Хрысціянскі радыкалізм

Лічу цалкам абаснаваным гаварыць пра паняцце хрысціянскага радыкалізму. Радыкалізм, як спосаб бескампраміснага мыслення і як таго наступства, такога ж бескампрміснага жыцця. І адразу хацелася б адкінуць негатыўнае ўспрыняцце гэтага слова, але паспрабаваць зразумець яго менавіта ў хрысціянскім пазітыўным духу.

Хрыстос у Евангеллі, тым хто прымае яго вучэнне аб Божым Валадарстве, кажа: “Вы – соль зямлі”, “Вы – святло свету” (Мц 5,13-16). І далей тлумачыць у тэксце, што калі соль губляе смак, то такая соль больш нікому не патрэбная. І святло патрэбнае дзеля таго, каб разганяць цемру. Інакш кажучы, ў гэтым свеце не заўсёды ўсё “ок” і ёсць шмат чаго ў нашым жыцці, што пайшло калісьці не так, а сталася гэта праз недахоп солі – Евангелля. Жыццё сапсавалася.

Радыкалізм хрысціянскі праяўляецца ў тым, што калі трэба ратаваць ад сапсаванасці жыццёвую сітуацыю і яе засаліць, немагчыма ў той самы час рабіць добры твар з “хрысціянскай” усмешкай і спрабаваць усім падсаладзіць. Соль цукрам не заменіш.

Падобна як і адсутнасць святла правацыруе з’яўленне цемры. Дастаткова ж у абсалютна цёмным памяшканні запаліць самую малую свечку і цемра спыніць сваё існаванне.

Так і вучэнне Евангелля не дазваляе гэтаму свету зыйсці ў абсалютную цемру. Там, дзе прапаведуецца вучэнне Хрыста, там заўсёды з’яўляецца святло, што адсланяе шлях для лепшай будучыні.

Зрэшты, гісторыя ўсёй Еўропы нібы і ёсць наглядным прыкладам таго. За свае дасягненні і ўзровень развіцця, яна мае быць ўдзячная хрысціянству. Аб’яднанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі нас у гэтым таксама пераконвае.

Хрысціянства на Брытанскія выспы прышло ўжо ў першым стагоддзі пасля Хрыстовага нараджэння. Ва ўсялякім выпадку, у ІІІ ст пра прысутнасць царквы ўзгадваюць гістарычныя дакументы, а калі ў 314 г адбываўся сінод ў французскім Арлес, Брытанію прадстаўлялі 3 біскупы.

Цікавосткай ёсць, што Ірландыя стала хрысціянскай краінай, дзякуючы святому Патрыку (V ст) з Брытаніі. Нарадзіўся ён у каталіцкай сям’і ў паўднёвай Брытаніі. Быў сынам дыякана, унукам святара, а сам стаў біскупам. А вось пазнейшая місія святога Калумбана Ірландскага вельмі моцна пасадзейнічыла канчатковай хрысцінізацыі Шатляндыі і Англіі. Ён ў VI ст. заснаваў манастыр на востраве Іёна, блізка Шатляндыі, адкуль манахі пасля ў VII ст перабраліся на Брытанскі востраў. Ірландскі каталіцызм аказаў моцны ўплыў на ўсталяванне каталіцызму ў Англіі.  Афіцыйны першы прадстаўнік ад Папы Рымскага біскуп Аўгустын прыбыў ў Англію ў 598 г. Ранейшыя біскупы, можна меркаваць, прыналежылі да стара-брытанскай царквы, якая праіснавала да ХІІІ ст.

Пачынаючы з ХV ст.,ад караля Генрыка VIII і да сёння,кіруючую ролю ў Каралеўстве займае ўтвораная англіканская Царква, якая з’яўляецца па свайму духу ўнікальнай і пратэстанцкай. Мае статус дзяржаўнай царквы, а яе галавой ад пачатку з’яўляецца кароль.

Касцёл каталіцкі ад таго часу амаль безперапынна быў у Англіі пад забаронай, у падполлі і на нова атрымаў свабоду вызнання ў 1832 г, калі быў надрукаваны Акт аб Свабодзе Католікаў. Сёння, ва ўсім Аб’яднаным Каралеўстве, католікі налічваюць 9-12 адсоткаў ад усяго насельніцтва.

Безумоўна, на маю прыватную думку, сёння Англіканскай Царкве не хапае радыкалізму ў прапаведванні Праўды Евангелля. Зрэшты, пачынаючы ад ХІХ ст., ёсць шмат выпадкаў пераходу з англіканства ў каталіцызм. І гэта як біскупаў, святароў, але таксама і інтэлектуальнай эліты. Напрыклад, католікамі сталі у свой час кардыналы Мэнінг і Ньюман, пісьменнікі Чэстэртон, Во Івлін і Рід, прэм’ер Тоні Блэр, і некаторыя з членаў англійскіх герцагскіх сямей.

Напэўна пераходу духавенства ў сённяшні час спрыяе і царкоўная ліберальнасць, якая ў выніку вядзе да бласлаўлення гомасэксуальных сужэнстваў і дазволу жанчынам атрымоўваць біскупскі сан. Што не знаходзіць апрабацыі ў хрысціянскай традыцыі і ў Святым Пісанні.

Гэта прыклад заходняга хрысціянства. Паралельна можам разгледзіць і прыклад усходняга хрысціянства.

Прыгадваецца мне на мінулым тыдні агучанае радыёстанцыяй  “Говорит Москва” заяўленне старшыні патрыяршай камісіі па пытаннях сям’і протаіерэя Дзімітрыя Смірнова: “Ядзерная зброя — гэта выратаванне расійскага народа, яго культуры і храмаў”.  Далей тлумачыў: “Нас ратуюць толькі ракеты, караблі, падводныя лодкі, абсталяваныя ядзернай зброяй».

У гэтых словах царкоўнага іерарха радыкалізму, безумоўна, хапае, толькі вось хрысціянства няма.

Словы праваслаўнага протаіерэя, гэта не толькі кампраметацыя яго як святара, але ўсёй герархіі РПЦ.

Такі погляд, як ратаванне храмаў ядзернай зброяй, альбо духоўных каштоўнасцяў мілітарнай сілай, не знаходзіць аніякага апраўдання ў Святым Пісанні.

Радыкалізм хрысціянскі праяўляецца ў любві. А там дзе танкі якая ж можа быць любоў? Гэта ўжо вычварэнства. Па свайму выгляду можа і адрозніваецца ад вычварэнстваў маральных “заходніх”, але ж прырода зла тая самая.

Радыкалізм хрысціянскі праяўляецца не ў вычварэнствах, але ў паслядоўным выкананні Божага слова. Хоць бы і таго, якое пераказвае нам прарок Ісая:

“Дзяліся з галодным хлебам сваім, пускай у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, апрані яго і ад роднага свайго не хавайся.

Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне. Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось я!

Калі ты скінеш з сябе ярмо, перастанеш пагражаць пальцам і гаварыць беззаконне, калі аддасі галоднаму свой хлеб і душу гаротніка насыціш, тады заззяе ў цемры тваё святло, і змрок твой будзе, як поўдзень”. ( Іс 58, 7-10).

Радыкалізм вымагае ад нас гаварыць менш пустых слоў пра любоў і рабіць штучных усмешак, але больш любіць і рабіць дабра кожнаму чалавеку не гледзячы на яго перакананні.

а. Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі