Чаму беларускім хрысціянам нельга падтрымліваць “Русскій мір”. Топ-5 прычынаў

Частка 1.

Пагроза паглынання Беларусі Расіяй абвастрыла даўнія спрэчкі ў шырокіх хрысціянскіх колах. Ці маюць беларускія хрысціяне падтрымаць “глыбокую інтэграцыю” з Крамлём? Ці трэба ўвогуле маліцца за незалежнасць, калі верхам на гэтай незалежнасці ужо чвэрць стагоддзя гарцуе праваслаўны атэіст з білетам Кампартыі ў кішэні?

На першы погляд, усё натуральна і кладзецца, нібы пазл у карцінку. Рэжым выварочвае крыжы ў Курапатах, расстаўляе чырвоных бязбожнікаў на міністэрскія пасты, рассаджвае іх у дэпутацкія крэслы, і пастаянна цкуе святароў ды вернікаў.

Разбэшчаная Еўропа захапілася гендэрнай тэорыяй (як калісьці захаплялася тэорыяй класавай альбо расавай) – за свабоду і нават узаконьванне граху.

А вось праваслаўная Расія ўстае з каленяў, абараняе хрысціянаў на Балканах, у Сірыі, на Данбасе, забараняе прапаганду гомасексуалізму і “Сведкаў Еговы”, асьвячае з кадзілам не толькі прэзідэнтаў ды прэм’ераў, але і ядзерную зброю (маўляў, дабро павінна быць з кулакамі), а сам цар рэгулярна стаіць у храме са свечкай у руцэ.

Здавалася б, выснова відавочная: Пуцін, прыйдзі!

Але карцінка нават на першы погляд выглядае грубаватай. Як палатняны агмень у каміне таты Карла: выгляд ёсць, але чамусьці ня грэе.

Давайце разбірацца, што ня так з “Русским миром”.

Праблема першая. Нажаль, Расія не з’яўляецца хрысціянскай краінай ані фармальна, ані па сутнасці.

Згодна дадзеных усерасійскага даследавання «Атлас рэлігій і нацыянальнасцяў», праведзенага даследчай службай «Среда» ў жніўні 2012 года у 79 з 83 суб’ектаў РФ, рэлігійнасць у расіянаў, агульная колькасць якіх 143,2 млн чалавек, размеркавалася так:

  • 58,8 млн або 41% — вызнаюць праваслаўе і належаць да РПЦ
  • 36 млн або 25% — вераць у Бога, але канкрэтную рэлігію ня вызнаюць
  • 18 млн або 13% — не вераць у Бога
  • 9,4 млн або 6,5% — вызнаюць іслам (уключаючы сунітаў, шыітаў і тых, хто не лічыць сябе ні сунітам, ні шыітам)
  • 5,9 млн або 4,1% — вызнаюць хрысціянства, але не лічаць сябе ні праваслаўнымі, ні каталікамі, ні пратэстантамі
  • за 2,1 млн або 1,5% — вызнаюць праваслаўе, але не належаць да РПЦ і не з’яўляюцца стараверамі
  • за 1,7 млн ​​або 1,2% — вызнаюць традыцыйную рэлігію сваіх продкаў, пакланяюцца багам і сілам прыроды
  • 700 000 або 0,4% — вызнаюць будызм (у асноўным — тыбецкі)
  • за 400 000 або 0,2% — стараверы
  • 300 000 або 0,2% — пратэстанты (лютэране, баптысты, евангелісты, англікане)
  • 140 000 або 0,1% — вызнаюць ўсходнія рэлігіі і духоўныя практыкі (індуісты і крышнаіты)
  • 140 000 або 0,1% — каталікі
  • 140 000 або 0,1% — іудзеі

Лёгка падлічыць, што хрысціяне ўсіх канфесіяў і дэнамінацыяў не складаюць у Расіі нават простай большасці (47, 1%). А калі ўлічыць, што асноўная маса вернікаў РПЦ, паводле апытанняў, ходзіць у царкву раз на год ці радзей — робіцца ясна, што “хрысціянская Расія” – гэта міф.

Пасля 70 гадоў бязбожнага камуністычнага тэрору Расія перажыла частковае вяртанне да веры напрыканцы мінулага стагоддзя, але генацыд у дачыненні да сапраўдных вернікаў і святароў быў настолькі маштабным і бязлітасным, што замест аднаўлення хрысціянства Расія атрымала напаўразбураны механізм афіцыйнай царквы, кіраванай КГБ, і лёгкую моду на праваслаўе. Уражвальная кампанія будаўніцтва храмаў, пра якую самі расіяне спрачаліся ўвесь мінулы год, пакуль насамрэч прыкрывае дэфіцыт масавага і жывога, сапраўды народнага, хрысціянства.

Працяг будзе.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі