Севярынец пра малітву падчас пратэстаў: зварот да Бога яднае нацыю

Карэспандэнт “Нашай Нівы” Зміцер Панкавец распытаў лідара пратэстаў 7-21 снежня кіраўніка Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца, чаму той заклікае людзей маліцца на пратэстах у абарону незалежнасці Беларусі.

У сацыяльных сетках, у тым ліку, і з маёй падачы разгарэлася дыскусія на тэму, ці патрэбныя на акцыях у абарону незалежнасці Беларусі малітвы? Чым ты тлумачыш такую неабходнасць?

Тут усё зразумела, Зміцер. Пасля з’яўлення інфармацыі пра адзіны урад і адзіны парламент Беларусі і Расеі адзін беларускі хрысціянін (ня будзем паказваць пальцам, хто) заклікаў людзей да пратэстаў. Людзі адгукнуліся і выйшлі. Пабачылі бел-чырвона-белыя сцягі, пачулі воклічы, скандаванні “Жыве Беларусь” і малітвы, пачулі “Магутны Божа” – і назаўтра на заклік выйшлі зноў. Тое, што выйшла каля 1000 чалавек, шмат каго здзівіла (думалі, выйдзе чалавек трыста). 20-га выйшла ад 1,5 да 3 тысячаў чалавек.

20-га снежня за тры гадзіны акцыі (180 хвілінаў) малітва “Ойча наш”, якую я прачытаў на мітынгу, заняла 1 (адну) хвіліну. І вось зараз з тваёй падачы беларускі фэйсбук абмяркоўвае не тое, што Пуціну з Лукашэнкам засталося ўзгадніць яшчэ адну з 31 чортавай крамлёўскай дарожнай карты, а адну хвіліну малітвы Севярынца са ста васьмідзесяці хвілінаў пратэстаў.

Малітва, зварот да Бога яднае нацыю. Так, як яднала малітва украінцаў на Майдане ці палякаў часоў Салідарнасці. На Майдане кожны дзень пачынаўся з хрысціянскай малітвы. Людзі верылі, маліліся – сотнямі тысячаў! – і перамаглі.

Вось у чым справа – па веры вашай будзе вам, беларусы. Ня верыце – ня будзеце мець. Альбо – “Верым, можам, пераможам!” (лозунг, які зараз фанаты скандуюць на стадыёнах і арэнах, адзін беларускі хрысціянін яшчэ гадоў пятнаццаць таму перад Плошчай-2006 запусціў).

Другое. Многія буйныя пратэстныя акцыі апошніх дзесяцігоддзяў, Чарнобыльскія шляхі ды Дні Волі альбо пачыналіся з малітвы, альбо заканчваліся спеўнай малітвай “Магутны Божа”. Гэта камусьці замінала?

Хто быў лідар руху за незалежнасць у 1980-90-ыя? Хто кіраваў здабыццём незалежнасці, якую мы зараз абараняем? Зянон Пазьняк, хрысціянін. Ён казаў тады – “Не кілбасы мусім шукаць, а Бога”. Не паслухалі. Пайшлі за праваслаўным атэістам. Нажаль. Цяпер маем, што маем. Іншыя нацыі, якія маліліся на плошчах – як палякі, украінцы, венгры, грузіны – вырваліся з путаў імперыі.

У нас было цяжэй: мы да Масквы найбліжэй. Ды яшчэ мы беларусы, усе, як адзін, геніі, усе ведаем, як лепш, ды яшчэ аматары займацца высвятленнем стасункаў і самаедствам. А можа, маліцца на плошчах не будзем? От зажывем.

Як у Савецкім саюзе. Там таксама з малітвай і з хрысціянствам змагаліся. Памятаеш? Калі ты не памятаеш, старэйшыя людзі нагадаюць. Чым скончылася?

Трэцяе. У нас, беларусаў, “Пагоня” з хрысціянскім крыжам Ефрасінні Полацкай на шчыце – нацыянальны герб. Нацыянальны герб з хрысціянскім сімвалам! Цябе гэта не напружвае, Зміцер? Гэта нават не хвіліна малітвы на мітынгу за незалежнасць – гэта наогул нацыянальны герб, сімвал незалежнасці!

А Курапацкія крыжы?.. Няўжо ты таксама гатовы іх карчаваць, як Лукашэнка, таму што ня ўсе расстраляныя там, так сказаць, хрысціяне?

Дашкевіч, які цудам перамог у Курапатах у 2017-ым, маліўся там штодня: да, пасля, падчас і нават замест акцыяў. Спытай.

Пачакай, яшчэ. Не махай рукамі. Заўтра якраз Раство у каталікоў і пратэстантаў. Ведаеш, што мы святкуем? Нараджэнне Ісуса Хрыста, Сына Божага і Сына Чалавечага. Паўсюль – Раство, Раство… Цябе часам не абураюць надпісы на будынках і бігбордах – “З Нараджэннем Хрыстовым!”? Не? Што ты кажаш! А віфлеемскія зоркі, у тым ліку на галоўнай елцы краіны. Не?! А як жа ўсе іншыя, каторыя атэісты, будысты, мусульмане… Як яны гэта церпяць, увогуле, ты не задаваў сабе пытання?

Проста яны жывуць у гістарычна хрысціянскай краіне, якая мае тысячагадовую хрысціянскую традыцыю. Большасць з іх гэта прымае. Хрысціянства – найвялікшы, найбольш магутны пласт беларускай культуры, у параўнанні з якім сённяшнія фэйсбукавыя допісы – пясчынкі ў моры. Мала таго – хрысціянства гэта і ёсць наш нацыянальны падмурак.

Паслухай… ты што, сапраўды верыш, што сённяшнія знявераныя, прыдушаныя, абдураныя Масквой і хоць кім яшчэ, перасвараныя беларусы самі, без Бога, здольныя выбрацца з той шахты (не ямы – шахты!), у якую нас загналі Расейская імперыя, камунізм, Лукашэнка, плюс некаторыя “свае” за апошніх дзвесце з гакам гадоў крыві, здрадаў і здзекаў? З першых месцаў у свеце па самагубствах, ужыванню алкаголя, абортах і разводах, з грэбавання ўласнай мовай і культурай, з млявасці і абыякавасці да жыцця, з Чарнобылю і лініяў Сталіна?..

Толькі тады, калі мы пакаемся перад Богам за сваё бязвер’е – мы зможам зразумець, як здабыць волю.

Незалежнасць – гэта якраз тая рэч, якая аб’ядноўвае ўсіх: і вернікаў, і бязбожнікаў, і кансерватараў, і лібералаў, і беларускамоўных, і рускамоўных. Дык мо не варта на такіх акцыях рабіць рэчы, якія могуць раз’яднаць?

Рэчы, якія могуць раз’яднаць? Ты сур’ёзна? Значыць, раз мы аб’ядноўваем беларускамоўных і рускамоўных, мо давайце ня будзем па-беларуску прамаўляць на такіх акцыях, Зміцер? Давай на обшчэпанятнам, каб нікога не пакрыўдзіць? А то ж пакрыўдзім. Разделім, так? Можэт, там кто-то не понімаіт. По-русскі точно больше людей понімаіт, чем на этой мове. Ды і бел-чырвона-белыя сцягі… Можа, не будзем браць – вунь як да іх кепска шмат хто ставіцца. Га?

Калі смерць побач з табой, усе раптам робяцца веруючымі. Каго першага згадваюць? Бога! А тут цэлая дзяржава пры смерці. Ты гэтага не адчуваеш? Шкада. Ты думаеш, гэта чарговыя танцы? А база ў Клінцах, інфармацыйная кананада і ультыматумы Пуціна-Мядзведзева – гэта так, для карцінкі? Ды мы ў Расеі ўжо ў роце, ім толькі сцяць зубы і скаўтнуць засталося. Імперыя наступае па ўсім свеце. Расейскія войскі ўжо не толькі ў Крыме, на Данбасе, у Сірыі, Лівіі, Венесуэле. Мы для іх ужо аператыўны тыл. Кацёл. Распрацаваныя сцэнары варкі ў тым катле. У Беларусі ўжо групы спецоў сядзяць, чакаюць загаду.

А ты пра малітву, якая можа раз’яднаць?..

Табе не здаецца, што малітва будзе больш шчырай, калі ў ёй возьмуць удзел толькі тыя, хто мае ў ёй патрэбу, а не абавязкова ўсе прысутныя на плошчы людзі?

Ня ўсе моляцца. Ня ўсе сьпяваюць (бо ня ўсе маюць слых ці ня ўсе хочуць). Ня ўсе любяць вершы ці асобных выступоўцаў. Гэта зусім не прычына, каб не маліцца, не спяваць, не чытаць вершы, не выступаць.

Павел, не адны хрысціянскія вернікі прыходзяць на плошчы: ёсць і атэісты, мабыць, ёсць і юдэі з мусульманамі, што рабіць з імі?

Гэта людзі, якія маюць вольную волю, свабоду сумлення – і ніхто, ані Бог, ані чалавек, ня можа іх прымусіць верыць. Тут справа дабраахвотная. Зрэшты, ёсць важная адметнасць. Паслухай уважліва.

Ісус Хрыстос у Евангеллі паводле Яна (14:6) гаворыць так: “Я і Дарога, і Праўда, і Жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца, калі толькі не празь Мяне.” Іншымі словамі, толькі Ісус Хрыстос, Які аддаў Сябе на крыжы за ўсе нашы грахі, можа уратаваць цябе для жыцьця вечнага і Нябёснага Валадарства. Ты можаш гэта прыняць, можаш не прымаць, выбар за табой. Наступствы гэтага выбару – на тваім сумленні і тваёй адказнасці.

Адначасова хрысціяне, якія прынялі Бога ў сваё сэрца і сваё жыццё, атрымліваюць ад Бога і жаданне, уласцівае Яму: збавіць усіх людзей. Бог любіць людзей такімі, якія яны ёсць – але Ён любіць іх настолькі моцна, што не можа пакінуць іх такімі, якія яны ёсць.

Вядома, ты можаш заявіць: “Адчапіцеся ад мяне са сваёй верай, я ня веру ў рай і пекла, я ня веру ў вашага Бога. Я не хачу ўратавання.”

Гэта сур’ёзныя словы. Дазволь у адказ на іх прывесці рацыянальны довад, вядомы як “Пары Паскаля”. Знакаміты матэматык Блез Паскаль, імя якога мы вучым яшчэ ў пачатковай школе, быў ня толькі вялікім навукоўцам, але і вялікім вернікам. Ён казаў суразмоўцам, якія сумняваліся ў існаванні Бога ці не прымалі Яго, наступнае:

— Калі вы верыце ў Бога, а Яго няма – вы няшмат губляеце. Але калі вы ня верыце ў Бога, а Ён ёсьць – вы губляеце ўсё.

Ты спасылаешся ў фэйсбуку на традыцыю ВКЛ і Полацкага княства. Але ці не лічыш ты, што спасылацца ў XXI стагоддзі да тых традыцый не зусім да месца?

Фенаменальнае пытанне. Ведаеш, у чым цымус гэтага пытання, Зміцер? У тым, што ХХІ стагоддзе, 2019 год, мы адлічваем ад нараджэння Ісуса Хрыста, Бога на 100% і адначасова Чалавека на 100%. Мы з табой жывем у сістэме каардынатаў, створанай Ісусам Хрыстом і  хрысціянствам. Той, хто губляе гэта з поля зроку, губляецца сам.

Больш як 1000 гадоў нашай дзяржаўнасці сведчаць пра выразныя хрысціянскія рысы паспяховай беларускай палітыкі. Полацкае, Тураўскае і Смаленскае княствы – вечавыя хрысціянскія дэмакратыі. Вялікае Княства Літоўскае – шляхецкая хрысціянская дэмакратыя. Статут ВКЛ пачынаецца з цытатаў з Бібліі і скрозь утрымлівае спасылкі на хрысціянскія нормы. Нацыянальныя адраджэнні ХХ стагоддзя таксама маюць грунтам хрысціянства – ад Багушэвіча, Эпімах-Шыпілы, Ластоўскага і ксяндза Адама Станкевіча да Зянона Пазьняка. Такім чынам, ясныя грані канону беларускай палітыкі – імкненне да свабоды, народаўладдзя і  самастойнасці менавіта на хрысціянскіх падмурках.

З сотні найбольш выбітных дзеячаў за ўсю гісторыю як найменш восемдзесят – хрысціяне. Нават па асобах першай велічыні мы скрозь бачым людзей, якія верылі ў Ісуса Хрыста як свайго Госпада і Збаўцу: Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Альгерд, Вітаўт, Францішак Скарына, Канстанцін Астрожскі, Мікалай Радзівіл Чорны, Ян Хадкевіч, Леў Сапега, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Ларыса Геніюш ды іншыя.

Ты напісаў, што людзі, якія выступаюць супраць публічнай малітвы, “зычаць зла Беларусі”. Атэіст, на твой погляд, не можа быць патрыётам Беларусі? Ці ў чым сэнс гэтага выразу?

Атэіст не абавязкова выступае супраць публічнай малітвы, Зміцер. Пад тваім допісам, дарэчы, напісалі і патрыёты-атэісты, якія без праблем патрываюць (альбо паразважаюць, альбо памедытуюць, альбо паслухаюць, як цудоўна гучыць “Ойча наш” хорам па-беларуску), пакуль хтосці моліцца. Павага такім. А вось затыкаць рот верніку, які вырашыў прылюдна памаліцца за Беларусь – гэта і ёсць жадаць зла Беларусі. Таму што вернік (ня важна, як яго завуць – Пазьняк,  Някляеў, Арлоў, Севярынец, Статкевіч, Сіўчык, Дашкевіч, Пальчыс, Кім, Бокун, Барок, Завальнюк, Кандрусевіч ці як-небудзь інакш) мае права на свабоду сумлення і на свабоду слова. Таму што ён моліцца, каб уратаваць Беларусь. І ўрэшце ён моліцца таму, што Бог, Творца Беларусі і кожнага з нас, ёсць.

Ты ведаеш, якая галоўная структура беларусізацыі зараз у Беларусі? Гіганцкая, на парадак большая за іншыя? Касцёл. Рыма-і грэка-каталікі. Не міністэрства адукацыі, не тэлевізія, не апазіцыя і не Саюз пісьменнікаў – Касцёл. Мільён беларусаў спяваюць і моляцца (моляцца, Зміцер!) па-беларуску.

Ганна Шапуцька прапанавала ладзіць малітву за паўгадзіны да акцый. Мабыць, можна і пасля. Табе не падабаецца такая альтэрнатыўная ідэя?

Можна маліцца за паўгадзіны да акцыі, на самой акцыі і пасля акцыі. Ніхто не можа забараніць мне падчас выступу на Плошчы памаліцца за Беларусь. Ані ты, ані ПЭН-цэнтр, ані Лукашэнка, ані Пуцін. Бо я веру ў Бога і люблю сваю краіну і свой народ. Хачу для іх волі і збавення.

Увогуле, апошнія гады беларускія хрысціяне моляцца за Беларусь увесьчас, кругласуткава. Мы з маёй Воляй яшчэ ў сакавіку 2015-ага арганізавалі Няспынную малітву за Беларусь. Эстафетная бесперапынная міжканфесійная малітва ідзе ўжо чатыры з паловай гады. Праваслаўныя, рыма-каталікі, грэка-каталікі, пратэстанты. Адзін чалавек бярэ адну гадзіну на тыдзень, і так 24/7. 168 гадзінаў – і ўдзень, і ўначы. Моляцца нават амерыканскія і канадскія беларусы – у іх дзень, калі ў нас ноч. Там дзе мы ёсць, хто як умее – да Бога за Беларусь. Зараз удзельнічае каля дзьвюхсот чалавек. Гэта моцна – калі ты ўстаеш уначы і гадзіну молішся за ўсю краіну. Ты пачынаеш адчуваць і боль, і адказнасць за яе – не толькі за сябе, сям’ю, справы. За Беларусь.

Пачытай летапісы з гісторыі ВКЛ альбо ўспаміны паўстанцаў – падчас паходаў і вырашальных бітваў і тыя, хто заставаўся дома, і тыя, хто ішоў абараняць Радзіму, усцяж маліліся Богу. Цяпер якраз час. Так што беларусы, далучайцеся.

Жыве Беларусь – з Богам!

“Наша Ніва”

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі