“Мяне служэнне не напаўняе, а разбурае. Мяне напаўняе толькі Госпад”. Шчырая размова са святаром, які служыць у хоспісах

Страшна аддавацца служэнню дашчэнту, бо заўжды хочаш пакінуць сілы для сябе, сям’і і здароўя. Напэўна, айцец Раман таксама некалі баяўся. Але аднойчы, калі ён быў яшчэ дыяканам, то маліўся на літургіі, стаяўшы насупраць абраза Хрыста, глядзеў Яму ў вочы і сказаў: “Госпадзе, я буду служыць табе шчыра. Толькі захавай маю сям’ю”. І тады прыйшло дакладнае разуменне: Госпад яго ніколі не пакіне.

З таго часу малады святар працуе па 20 гадзін у суткі з адным выходным – раз на паўгады. Акрамя служэння ў царкве Марыі Магдалены ў Мінску, ён служыць дзецям у нядзельнай школцы, праводзіць сустрэчы для прыхаджан, выкладае ў Мінскай духоўнай акадэміі, ходзіць у дзіцячы хоспіс і дзіцячы палеатыўны цэнтр некалькі разоў на тыдзень. Як ён усё паспявае – не ведаю… Але сам айцец Раман кажа пра тое, што даўно ўжо не жыве ўласным жыццём, а жыве жыццямі іншых. “Іх выпрабаванні становяцца маімі”, – дзеліцца святар.

IMG_4702_новый размер

“У кожнага свая глыбіня”: ці кожны вернік мусіць займацца сацыяльным служэннем?

– Кажуць, каб быць здольным займацца сацыяльным служэннем і не выгараць, трэба абстрагавацца і не прымаць усё блізка да сэрца. Але дзе мяжа паміж чэрствасцю і празмернай чуллівасцю?

– У мяне яе няма. Я выгараю наўмысна, бо немагчыма рабіць нешта напалову. Як можна абстрагавацца, калі ты бачыш чужы боль? Калі ты не прапусціш яго праз сябе, то іншаму не дапаможаш. Святар павінен прапусціць усё праз сябе, інакш ён проста не будзе шчырым з іншымі. Гэта ж бачна, калі ты не суперажываеш, бо беражэш сябе. Хрыстос добра сказаў пра тое, што калі хоча нехта зберагчы душу, той яе страціць. У маім выпадку мяне напаўняе літургія, мяне напаўняе мой Госпад. Сёння мне цяжка, сёння з мяне ўсё выпіта… Але наступіць новы дзень, калі я змагу аддаць людзям тое, што Ён даў мне. Пад вечар я зноўку буду пусты, але пасля Ён зноў мяне напоўніць. Гэта мая пазіцыя, хаця звонку гэта падаецца самаразбурэннем. Я нікога не заклікаю да такога ладу жыцця. Але святар мусіць служыць.

IMG_4700_новый размер

– Ці гэта тычыцца толькі святара?

– Ведаеце, я лічу, што не кожны чалавек мусіць жыць такім чынам. Апостал Павел добра кажа пра розніцу паміж намі. Напрыклад, не кожны чалавек мусіць уступаць у шлюб. Проста ў кожнага – свая глыбіня пагружэння. Ёсць у мяне такія прыхаджане, якія прыходзяць да мяне і з запалам кажуць: “Мы з Вамі будзем ездзіць па хоспісах!”. Але я іх прыпыняю, кажу: “Вось вам я б не рэкамендаваў”. Ведаю, што ён з’ездзіць некалькі разоў, а пасля будзе ў дэпрэсіі.

– А ад чаго залежыць гэтая глыбіня пагружэння?

– Гэта залежыць ад унутранага стрыжня самога чалавека. Ёсць людзі, якія жывуць у крышталёвым шары. Рэальнасць у яго разуменні – абавязкова светлая і прыгожая. А калі кажаш яму, што рэальнасць – гэта і боль, і здрадніцтва, і смерць, то ён пярэчыць табе і кажа, што гэта не так. І калі ты разаб’еш гэты шарык, то разаб’еш і самога чалавека. Госпад ставіцца да нас вельмі трапятліва. Ён не дае адчуваць іншаму тое, што адчуваю я. Ён не дае кожнаму перажыць боль страты сваіх дзяцей. Раптам ён не выплыве? У яго не такі стрыжань. Таму і мы павінны быць пяшчотнымі да іншых. Псіхолагі могуць са мной спрачацца. Але рэсурс любові закладзены кожнаму з самага нараджэння. Проста не кожны яго развівае. Самае галоўнае – каб мы былі ўпэўнены, што нашы штуршкі не зламаюць гэтага чалавека. Садоўнікі мусяць правільна даглядаць сад. Але правільна даглядаць – гэта не азначае зрэзаць ружу тады, калі яна яшчэ не распусцілася. Калі чалавек далучаецца да нашага служэння з павагі, мы павінны разумець, што мы можам яго зрэзаць, а ён не паспее распусціцца. Я ўспрымаю чалавека, як таго, каго мне з рук у рукі перадае Бог. І мая задача – нічога не зламаць. А на тых людзей, якіх мне Бог пасылае, Ён дае і час, і сілы. Проста не трэба шкадаваць сябе.

IMG_4707_новый размер

Пра час і малітву

– Але нават малітва за людзей забірае шмат часу і сілаў…

– Я малюся падчас набажэнстваў, калі еду кудысьці ці іду. Іншага часу на малітву ў мяне проста не будзе. Падчас набажэнства, калі ты ўзгадваеш людзей па імёнах, то адчуваеш унутраную сувязь. І ад гэтага малітва не становіцца слабейшай. Сказана ж, не трэба быць як паганцы, шматслоўнымі… Але малітва мусіць быць жывой. Калі яна нежывая, то можа цягнуцца хоць пяць гадзін, выніку не будзе… Я намагаюся асвяціць кожны момант свайго жыцця размовай з Богам. У мяне ёсць час – я з Ім размаўляю. І тады атрымліваецца: мітусня жыцця – не мітусня… Бо ў кожным імгненні жыцця быў Госпад. Якая ж гэта мітусня? Яна асвячана Богам.

IMG_4728_новый размер

– Ці былі моманты, калі Вы маўчалі перад Богам?

– Думаю, што кожны, каго накрываюць сумневы або бяссілле, калісьці маўчаў. Але і ў гэтым маўчанні Ён прысутны. Упершыню, калі я адпяваў дзіця, прыйшло маўчанне. Я не мог зразумець, чаму дзеці паміраюць. Я маўчаў, бо сказаць не было чаго. Але моманты сумневу таксама важныя. Калі чалавек кажа, што ні разу не сумняваўся, гэта праблема… Толькі тая вера, якая нараджаецца ў гарніле сумневаў, будзе моцнай. Вера без сумневаў – гэта фанатызм, бяда… А калі яна заснавана на сумневах, перажываннях, пытаннях, то яна становіцца мацнейшай. Бо усялякі раз ты сумняваешся для таго, каб знайсці адказ для сябе, чаму ты мусіш застацца з Ім. Вера – гэта не веданне. Веданне не пакідае нам выбару. Вера ж і заснавана на тым, што мы пастаянна сумняваемся. Мы ідзем наперад, прыпыняемся, задаем пытанні для таго, каб адказаць, для чаго нам ісці наперад.

– Вы не баіцеся хадзіць па інфекцыйных лякарнях і не захварэць самому?

– Апошнім часам я не хварэю. І я здзіўляюся, бо заўжды ператомлены. У мяне дэфіцыт вітаміна D: здаваў аналізы, правяраўся. Мой імунітэт, па ідэі, мусіць быць забіты. Але пры гэтым я пастаянна езджу па “інфекцыёнках” і рэанімацыях… І я не хварэю. Калі я заходжу туды, я проста кажу: “Госпадзе, не дай мне захварэць”. Перад тым, як кудысьці ехаць, я кажу жонцы, што магу нешта з сабой прынесці. Але папярэджваннямі ўсё і сканчвалася. Хаця прычашчаю я шмат людзей, у тым ліку і тых, хто памірае ад ВІЧ. Не так даўно я прыехаў у рэанімацыю прычашчаць жанчыну, якая памірала ад запалення лёгкіх на фоне ВІЧ. У яе ішла кроў паўсюль – з носу, вушэй… Мне доктар кажа: “У яе адкрытая форма, давайце без вашых гэтых, а?”. А што мне “без вашых гэтых”, калі Бог прывёў мяне да гэтай жанчыны? Я прычашчаў яе ў пальчатках, пасля ўсё прадэзынфікаваў. Проста калі ты Яму давяраеш, значыць давяраеш. Ва ўсім.

IMG_4719_новый размер

– Шчасце, на Ваш погляд, – гэта быць у служэнні?

– Я шчаслівы ў тым, што я раблю, што я служу. Зараз аснова майго жыцця – гэта маё служэнне. Але служэнне дзеля служэння – бессэнсоўная рэч. Мяне служэнне спустошвае, бо ты пастаянна аддаеш. Мяне напаўняе толькі еўхарыстыя. Псіхолагі пры спустошванні раюць рэлакс. Паспрабаваў і я “рэлакснуць”. Толькі ты з’ехаў, а галава ўсё адно за табой, пры тым, яна працуе. Калі я служу літургію, то адключаюся поўнасцю. Ёсць толькі ты і Госпад. Калі ты прычашчаешся, тады ты напаўняешся. Няма еўхарыстыі – няма служэння.

– Што трэба рабіць верніку, калі прыходзяць выпрабаванні?

– Любую цяжкую сітуацыю трэба разглядаць з двух частак: калі робім мы і калі мы просім, каб рабіў Бог. Калі мы робім першую частку і упіраемся аб сценку, кажам: “Госпадзе дзейнічай у нашым жыцці”. Калі мы гэтага не зрабілі, то нават заікацца аб просьбе не маем права. Нават чалавек з анкалогіяй спачатку мусіць зрабіць тое, што залежыць ад яго. А пасля прыходзіць момант, калі ты дасягнуў дна. Стоячы на ім, трэба сказаць: “Госпадзе, я зрабіў усё, што мог. Цяпер дзейнічай Ты”. І тады не будзе страху, бо ты зрабіў ўсё, што мог і баяцца больш няма чаго.

Пра сям’ю

– Хто найперш церпіць праз Вашае служэнне?

– Сям’я, канечне. За час служэння я навучыўся якасна выкарыстоўваць свій час дома. Можна ж правесці цэлы дзень з сям’ёй, але без кантактавання. У сям’і мы ўжо прывыклі: ёсць вольны час – мы размаўляем. З жонкай размаўляем абавязкова штодня, няважна якія я – стомлены ці не. Дачка таксама мяне чакае. Я прыходжу, пытаю ў яе, як прайшоў яе дзень, што яна ў ім адчувала…

IMG_4730_новый размер

– Ці адразу ваша жонка звыклася да такога ладу жыцця?

– Калі ты апранаеш крыж, рэальнасць становіцца зусім іншай. Я быў панамаром 15 гадоў. Нельга сказаць, што я не ведаў царкоўнага асяродку. Але да таго, у чым я знаходжуся зараз, я не быў гатовы. Калі ты становішся святаром, твая рэальнасць расшыраецца на 360 градусаў… Да гэтага немагчыма быць гатовым. У складаных момантах мы з жонкай заўсёды думаем, вось, маўляў, пройдзем гэта, а пасля будзе лягчэй. Але рэальнасць іншая: пасля становіцца толькі больш складана. У гэтым і ёсць складанасць даверу да Бога. Ты стаіш перад прорвай. Робіш крок – і разумееш, што далей ты падаеш. Ты падаеш і разумееш, што ні на што не ўплываеш. Ты проста служыш Богу і людзям – і ўсё. Жонка святара нясе такі ж крыж, як і святар. Толькі гэты крыж нябачны. Ніхто не зразумее рэальнасці святарскай сям’і, акрамя самой святарскай сям’і.

Пра сістэму

– Вядома, што жыццё ўнутры царквы зусім іншае, чым звонку… Любая царква – гэта найперш сістэма. Як маладым людзям, якія прыходзяць у Праваслаўную царкву з палаючымі сэрцамі, не расчаравацца і не выгарэць?

– Любая сістэма мае свае хібы. Людзі расчароўваюцца, ламаюцца. Ёсць некалькі шляхоў. Адзін шлях – гэта калі ты лаеш сістэму і ідзеш супраць яе. У такі выпадку, сістэма цябе проста перамеле і выкіне. Ты нічога не зможаш і не паспееш зрабіць. Другі шлях – ты прыстасоўваешся і робіш нешта мінімальнае і атрымліваеш задавальненне да жыцця. Іншыя проста сыходзяць. Можна прымаць усе плюсы і мінусы сістэмы і рабіць тое, што ты можаш і мусіш. Можна не лаяць сістэму і не намагацца яе змяніць.

IMG_4727_новый размер

– Я так разумею, што вы абралі апошні шлях…

– Так. я магу мяняць толькі прастору вакол сябе. Калі ты будзеш гарэць знутры, ты не будзеш выгараць праз тое, што сістэма несправядлівая. Але ты будзеш прыносіць карысць тым людзям, якія знаходзяцца побач з табой. А больш нічога і не трэба. Святар не пакліканы для таго, каб нешта мяняць у сістэме. Святар пакліканы служыць. Так служы. А многія згараюць, бо прыходзяць і думаюць, што тут ружова і прыгожа. А тут ні ружова і ні прыгожа. І пасля сыходзяць. А чаму? Таму што ўсё яшчэ не навучыліся кантактаваць з Богам. Да мяне часта прыходзяць людзі і скардзяцца, што церпяць несправядлівасць. Тады я кажу тое, што аднойчы пачуў ад аднаго святара: “Маім адносінам з Хрыстом гэта не перашкаджае”. Калі прыняць такую пазіцыю, тады ўсялякія несправядлівасці падаюцца дробязямі. Што мне да гэтага, калі ў цэнтры ўсяго – Хрыстос?

Вiкторыя Чаплева,

фота аўтара

 

 

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
09.10.2019 Інтэрв'ю|




Блогі