Рэбрэндзінг Каляднай елкі: адкуль пайшла традыцыя ставіць елку на святы

Пра гісторыю ўзнікнення Каляднай елкі ходзіць шмат чутак. Сёння ў інтэрнэце можна прачытаць дзясяткі “аўтарытэтных” думак адкуль жа пайшла традыцыя ставіць елку на Раство ў нашых дамах. Адны сцвярджаюць, што гэта паганская традыцыя, іншыя – што праваслаўная, а трэція – што гэта ўвогуле камуністычная ідэя…

Але давайце зазірнём у гісторыю.

Калядная елка паўстала ў 16 стагоддзі ў Германіі падчас пратэстанцкай рэфармацыі. Вечназялёнае дрэва сімвалізавала Дрэва Адама і Евы з кнігі Быцця. Некаторыя рэфарматары лічылі, што прароцтва пра калядную елку прамовіў Ісаія ў 60:13 “Слава Лівана прыйдзе да цябе, кіпарыс, ядловец і кедр злучацца, каб упрыгожыць месца свяцілішча Майго”.

Па некаторых дадзеных менавіта вялікі рэфарматар і бацька пратэстанцкага руху Марцін Лютар быў першым чалавекам, які на Раство паставіў вечназялёнае дрэва ў сябе дома, упрыгожыўшы яго садавіной і маленькімі свечкамі. Гэта традыцыя імгненна пашырылася ў рэфарматарскіх колах, і людзі пачалі масава ставіць елкі ў сябе дома на Калядныя святы. У тыя часы не было адмысловых цацак, таму елку ўпрыгожвалі садавіной, арэхамі і свечкамі, а на верх ставілі зорку, якая сімвалізавала Бэтлеемскую, а таксама анёла, які рэпрэзентаваў арханёла Гаўрыіла. У Германіі Калядную елку называлі дрэвам Хрыста (Christbaum).

З часам, калі рэфармацыя пачала пашырацца на іншыя краіны Еўропы, ідэя ставіць елку, як знак Божага Нараджэння і рэфармацыі, таксама пайшла ў народ. А калі эмігранты пачалі ехаць у Амерыку, яны павезлі гэту вясёлую традыцыю з сабой.

У Расію елка прыйшла толькі пад канец 18 стагоддзя і адразу ўвайшла ў моду сярод вышэйшых слаёў насельніцтва. Яе ставілі ў багатых дамах, куды запрашалі гасцей на Калядныя Піры. Гэтаму спрыяла тое, што большасць рускіх імператараў таго часу мелі пратэстанцкія карані: вялікая княгіня Аляксандра Фёдараўна, цар Пётр 3 і Кацярына Другая нарадзіліся і выраслі ў Германіі ў Лютаранскіх сем’ях з іх традыцыямі.

Што цікава, праваслаўная царква адпачатку не вітала гэту ідэю, а кіруючы Сінод зусім заклікаў насельніцтва не ставіць елкі ў сябе дома, бо яны лічылі, што гэта пратэстанцкая традыцыя немцаў не павінна мець нічога агульнага з праваслаўным людам. Многія газеты таго часу пісалі, што Калядная елка негатыўна ўплывае на рэлігійнасць дзяцей, прышчапляючы ім з дзяцінства чужыя пратэстанцкія погляды… Але, нягледзячы на ўсю крытыку, Калядныя елкі вельмі моцна ўкараніліся ў дарэвалюцыйнай Расіі. З часам елку пачалі ставіць на галоўных плошчах гарадоў, на чыгуначных вакзалах і ў іншых грамадскіх будынках.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі сітуацыя карэнным чынам змянілася. Савецкая ўлада забараніла Калядныя елкі, абвясціўшы іх буржуазнай традыцыяй павязанай з хрысціянствам. З той пары елка атрымала нелегальны статус. У 1929 годзе дайшло до таго, што камсамольскія патрулі хадзілі і зазіралі ў вокны людзей, правяраючы на наяўнасць там упрыгожанага вечназялёнага дрэва. Прапагандысцкі часопіс “нязбожнік” (рука не паднялася напісаць гэта назву з вялікай літары) час ад часу маляваў рознага роду карыкатуры на святкаванне Раства.

Усе памянялася ў 1935 годзе, калі на прыём да Сталіна з Кіева прыехаў таварыш Постышаў (дарэчы ён быў галоўным натхняльнікам штучнага Галадамору ва Украіне, замарыўшы голадам мільёны людзей) і прапанаваў зрабіць рэбрэндынг каляднай елкі. Заданне было простае: засланіць святкаванне Божага Нараджэння, прапанаваўшы людзям новае грандыёзнае свята – Новы Год.

Елка рэкамендавалася ў новай якасці — як дзіцячая забава, прыдатная для юных будаўнікоў камунізму. Да свята Раства яна больш не мела стасунку, у яе трэба было ўдыхнуць зусім новы сэнс. З той пары елка ў Расіі стала не Каляднай, а навагодняй, Віфлеемскую зорку замянілі на чырвоную савецкую, а сама елка стала знакам галоўнага камуністычнага свята – Новага Года.

З часам, з пашырэннем тэлебачання святкаванне Новага года пачало набіраць новыя традыцыі: святочная тэлевізійная праграма і шампанскае, каля поўначы генсак асабіста віншаваў грамадзянаў са святам, апоўначы білі куранты, потым граў гімн “Звяз непарушны”…

Сёння ва ўсім свеце Калядная eлка цесна злучана са святам Божага Нараджэння. Зразумейце мяне слушна: я не спрабую сказаць, што яна з’яўляецца нечым святым у хрысціянскім свеце, проста гэта прыгожы звычай падарыць радасць дзецям і разам адсвяткаваць Народзіны Ісуса.

З нядаўняга часу Калядная елка зноў пачала падпадаць пераследу. Прыклад гэтаму міжнародны аэрапорт Сіэтла, кіраўніцтва якога ў 2006 годзе вырашыла не ставіць елку на Калядныя святы, каб не абражаць пачуццяў іншых рэлігій. Потым у Бостане гарадскія ўлады ўсё-такі паставілі елку на Раство, толькі пераназвалі яе з Каляднай у святочную (рэбрэндзінг як у 1935 годзе)…

Раман Савачка

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі