Ультыматум Эладскай царкве, або параза маскоўскай царкоўнай дыпламатыі

Сёння адбылося пасяджэнне Сінода Маскоўскай Праваслаўнай Царквы. Нечарговае. Экстранае. Аўральнае. На парадку дня стаяла вельмі важнае пытанне: што рабіць? Але традыцыйнага для Расіі пытання “хто вінаваты?” не было. Адказ у мітрапалітбюро гатовы: вінаватыя ўсе – Канстанціпольскі Патрыярхат, украінскія “раскольнікі”, Эладская Царква, але не яны.

А ўсё пачалося дзеля маскоўскай няўвагі да званочкаў. І дзеля маскоўскай фанабэрыі.

Яшчэ ў 1924 годзе Маскве падалі сігнал з Канстанцінопаля, з Фанара: мы не прызнаем ваша права на былую Кіеўскую мітраполію. І частцы гэтай мітраполіі Канстанцінопаль  даў аўтакефалію. З-пад юрысдыкцыі Масквы былі выведзены епархіі парафіі Заходняй Беларусі (у тым ліку Віленская) і Заходняй Украіны, якія сталі складовай часткай Польскай Праваслаўнай Царквы.

(Дарэчы, пытанне гісторыкам: па якому праву цяперашнія Гродзенская, Навагрудская, Лідская, Брэсцкая і Пінская епархіі, а таксама заходняя частка Полацкай епархіі падпарадкаваны Маскве? Ці не па праву захопу гэтых тэрыторый у 1939 г. Савецкім Саюзам? Нешта я не чытаў, каб Канстанцінопаль падарыў іх Маскоўскаму Патрыярхату.)

Пасля страты часткі сваіх колісь захопленых уладанняў у сучаснай Польшчы Маскве ў 2008 годзе ледзь удалося пазбегнуць другой страты – прызнання аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ва Украіне.

Масква магла зрабіць выснову: удалося сёння – можа не ўдацца іншым разам. І, здавалася, такая выснова была зроблена. Наколькі вядома, у ходзе падрыхтоўкі Святога  і Вялікага Сабору Праваслаўнай Царквы меркавалася разгледзець на ім і пытанне аб парадку надання аўтакефаліі. Аднак перад самым Саборам Масква адмовілася браць у ім удзел. Чым выкліканы такі крок – нейкіх вычарпальных і лагічных тлумачэнняў няма і дасёння. Можна толькі меркаваць, што Масква не жадала, каб Святы і Вялікі Сабор умацаваў аўтарытэт Канстанцінопальскай (Усяленскай) кафедры. І Масква, якая пратэндуе на гегемонію у сусветным праваслаўі, вырашыла сарваць яго правядзенне.

(Маскоўскія аўтары настойліва называюць Сабор 2016 года ўсеправаслаўным. І робіцца гэта дзеля таго, каб паказаць, што  насамрэч Сабор быў не ўсеправаслаўны, бо ў ім не ўдзельнічалі чатыры аўтакефальныя царквы з чатырнаццаці. Думаецца, што Масква, не здолеўшы павесці за сабой больш як дзве траціны памесных цэркваў, хоць так, скажаючы назву Сабора, хоча атрымаць сатысфакцыю.)

Не паслаўшы на Святы і Вялікі Сабор Праваслаўнай Царквы (Αγία και Μεγάλη Σύνοδος της Ορθοδόξου Εκκλησίας яго афіцыйная назва па-грэцку), Масква прайграла. Магчыма, на Саборы ёй удалося б правесці канон аб тым, што аўтакефалія даецца Ўсяленскім Пасадам са згоды усіх памесных цэркваў. Цяпер жа, калі Сабор застаўся ў гісторыі, Масква і некаторыя іншыя Цэрквы, дарма патрабуюць кансэнсусу ў пытанні аб аўтакефаліі. Пасля Усяленскага Сабору 451 года дзевяць сучасных памесных цэркваў, пачынаючы з Маскоўскай, атрымалі аўтакефалію з ласкі Фанара. І ніхто не можа аспрэчваць яго права даваць аўтакефалію цэрквам у іншых краінах, на тэрыторыю якіх распаўсюджвалася юрысдыкцыя Канстанцінопальскай Царквы.

Канона аб кансэнсусе цэркваў ў пытанні пра аўтакефалію няма. І гэтым кіраваўся Канстанцінопаль, калі выдаў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы Украіны. А яшчэ раней (11 кастрычніка мінулага года) Канстанцінопаль яшчэ раз нагадаў Маскве, што яна самавольна наклала руку на былую Кіеўскую мітраполію, на цэрквы (епархіі) даўніх Польшчы і Літвы (Вялікага Княства Літоўскага), што гэтыя тэрыторыі па-ранейшаму знаходзяцца ў юрысдыкцыі Усяленскага Пасаду.

12 кастрычніка ўжо гэтага года архірэі Эладскай Праваслаўнай Царквы на сваім Саборы згадзіліся і з тым, што даўняя Кіеўская мітраполія – гэта тэрыторыя Канстанцінопальскай Царквы, і з тым, што Фанар мае поўнае права даваць аўтакефалію цэрквам на гэтай тэрыторыі. Такім чынам, Эладская Царква прызнала кананічнасць новапаўсталай Праваслаўнай Царквы Украіны, і чакаецца, што 19 кастрычніка архіепіскап Афінскі і ўсяе Элады Іеранім ІІ адслужыць Боскую літургію разам з мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Укріаны  Епіфаніем.

Вось гэта – што следам за Канстацінопалем кананічнаю Украіную Царкву прызнала і Элада – не на жарты ўстрывожыла Маскву. З Канстанцінопалем яна ўжо пасварылася. Сёння на сваім пасяджэнні Сінод сварыцца з Афінамі не асмеліўся. Ён зрабіў выгляд, што не верыць у прызнанне Эладскаю Царквою Царквы Украінскай. Ён хоча запабегчы супольнай службе прадстаяльнікаў  двух цэркваў – Эладскай і Украінскай. І таму прад’явіў грэкам ультыматум: калі Іеранім ІІ пачне ў час багаслужбаў памінаць “галаву адной з украінскіх раскольніцкіх груповак” (чытай: Епіфанія) або ўчыніць іншыя дзеянні, якія сведчаць аб прызнанні ім “украінскага царкоўнага расколу” (г.зн. Праваслаўнай Царквы Украіны), то патрыярх Кірыл перастане памінаць Іераніма Другога.

Нешта слаба верыцца, што грэкі паддадуцца на шантаж. Праўдападобна, у суботу, 19 кастрычніка, Маскоўская Царква парве адносіны і з Эладскаю Царквою.

Тым часам назіральнікі лічаць, што Украінскую Царкву неўзабаве прызнае самая вялікая (пасля Маскоўскай) Румынская Царква. Няўжо і з ёю Масква пасварыцца?

Як яно будзе – паглядзім. Думаецца, што што Маскоўская Царква і яе дыпламатыя дзеля сваёй капральскай фанабэрыстасці (усе ідуць не ў нагу, адзін капрал у нагу) зноў церпіць паразу на “ўкраінскім фронце”.

Анатоль Сідарэвіч.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі