5 здабыткаў Рэфармацыі, якімі мы карыстаемся сёння

1. Усеагульная адукацыя. Рэфарматары марылі, каб кожны чалавек незалежна ад сацыяльнага становішча мог самастойна чытаць Біблію, таму паўсюдна адкрывалі школы, дзе вучылі грамаце і навукам.

2. Крытычнае мысленне. Паслядоўнікі Лютара не жадалі абапірацца на пастановы пап і сабораў, а бачылі аўтарытэт у Бібліі і імкнуліся самастойна спазнаваць праўду праз яе. Гэты ж прынцып пасля прымяняўся і да вывучэння навакольнага свету, што лягло ў аснову эксперыментальнай навукі. Ісак Ньютан, Ёган Кеплер, Майкл Фарадэй, Готфрыб Лейбніц — усе гэтыя навукоўцы былі пратэстантамі.

3. Свабода сумлення. У спрэчках з каталіцкімі святарамі Марцін Лютар казаў: «Нават адзін чалавек, абапіраючыся на Біблію, можа выступаць і супраць сабора і супраць папы рымскага». У 1525 г швейцарскія пратэстанты выступілі за аддзяленне царквы ад дзяржавы. А ў 17 ст. іх пераемнікі — баптысты — уключылі свабоду сумлення ў свой сімвал веры.

4. Пратэстанцкая этыка працы. Рэфарматары далі новае значэнне панятку «beruf» — «прызванне», якое раней азначала толькі святарскае служэнне. Марцін Лютар стаў называць гэтым словам любую працу, якую можа выконваць чалавек — ад сапожніка да пастуха. Кожная праца аднолькава праслаўляе Бога, калі выконваецца якасна. Гэта прывяло да імклівага росту дабрабыту ў краінах Рэфармацыі, таму што людзі сталі бачыць сваю працу як служэнне Богу.

5. Сям’я — гэта Божы дар. Пратэстанты скасавалі цэлібат і зрабілі сям’ю адным з галоўных аспектаў духоўнага жыцця. «Бог з усім стварэннем і анёламі усміхаецца, калі бачыць, як бацька мые пялёнкі ў імя хрысціянскай веры» — пісаў Марцін Лютар.

Рэфармацыя — гэта вялікі здабытак і для нас — Залаты век Беларусі!

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі