Тадэвуш Кандрусевіч: Каліноўскі змагаўся “за нашу і вашу свабоду”

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч выступіў на ўрачыстай цырымоніі пахавання паўстанцаў 1863 года ў Вільні.

-Пахаванне паўстанцаў 1863—64 гадоў мае вялікае значэнне для Беларусі, а адзін з лідараў паўстання Канстанцін Каліноўскі ўсведамляў беларусаў як асобную нацыю, якая мае права на самавызначэнне, — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у сваім выступе пасля імшы ў Віленскай катэдры.

-Паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнанняў. Але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў і за іх агульную свабоду — змагаліся за «нашу і вашу свабоду». Сярод іх — Канстанцін Каліноўскі, сын беларускага народа, лідар нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся незвычайнай сілай духу і з’яўляўся адным з кіраўнікоў паўстання. Таму сённяшняя падзея мае вялікае значэнне таксама і для Беларусі, — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Паводле Тадэвуша Кандрусевіча, Каліноўскі належыць нашай гісторыі як той, хто ўсведамляў беларусаў як асобную нацыю, якая мае права на самавызначэнне, а паўстанне 1863—64 гадоў пакінула свой след у гісторыі.

-Узгадваючы тыя далёкія гістарычныя падзеі, мы не імкнёмся раздзіраць загоеныя раны і пасыпаць іх соллю. Наадварот, мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесці адсутнасць любові да бліжняга і павагі да ягоных правоў, якія ён атрымаў ад Бога, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася, — сказаў архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Кіраўнік Касцёла ў Беларусі заклікаў маліцца за паўстанцаў-мучанікаў, магілы якіх яшчэ зусім нядаўна не былі вядомыя, і аднавіць братэрскія адносіны з суседнімі народамі і вернікамі розных веравызнанняў.

-Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў, — заявіў Тадэвуш Кандрусевіч.

Тысячы беларусаў, прысутных на пахаванні, віталі словы каталіцкага іерарха па-беларуску воплескамі і воклічамі “Жыве Беларусь!”

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі