Пастар Антоній Бокун. Пра смяротнае пакаранне

“Вусны сьвятара павінны захоўваць веданьне” Малахія 2:7

У Беларусі абвешчаны чарговы прысуд да сьмяротнага пакараньня. У сувязі з гэтым некалькі тэзісаў:

1. Грамадзянская ўлада пастаўленая Богам “дзеля помсты ліхадзеям і дзеля пахвалы́ тым, якія робяць дабро” (1 Пятра 2:14).

2. Адна з галоўных функцыяў улады — забясьпечваць законнасьць і немінучасьць справядлівай адплаты за злачынства. “Калі будзе зьяўлена міласэрнасьць злачынцу, ён не навучыцца справядлівасьці, на зямлі будзе чыніць ліхое, ды ня ўбачыць велічнасьці Госпада” (Ісая 26:10).

3. Адэкватным пакараньнем за некаторыя злачынствы ёсьць сьмяротнае пакараньне, і гэта не пытаньне рашэньня чалавека, але пастанова Бога: “Хто пралье кроў чалавечую, таго кроў пральецца рукою чалавека, бо чалавек створаны паводле вобраза Божага” (Быцьцё 9:6).
“Бог строга карае за чалавеказабойства менавіта дзеля таго, каб суровасьцю свайго пакараньня прадухіліць забіцьцё чалавека чалавекам. А нехта зьмякчае Божую кару настолькі, што фактычна патурае зламысьніку ў душагубстве” (Андрэй Волян. Аб грамадзянскай або палітычнай свабодзе)

4. Сьмяротнае пакараньне падкрэсьлівае вартасьць чалавечага жыцьця, бо ніякае іншае пакараньне ня можа быць справядлівай адплатай за забойства.

5. Мэта сьмяротнага пакараньня не выхаваньне злачынцы, але аднаўленьне справядлівасьці. Разважаньні пра пакуты злачынцаў і іх сваякоў зьяўляюцца крывадушнасьцю. Больш адэкватна разважаць пра пакуты ахвяраў і іх сваякоў.

6. Сьмяротнае пакараньне злачынца, вартага такога пакараньня, не зяўляецца забойствам, але зьяўляецца пакараньнем. Больш таго, той, хто не карае злачынцаў, становіцца іх саўдзельнікам. Сітуацыя з Брэйвікам яркае паказвае гэта.
“Грашыць той, хто, ва ўрадзе седзячы, лічыць за грэх пакараньне сьмерцю злодзея, чужаложніка або іншага злачынцу, уважаючы гэта за любоў або міласэрнасьць. Але такая любоў памылковая. Лепш добрых любіць, чым іхніх ворагаў. Бо той добрых ня любіць, хто злодзеям волю дае, дзеля чаго добрыя ня маюць супакою”. (Катэхізіс. Нясьвіж, 1562 г.)

7. Сьмяротнае пакараньне павінна выносіцца справядліва, таму грамадзтва адказнае за тое, каб суд быў справядлівым. Калі прысуд справядлівы, увесь народ чысты. Калі прысуд несправядлівы, кроў нявінная на ўсіх, хто дапусьціў такое злачынства.
Таму ў старажытным Ізраілі сьмяротнае пакараньне было ў выглядзе пабіцьця камянямі, калі ў гэтым удзельнічала ўся супольнасьць, і ўсе несьлі адказнасьць за справядлівасьць і адэкватнасьць прысуду. Такім самым чынам у мінулых стагодзьдзях у хрысьціянскіх краінах ужывалі растрэл перад шыхтом. Наадварот, у таталітарных краінах каты пэрсанальна растрэльвалі асуджаных на сьмерць.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі