Канфлікт вакол ПЭНа ў хрысціянскай парадыгме

pen-centr-4

Падзеі вакол Беларускага ПЭНа, якія распачаліся адкрытым лістом аднаго з лідараў БХД ды пісьменніка Паўла Севярынца, большасцю журналістаў ды аналітыкаў падаецца як канфлікт між традыцыйнымі хрысціянскім ды “дэмакратычна-ліберальным” светапоглядамі. Аднак пэўныя моманты дыскусіі наводзяць на думку, што падставай канфлікту ёсць не толькі (і не столькі) хрысціянскі светапогляд Паўла Севярынца ці “ліберальная” пазіцыя ягоных апанентаў, а савецкая (нават больш шырока – сусветна-камуністычная) спадчына, якая, на наш погляд, прысутнічае ў матывацыі дзеяў абодвух бакоў. Гэта бачна праз іх неразуменне як стаўлення традыцыйных хрысціянскіх Цэркваў (Праваслаўнай і Каталіцкай) да гомасексуалізму ды ЛГБТ, так і цывілізаванага спосабу стварэння “творчых саюзаў”. У дадзеным артыкуле мы паспрабуем выкласці ўласна хрысціянскую пазіцыю на пэўныя рэчы ды сцверджанні, якія ўжо прагучалі ў працэсе дыскусіі.

Адразу мусім вызначыцца, што ў стаўленні традыцыйных хрысціянскіх Цэркваў (Праваслаўнай і Каталіцкай) да ўласна граху і да грэшніка (асобы, якая зграшыла або грашыць) існуе кардынальная розніца, якая чамусь не ўлічваецца ў абгрунтаванні сваёй пазіцыі абодвума бакамі канфлікту.

Хрысціянскія Цэрквы бескампрамісна засуджваюць любы грэх, а таксама спробы ягонай рэабілітацыі, апраўдання, абароны ды прапаганды. Усё гэта цалкам стасуецца не толькі гомасексуалізму, як аднаго з грахоў выразна пазначанага ў Бібліі, але ўсіх палітычных тэорый, партый, грамадскіх арганізацый ды рухаў, якія выступаюць супраць хрысціянскіх каштоўнасцяў і (або) здзяйсняюць непрымальныя для верніка крокі.

У той жа час ані Праваслаўная, ані Каталіцкая Цэрквы не заклікаюць да асуджэння людзей, якія праз пэўныя грахоўныя схільнасці або праз асабістую слабасць здзяйснялі нейкі грэх, бо “калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас” (1 Ян. 1:8). Таму, хрысціянскі падыход заключаецца ў максімальнай любові ды ўвазе да грэшнікаў, калі яны ўсвядомліваюць свой грэх ды намагаюцца змагацца з ім. Пры гэтым Царква стаіць на падмурку свабоднай волі чалавека – яна не прымушае яго да пакаяння, а выключна заклікае яго да гэтага. Аднак хрысціянства максімальна негатыўна, нават жорстка, ставіцца да асобы, якая кахаецца ва ўласным граху, лічыць яго нормаю ды г.д. Асабліва гэта стасуецца тых, хто спрабуе ўцягнуць у грэх іншых, распаўсюдзіць яго ў грамадстве. Падобных асобаў выкрэслівалі з хрысціянскае супольнасці, але працягвалі маліцца за іх вяртанне на шлях выратавання.

Выходзячы з гэтых прынцыпаў, традыцыйныя хрысціянскія Цэрквы фармуюць сваё стаўленне до розных арганізацый (палітычных, творчых, праваабарончых і г.д.). У тым выпадку, калі ў дзейнасці пэўных арганізацый, нават быццам цалкам станоўчых, магчымы выпадкі абароны або прапаганды непрымальных для хрысціяніна рэчаў (той жа ЛГБТ супольнасці), Царква не раіць сваім вернікам (ці прама забараняе) быць сябрам падобнай арганізацыі, аднак можа падтрымліваць пэўныя праекты. Пры гэтым само сабой зразумела – для сапраўднага верніка-хрысціяніна Царква ёсць найбольшым ды безумоўным аўтарытэтам у гэтакіх пытаннях.

Такім чынам, чалавек, які сапраўды ёсць вернікам Праваслаўнай або Каталіцкай Царквы, ніколі не будзе імкнуцца быць сябрам супольнасці, якая можа выказаць калектыўную падтрымку чагось непрымальнага для яго або засудзіць нейкія прынцыповыя рэчы. Калі ж нешта з гэтага станецца, калі асоба ўжо ёсць сябрам арганізацыі, яе маральны выбар мусіць быць адназначны – пакінуць шэрагі падобнай структуры. І тут спасылка на тое, што Хрыстос размаўляў ды сядзеў за адным сталом з грэшнікамі, што апосталы ды святыя ішлі прапаведаваць да язычнікаў, не праходзіць. Бо ані Хрыстос, ані апосталы, ані святыя не ўступалі да грахоўных супольнасцяў. Больш таго, шмат мучанікаў прыняла смерць, але не саступіла язычнікам нават у мінімальным.

Такім чынам, выклаўшы вышэй асноўныя прынцыпы хрысціяніна па стаўленні да граху, грэшнікаў ды дзейнасці любых свецкіх арганізацый, пяройдзем уласна да аналізу канфлікту ды ягонага сапраўднага падмурку.

Як вядома, ПЭН быў заснаваны ў 1921 г. найперш як прафсаюзнае аб’яднанне прафесійных пісьменнікаў – “сяброўства ў ПЭН-клубе адкрыта для ўсіх прафесійных пісьменнікаў, незалежна ад нацыянальнасці, мовы, расы або веравызнання”. Аднак паступова, асабліва пасля ІІ Сусветнае вайны, арганізацыя пачала набываць пераважна праваабарончыя рысы лева-палітычнага ды нават сацыялістычнага спектру. Гэта было настолькі відавочна, што ў 1955 – 1956 гг. аддзел культуры ЦК КПСС сур’ёзна разглядаў пытанне аб уступе “Саюзу пісьменнікаў СССР” у дадзеную міжнародную арганізацыю. І хоць рашэнне было адмоўным, фактычна да канца 80-х гадоў ХХ ст., СССР фінансаваў левае крыло гэтай арганізацыі ды дазволіў існаванне яе структур у некаторых краінах т.зв. “Сацыялістычнага лагеру”… Не паглыбляючыся ў далейшую гісторыю, адзначым, што на сёння ПЭН канчаткова ператварыўся з своеасаблівага пісьменніцкага прафсаюзу, якім яго бачылі стваральнікі, у “Сусветную праваабарончую арганізацыю пісьменнікаў”. Менавіта праз гэта, ужо недзе з 1981-1984 гг. міжнародны цэнтр ПЭН-клубу пачынае актыўна супрацоўнічаць з ЛГБТ-рухам, а з 1986 г., калі яго прэзідэнтам быў абраны адкрыты гей Фрэнсіс Кінг, падтрымка гэтага руху робіцца адным з прыярытэтных кірункаў ягонай дзейнасці, а ПЭН пачалі актыўна пакідаць пісьменнікі-хрысціяне. Менавіта ў такім досыць супярэчлівым выглядзе сусветны ПЭН быў у 1989 г., калі ягоная структура пачала стварацца і ў Беларусі.

Можна меркаваць, што беларускія стваральнікі ПЭНу мелі на мэце вельмі станоўчыя ды высокія мэты. Але праблема была ў тым, што ўсе яны выйшлі з СССР ды акрамя савецкай іншай мадэлі творчых саюзаў проста не зналі. Таму замест прафсаюзнай мадэлі, а таксама свабоднага лагістычнага цэнтру камунікацыі, у тым ліку і міжнароднай, пачалі ствараць аналаг “Саюзу пісьменнікаў СССР”. Найперш гэта выявілася ў прысваенні кіраўніцтвам вырашаць, хто ёсць уласна пісьменнікам, а хто ім не з’яўляецца, а таксама рабіць ад імя арганізацыі розныя палітычныя ды праваабарончыя заявы. Можна без перабольшання сказаць, што гэта цалкам адпавядала савецкай формуле адносна творчай інтэлігенцыі “кіраваць-уплываць-маніпуляваць-выкарыстоўваць”. Пры гэтым, патрэбна ўлічваць – вядомыя палітычныя абставіны не далі развіцца ў Беларусі свабоднаму рынку выдаўцоў, перыядычных выданняў, разнапланавых творчых аб’яднанняў і г.д., што ў сваю чаргу паспрыяла станаўленню ПЭНа як яшчэ аднаго савецкага рудыменту – доступу до донарскіх рэсурсаў праз аўтарытэт сяброўства ў ім.

Форма “творчага саюза”, створаная па савецкім узоры, практычна перадала ўсю ўладу выканаўчаму органу – радзе ПЭНу, якая з пэўнага моманту распачала тую дзейнасць, якая была ёй больш блізкая палітычна-ідэйна ды прыцягвала грошы міжнародных праваабарончых арганізацый праз падтрымку іх ініцыятыў (найперш – ЛГБТ-руху) сваім аўтарытэтам. Усё гэта немінуча мусіла прывесці да ідэалагічна-маральнага канфлікту, які й выліўся ў лісце Паўла Севярынца ды заявах некаторых іншых сяброў (ці былых сяброў) Беларускага ПЭНу.

Аднак, на маю думку, паколькі і традыцыйныя хрысціянскія Цэрквы, і сусветны хрысціянска-дэмакратычны рух, часткаю якога ёсць БХД, паставілі досыць выразныя “чырвоныя лініі” адносна падтрымкі пэўных арганізацый, у тым ліку і ЛГБТ, Павал Севярынец, як чалавек, які дэкларуе свой хрысціянскі светапогляд, мусіў ужо ад пачатку высветліць, у якой арганізацыі ён ёсць сябрам ды якія заявы яна прымае. Бо да свайго выключэння (і зараз пасля аднаўлення) ён нясе маральную апавядальнасць за падтрымку Міжнародным ПЭНам антыхрысціянскіх рухаў, у тым ліку – ЛГБТ, што было афіцыйна дэклараванае пад час ягонага кангрэсу у Бішкеку.

Больш таго, нягледзячы на ўсе савецкія рудыменты піетэту да розных “творчых саюзаў”, мы мусім вызнаць: пакуль ПЭН (як і шэраг іншых “творчых саюзаў”) застаецца створаным за савецкім узорам, ягоны канфлікт як з хрысціянскай верай, так і нармальнымі дэмакратычнымі прынцыпамі, будзе сталым. А тое, што ПЭН застаецца цалкам “савецкай” арганізацыяй з прэтэнзіяй на “кіруючую ды вызначаючую”, мы бачым на прыкладзе адмовы ва ўступе Паўлу Булатаму, які ў свае 26 гадоў мае “больш за 150 навуковых прац ды дзясяткі мастацкіх публікацый”.

На наш погляд, кожны, хто называе сябе хрысціянінам ды хоча заставацца ў хрысціянска-дэмакратычным палітычным полі, мусіць для сябе вызначыць: або ты сапраўды хрысціянін ды дэмакрат, для якога вера і прынцыпы вышэй піетэту, амбіцый ды карысці, або ты носьбіт савецка-калгаснага менталітэту. Бо ў хрысціянскай парадыгме канфлікт у Беларускам ПЭНе – гэта не вузкая спрэчка “за” або “супраць” ЛГБТ. Для кожнага хрысціяніна гэта сутыкненне двух дыяметральных светапоглядаў, сутыкненне шляху выратавання са шляхам загібелі. Тут нельга быць у “шэрай зоне”, калі ты сапраўды хрысціянін.

прат. Сяргей Горбік

 

Тэксты Старога і Новага Запавету да тэмы:

Быццё гл. 1: 27-28

Быццё гл. 9:1-7

Быццё гл. 18:20-22

Быццё гл. 19: 1-25

Лявіт гл. 18: 5

Лявіт гл. 18: 22-25

Лявіт гл. 20: 13

Другі закон гл. 22: 5

Кніга Суддзяў Ізраілевых гл. 19: 22

Першае Пасланне Пятра гл. 4:1-5

Да Рымлянаў гл. 1:21-28

Першае Пасланне да Карынцянаў гл. 6: 9-10

Пасланне да Галатаў гл. 5:16-24

Першае Пасланне да Цімафея гл. 1: 9-10

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі