У чаканні не стаць “пачакунамі”

барок

#Адвэнт – гэта, безумоўна, час чакання. І добра, калі мы ў гэтым часе здабываем здольнасць вырывацца з жыццёвага віру занятасці. На нейкую хвілінку затрымоўваемся дзеля таго, каб акунуцца ў атмасферу радаснага чакання. Калі мы не здольныя ўваходзіць у стан чакання, становімся падобныя да паслясвяточнай мішуры – знешне яркія і бліскучыя, а ўнутры пустыя і нікому непатрэбныя.

З іншага боку, адвэнт гэта не той час, калі можам сабе дазволіць толькі чакаць і больш нічога не рабіць. Наадварот, згодна з навучаннем Апостала Паўла, калі чакаем надыходу збаўлення, мы пакліканыя перайсці да максімальна актыўнай фазы зямнога жыцця. Гэта той час, калі заканчваецца ноч і надыходзіць дзень, а таму чалавеку варта абудзіцца са сну (пар. Рым 13,11-12) Гэта спрыяльны момант, каб узяцца за розум і зрабіць радыкальны выбар. Адкінуць лішняе на карысць неабходнага. “… дык адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла”(Рым 13, 12) – бескампрамісна дае настаўленне Апостал.

Адвэнт – чаканне, але чаканне не ў бесчыннасці, а ў перажыванні актыўных унутраных пераменаў, якія робіць у нас сам Бог. Да гэтага ізноў заахвочвае Апостал Павел: “апраніцеся Панам Езусам Хрыстом і не дагаджайце целу ў пажадлівасці.”(Рым 13, 12) Заўважце, кіруючую ролю ў нашай падрыхтоўцы на спатканне з Хрыстом адыгравае Ён сам, а не мы.

Таму так важна ў гэтым часе засяродзіцца не на сваіх жаданнях, але на пазнанні волі Бога.
“Не дагаджаць целу ў пажадлівасці” важны элемент у хрысціянскім чаканні. Але, часам хрысціяне трапляюць тут у пастку. Напрыклад, жадаючы дасягнуць дасканаласці, практыку паўстрымання ад ежы ставяць на першае месца ў сваім духоўным жыцці, зрэшты, часам для некаторых, яна ёсць і адзінай. Больш за тое, праз празмернае акцэнтаванне цялеснага посту, паддаюцца задавальненню іншай пажадлівасці, сваёй гардыні.

Той хто пад-час адвэнту ўсяго толькі не есць і не п’е, так і далей пазастаецца “пачакуном”, што праўда “галодным пачакуном”. Але тут і не важна, ці ты сыты, ці галодны. Калі ж ты пачакун і сядзіш рукі склаўшы, твае чаканні і спадзяванні ніколі не завершацца паспяхова. Фіяска гарантавана.

Адвэнт – гэта чаканне, у якім чалавек яшчэ раз дае Богу шанец перамяніць сваё жыццё. А Бог дае шанец чалавеку трансфарміравацца з “пачакуна» у хрысціяніна, які не сядзіць рукі склаўшы, але ідзе насустрач свайму збаўленню.

#Расоны #касцёл

Ксёндз Вячаслаў Барок

 

 

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
02.12.2019 Блогі|




Блогі