Як хрысціяне ставяцца да “выбараў” 17 лістапада?

У Беларусі праходзіць асноўны дзень галасавання на выбарах у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу (у народзе – у “палатку”). На 110 месцаў у Палаце прэтэндуе крыху больш за 500 кандыдатаў. У датэрміновым галасаванні ўзяла ўдзел, паводле дадзеных ЦВК, каля 36% выбаршчыкаў.

Усе, хто хоць крыху цікавіцца палітыкай, разумеюць, што насамрэч выбараў няма. Ніводныя “выбары” ў Беларусі з 1996 года, з часу прыходу да ўлады Лукашэнкі, не прызнаваліся міжнароднай супольнасцю. Адбываецца спектакль з прызначэннем выбраных Адміністрацыяй прэзідэнта чыноўнікаў і праўладных начальнікаў дэпутатамі.

Назіральнікі з “Права выбару” сцвярджаюць, што дадзеныя ЦВК адносна яўкі завышаныя самаменш удвая. За апошнія тыдні прагрымелі скандалы з непрыкрытымі фальсіфікацыямі ў Брэсце, Гродне, Менску; па ўсёй Беларусі студэнтаў і працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў заганялі на датэрміновае галасаванне, каб было зручней фальсіфікаваць.

Сярод беларускіх хрысціянаў пытанне ўдзелу альбо няўдзелу ў гэтай кампаніі выклікала спрэчкі. Частка ігнаруе ці байкатуе “выбары”, каб не мець ніякага дачынення да беззаконня. Частка падтрымлівае ўдзел з мэтай данесці да людзей праўду, ускрыць фальсіфікацыю і прадставіць альтэрнатыву.

Кансерватыўна-хрысціянская партыя Зянона Пазьняка кампанію байкатуе. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) прыняла платформу, якая дазваляе сябрам партыі і байкот, і ігнор, і удзел – з той мэтай, каб выкрыць фальшаванне і арганізаваць прыхільнікаў для далейшай сацыяльнай і палітычнай працы.

Урэшце, абсалютная большасць палітычна актыўных беларускіх хрысціянаў згодная: 17 лістапада адбываюцца не выбары, а менавіта беззаконне. І перад кіраўніцтвам краіны ды сябрамі камісіяў (сярод якіх ёсць людзі, якія пазіцыянуюць сябе як хрысціяне) стаіць пытанне пра масавы ўдзел у фальсіфікацыях.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі