У Бабруйску ўпершыню адбылося набажэнства за адзінства хрысціянаў з удзелам прадстаўнікоў розных канфесій

Экуменічнае набажэнства на заканчэнне Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў прайшло ў бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 25 студзеня, у свята Навяртання святога апостала Паўла.

Набажэнству папярэднічала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Потым да алтара ва ўрачыстай працэсіі разам з каталіцкім духавенствам — біскупам Аляксандрам, пробашчам бабруйскай парафіі ксяндзом канонікам Андрэем Яркаўцом і пробашчам парафіі святой Ганны ў Глуску ксяндзом Канстанцінам Каракам — выйшлі прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы ад Бабруйска-Быхаўскай епархіі іерэй Сяргей Гусар і пастар Самастойнай евангелічна-лютэранскай супольнасці Уладзімір Мейерсон.

Такая супольная малітва аб адзінстве, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, адбылася ў Бабруйску ўпершыню.

«Падзелы сярод хрысціянаў існуюць здаўна, — падкрэсліў у прамоўленым падчас набажэнства слове біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. — Яны выклікаюць вялікі боль і супярэчаць волі Бога… „Каб усе былі адно“, — аб гэтым маліўся падчас Апошняй вячэры сам Езус Хрыстус, і сумесная прыгожая малітва ў бабруйскай святыні — гэта маленькі крок да таго, каб запавет Хрыста стаў рэальнасцю.

Падзелы Царквы — гэта крывавая рана на містычным Целе Хрыста. Яе неабходна лячыць, і як мага хутчэй, таму што, нягледзячы на дасягненні ў міжхрысціянскім дыялогу, падзел паміж намі ўсё ж такі застаецца відавочным», — дадаў біскуп Аляксандр і нагадаў, што тэма сёлетняга Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў гучала заахвочваннем да ўсіх вызнаўцаў Хрыста быць ласкавымі, добразычлівымі і гасціннымі.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што пакора, прыклад якой даў сам Хрыстус і Яго Найсвяцейшая Маці Марыя — гэта цнотай, якая з’яўляецца важнай прыладай як на дарозе да Неба, так і на шляху да адзінства.

«У вачах Бога самы вялікі той, хто пакорны, хто аддае сябе служэнню самым маленькім і пагарджаным. Чым больш дрэва абцяжарана пладамі, тым больш яго галінкі клоняцца да зямлі. Так і мы: чым больш робім дабра іншым, тым ніжэй схіляемся, бо памятаем, што пакора — характэрная рыса добрага і сапраўднага хрысціяніна», — адзначыў біскупскі вікарый Магілёўшчыны.

Ён дадаў, што крыніцай хрысціянскага адзінства з’яўляецца «пошук не зямных багаццяў, а Хрыста, і барацьба не за лепшае месца пад сонцам, а за Езуса». На заканчэнне свайго выступу каталіцкі іерарх пажадаў прысутным, каб у міжхрысціянскіх узаемаадносінах панаваў сапраўдны мір і добразычлівасць, а духоўныя сілы ўсе вернікі, незалежна ад канфесіі, чэрпалі ў Хрысце.

З кароткімі прамовамі звярнуліся да прысутных і іншыя ўдзельнікі экуменічнага набажэнства.
Айцец Сяргей Гусар у сваім слове адзначыў, што ўсіх нас аб’ядноўвае Хрыстус.«Але нельга быць хрысціянінам без добрых справаў, без любові да бліжняга, міласэрнасці, вернасці Богу. Ён заклікаў усіх да радасці і міра», — падкрэсліў праваслаўны святар.

Заклік да любові і згоды прагучаў і ў прамове пастара лютэранскай супольнасці Уладзіміра Мейерсона. Ён падкрэсліў, што дзякуючы Богу, у Беларусі пануе згода паміж прадстаўнікамі розных канфесій, няма канфліктаў на рэлігійнай і нацыянальнай глебе.

«Кожны ў нашай краіне мае магчымасць служыць Богу паводле сваіх традыцый і абрадаў. І трэба прыкласці ўсе намаганні, каб так было заўсёды», — выказаў пажаданне пастар.

Завяршылася экуменічнае набажэнства, у якім бралі ўдзел парафіяне з Бабруйска, Клічава, Асіповічаў, Кіраўска і Глуска, а таксама праваслаўныя і лютэране, супольна прамоўленай на беларускай і царкоўнаславянскай мовах малітвай «Ойча наш».

Тэкст і фота: Ліля Шайхова / Catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі