дзяўчынка, старэйшая сястра Валянціна, розніца ва ўзросце — 8 гадоў. Сям’я была вельмі веруючай. У вёсцы быў касцёл, які яны наведвалі ўсе разам. Лёля ўжо тады прымала актыўны ўдзел у касцёльным жыцці. Перад працэсіяй заўсёды сыпала кветкі, як, дарэчы,  цяпер робяць яе праўнучкі Насця і Каця. З дзяцінства спявала ў касцёльным хоры. І трэба сказаць, гэта заталося на ўсё жыццё.

Маці памерла, калі дзяўчынка была яшчэ падлеткам, толькі бралася ў дзявоцтва. Бацька шкадаваў сваіх дачок, браў Лёлю з сабою ўсюды, куды ішоў сам. І яна з маленства дапамагала яму, нават у дарослых працах. Напрыклад, засталіся выразныя ўспаміны, як ён араў поле, а яна баранавала.

Лёля-і-Альфонс
Лёля і Альфонс

Вайна ўвайшла ў жыццё гэтай сям’і, як і для іншых беларусаў, неспадзявана. Было цяжка і вельмі страшна за сябе, за сваіх родных. Пані Лёля ўпэўнена: толькі Бог дапамог усім з яе сям’і застацца жывымі. Жанчына ўспамінае, што яны былі адзінымі з суседзяў, каму пашчасціла быць не кранутымі смерцю.  Разам яны ўсе выкапалі каля хат акоп і хаваліся там, а потым бацька павёў сваю сям’ю ў лес, дзе яны былі, пакуль не прайшоў фронт. Калі вярнуліся дамоў, аказалася, што шмат хто загінуў, у тым акопе ляжаў забіты малады хлопец-сусед. І гэта вельмі ўразіла дзяўчынку.

Тое, што менавіта гэтай сям’і было даравана жыццё, — гэта не шчаслівая выпадковасць. Сям’я была выратавана дзякуючы апецы Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Гэты абраз дзяўчынка, а потым і маладая дзяўчына Лёля заўсёды мела пры сабе. Яна шчыра малілася Маці Божай, і Бог пачуў гэтыя малітвы і ўратаваў іх. Той абраз яна потым, калі выйшла замуж, пакінула сваёй сястры Валянціне.

“Сям’ю благаславіў Бог”

Прайшла вайна, прайшлі і цяжкія пасляваенныя гады. У 1950 годзе яна выйшла замуж і стварыла сваю сям’ю. І гэту сям’ю таксама благаславіў Бог. Яны з мужам Альфонсам, як і належыць сапраўдным католікам, захавалі чысціню адносін і ўзялі ў касцёле шлюб. Гэтым яны адрозніваліся ад многіх яе сябровак, якія жылі з мужамі без шлюбу.Таму і ў іх жыццях штосьці не клеілася, як, напрыклад, у больш заможнай сяброўкі, каторай здраджваў муж. Так няважна і прайшло жыццё той жанчыны. Яна не дажыла да старасці і праз нейкі час памерла.

Лёля-і-Альфонс-з-дачкой-Рэгінай_resize
Лёля і Альфонс з дачкой Рэгінай

А Лёлі Бог паслаў добрага мужа. Ён быў сіратой, праўда, быў старэйшы на 7 гадоў. Але маладой жанчыне вельмі пасавала. “Старэйшы — значыць разумнейшы”,  — лічыла яна.

Такога добрага мужа ёй паслаў Бог, бо і яна яго заслужыла – так разважае пані Лёля. Яна нават у маладыя гады разумела тое, што яе равеснікі і равесніцы не шанавалі. У памяці, як карцінка, сёння ўсплывае, як у час выбараў усе наўкола весяліліся, танчылі, спявалі, а Лёля на 12 гадзін дня спяшаецца ў касцёл. Сяброўкі клічуць далучыцца да іх гулянкі ў клубе. Дзяўчына не згаджаецца, яна крочыць далей, у касцёл. Вядома, пасля  св. Імшы яна таксама далучылася да іх, паспявала і патанцавала таксама. Але на першым месцы ў яе заўсёды быў Бог. Таму і жыццё выйшла ў яе іншае, чым у тых танцуючых сябровак.

З мужам яны жылі ў Навагрудку, ўсё жыццё разам хадзілі ў фарны касцёл пакуль не быў адноўлены касцёл святога Міхала Арханёла. Тагачасная ўлада праследавала іх за гэта. Муж працаваў ў бюро тэхнічнай інвентарызацыі спачатку чарцёжнікам, а пасля спецыяльных курсаў – інжынерам, яна працавала на швейнай фабрыцы. І вось аднойчы яе выклікаў да сябе ў кабінет дырэктар фабрыкі па прозвішчы Сіротка. Ён пачаў абвінавачваць жанчыну ў тым, што вадзіла сына ў касцёл. А тады сапраўды забаранялі гэта рабіць. Касцёльныя людзі стаялі на ўваходзе і не пускалі дзяцей. Яна ж правяла свайго Чэся. І пра гэта стала вядома нават адміністрацыі фабрыкі. Дык вось, дырэктару яна адказала: “Пакуль маё дзіця жыве са мной і есць мой хлеб, будзе хадзіць, куды вяду. Гэта значыць, будзе хадзіць у касцёл” (Часлаў 1963 года нараджэння).

І трэба сказаць, дзеці слухаліся маці, самі, без падказкі, хадзілі ў касцёл. Дырэктар жа не знайшоў што адказаць жанчыне. Пані Лёля кажа: “У нашым жыцці касцёл заўсёды быў на першым месцы. Астатняе потым”. Вось так мужна змагалася за сваю веру гэтая сям’я.

“Муж памёр у 1997 годзе, – расказвае пані Лёля, – але ён пакінуў мне добрую спадчыну – добрых і выхаваных у веры дзяцей – Часлава і Рэгіну. Сын зараз жыве ў Смаргоні, яны з жонкай працуюць у музычнай школе, маюць пяць дзяцей і шэсць унукаў. Дачка Рэгіна, якая нарадзілася ў 1951 годзе, жыве ў Навагрудку, працуе ў паліклініцы фельчарам. Тут жа жыве яе дачка з сям’ёй. Усяго маю дваіх дзяцей, шэсць унукаў і восем праўнукаў. Усе мае дзеці, унукі і праўнукі ходзяць у касцёл, і я вельмі цешуся з гэтага”.

Сям’я Кардаш

Сустрэчы пад дахам Бога

Кожную нядзельку на 10 гадзін раніцы на св. Імшу, што цэлебруецца ў касцёле святога Міхала Арханёла на беларускай мове, прыходзіць дачка пані Лёлі Рэгіна, яе дачка Марына з мужам і іх дзве дачушкі – Анастасія і Кацярына. Дзяўчынкі прымаюць актыўны ўдзел у касцёльным жыцці, разам з усімі дзецьмі спяваюць, як і іх прабабуля, праслаўляючы Бога, удзельнічаюць у касцёльных працэсіях.

Жых-Альфонс-Лёля-сын-Часлаў-і-іх-сяброўка-з-сынам
Жых Альфонс Лёля, сын Часлаў і іх сяброўка з сынам

На 12 гадзін дня на св. Імшу на польскай мове прыходзіць пані Лёля. Яна ўжо ведае ўлюблёныя яе праўнучкамі месцы ў касцёле, таму адразу рушыць туды. Дзеці абдымаюць сваю прабабулю, яна прыносіць ім нейкія прыгатаваныя гасцінцы. Такая кранальная сустрэча пад дахам Бога адбываецца ў касцёле кожны тыдзень. Але гэта не асноўныя падарункі бабулі яе дзяўчаткам.

Сямя-Кардаш_resize
Сям’я Кардаш

Пані Лёля расказвае, што на ўсе дні нараджэння яе дзяцей, унукаў і праўнукаў яна замаўляе ў касцёле св. Імшу за іх здароўе. А яшчэ яна шчыра  дзякуе Бога за мужа ўнучкі Марыны — Сяргея.

Вялікая-сямя-пані-Лёлі_resize

P.S. Пані Лёля кажа: “Усе мае жаданні ў жыцці споўніліся. Усіх давяла да парадку. Жыву з Панам Богам. Кожны дзень хаджу да касцёла. Іду раней, каб перад сумой памаліцца на ружанцы (я вяду ружанец.), па-ранейшаму спяваю ў касцёле. І дзякую Бога за ўсё гэта, бо дакладна ведаю — гэта Ён дае мне сілы!

Ёсць такая прымаўка: без Бога не да парога. Так яно і ёсць. Я перакананая ў гэтым.”

Фаіна Малюжэнец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі