Чаму беларускім хрысціянам нельга падтрымліваць “Русский мир”. Топ-5 прычынаў. Частка 3

Воўк у авечай скуры.

Праблема трэцяя. Расійская “абарона хрысціянаў па ўсім свеце” – міф і шырма. За шырмай – звер.

Калі б абарона хрысціянаў сапраўды было асновай знешнепалітычнай дактрыны Расіі, мы бачылі б зусім іншую расійскую палітыку.

Расія – верны саюзнік рэжыма аятолаў у Іране, дзе хрысціянам пагражае смяротнае пакаранне. Расія – саюзнік страшнай дыктатуры ў Паўночнай Карэі, дзе за чытанне Бібліі людзі сядзяць у турме. Расія – саюзнік камуністычнага Кітая, дзе ў цэрквах абавязваюць спяваць гімны Кампартыі. Расія падтрымлівае крывавага дыктатара Мадура, які ваюе і са сваім народам, і з Касцёлам у Венесуэле. Расія – сябра чырвонага рэжыму на Кубе, які давёў сваіх грамадзянаў да галечы. У Лівіі і Палестыне Расія падтрымлівае радыкальных ісламістаў. У Еўропе Расія спансуе скрайне правых папулістаў і паганскіх неанацыстаў. Расія – вораг каталіцкай Польшчы. Спіс можна доўжыць і доўжыць.

Паўсюль у гэтых краінах Расія супрацьстаіць сапраўды прахрысціянскай адміністрацыі ЗША – і падтрымлівае ворагаў хрысціянства.

Палітыка Расіі – тыповая палітыка імперыі. Яе мэта – наносіць урон галоўнаму ворагу (вораг – ЗША, а не Кітай, Іран, ісламскі сьвет) і пашыраць свой уплыў, ствараючы бясконцыя “маленькія пераможныя войны”, каб уласныя грамадзяне забывалі пра свае праблемы і ганарыліся ядзернай дзяржавай, якую ўсе баяцца.

Такая дзяржава нагадвае дваровага гопніка ці бандыта, які “держіт район”, а на плячы мае татуіроўку з якім-небудзь “святым Уладзімірам”. Вось і ўсё хрысціянства. Грубая сіла, прыватная вайсковая кампанія “Вагнер”, лабараторыя атруты “Новічок”, ракетныя ўдары і авіяносец, які дыміць, што твой вулкан – вось сімвалы такой палітыкі.

Калі казаць па-евангельску – воўк у авечай скуры.

Чатырыста гадоў таму Масква зброяй “абараняла” праваслаўных Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай – ды так, што ў 1654-67 гадах вынішчыла большую частку хрысціянскага насельніцтва ва Ўсходняй Беларусі, а потым і захапіла яе.

Чаму вы думаеце, што сёння Крэмль будзе абараняць у Беларусі хрысціянскія каштоўнасці? Калі ў Іране, Лівіі, Палестыне ён абараняе ісламістаў, у Кітаі, Венесуэле, Паўночнай Карэі і на Кубе камуністаў, у Еўропе паганцаў, а з хрысціянскімі палітыкамі кшталту Майка Пэнса альбо Анджэя Дуды Пуцін нават адмаўляецца вітацца ды размаўляць – які ён абаронца хрысціянскага свету?

Фармальна — Пуцін стаіць са свечкай у царкве.

Рэальна – ходзіць па свеце як рыклівы леў і шукае, каго паглынуць.

Беларусь?

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі