Хрысціяніна выключылі з пісьменніцкага саюза за крытыку гей-прапаганды

Пісьменніка Паўла Севярынца, які з’яўляецца сустаршынём Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, рашэннем Рады ПЭН-Цэнтру зноў выключылі з арганізацыі за крытыку прапаганды ЛГБТ.

Бурлівыя дыскусіі ў беларускай пісьменніцкай супольнасці не сціхаюць ужо дзясяты дзень.

У 2017 годзе Павел Севярынец выступіў на З’ездзе ПЭН-Цэнтру, у які ён быў прыняты яшчэ ў 2006 годзе, і раскрытыкаваў мерапрыемствы з прапагандай гомасэксуальных адносінаў пад дахам арганізацыі. Таксама ён паведаміў, што ня будзе плаціць унёскі, пакуль ПЭН будзе падтрымліваць арганізацыі геяў, лесбіянак і феміністак.

У пачатку гэтага году Рада ПЭН-Цэнтру выключыла Паўла Севярынца з арганізацыі, не інфармуючы яго – пакуль Павел адбываў “суткі” за акцыі падтрымкі палітвязняў і абарону Курапатаў. Адначасова Рада ПЭНу не прыняла ў склад арганізацыі восем пісьменнікаў-хрысціянаў. Перад чарговым З’ездам Павел Севярынец апублікаваў адкрыты ліст да сябраў Беларускага ПЭН-Цэнтру, дзе абвінаваціў групу “лявацкіх камісараў” з ПЭНу ў пераследзе хрысціянаў за іх перакананні.

26 кастрычніка на агульным З’ездзе ПЭН-Цэнтру ў Менску Павел Севярынец быў адноўлены ў арганізацыі.

Але праз два дні новаабраная Рада ПЭНу, якую ўзначаліла нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, зноў выключыла Севярынца. Зроблена гэта было ў Дзень расстраляных паэтаў 29 кастрычніка (гадавіну масавага расстрэлу НКВД беларускай творчай эліты).

Грымнуў скандал. Ганаровы старшыня ПЭН-Цэнтру Лявон Баршчэўскі заявіў пра выхад з арганізацыі. Шэраг вядомых пісьменнікаў заклікалі Раду аднавіць Севярынца.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі