“Пост – час самадыягностыкі, Пасха – аснова нашай веры”. Пра жыццё падчас посту
Як паказвае досвед апошніх дзён, каронавірус можа пасунуць ці адмяніць любую падзею. Але сюды не ўваходзіць Вялікі Пост. “Krynica.info” задала некалькі пытанняў іерэю Раману Арцёмаву пра тое, для чаго нам дадзены Пост і як яго варта перажыць так, каб свята Пасхі не стала аднадзённым святам.
– Чым ёсць Пост для вас?
– Пост – гэта час самадыягностыкі. Але гэта дакладна не той час, калі становішся лепш. Гэта міф, якім людзі кормяцца. У нас ёсць 48 дзён. За гэты час ты не станеш лепш, калі ты гасіў сваё сэрца на працягу года. За гэты час максімум, што ты можаш зрабіць, – гэта зразумець, над чым трэба працаваць. Ты ставіш сябе ў пэўныя некамфортныя ўмовы і назіраеш: а што мне трэба ў сабе змяніць? Паступова адказ прыходзіць. І тады ўвесь астатні час паміж пастамі ты намагаешся гэта выправіць.
– Але чаму большасць людзей Пост успрымаюць зусім інакш?
– Так прасцей: сціснуць сябе, а пасля расслабіцца. Я кажу пра гэта пастаянна, але нічога не мяняецца. Калі мы набываем лекі, там ёсць дадатак – агульныя правілы прыёму. Але ёсць прыпіска: перад прымяненнем пракансультуйцеся з доктарам. Тое ж самае мы можам сказаць і ў дачыненні да паста. У кожнага мусіць быць свая мера Посту, толькі тады ён будзе мець сэнс.
– Як вы перажываеце Пост?
– Дзеля таго, каб мець маральнае права размаўляць пра пост, я трымаю пост так, як прапісана. Да святарства я так не пасціўся. Раней адмаўляўся толькі ад мяса. Хаця ад яго не залежу, я рэдка ем мяса. Ад мяса адмовіцца для мяне не праблема. А вось ад кавы адмовіцца складана. Таму я заўжды кажу: давайце будзем прызначаць індывідуальную меру паста для кожнага, улічваючы ўсе фактары… Проста для таго, каб Пост меў сэнс. Можна прымаць лекі ўпустую, а можна прапіваць так, каб дапамагала. У межах Праваслаўнай царквы чалавек можа выбраць сабе пост па сілах. У нас жа ёсць паслабленні… А адбываецца так, што чалавек строга пасціцца пры гастрыце, напрыклад. У выніку да канца посту прыходзіць проста ніякі.
– Мы так доўга чакаем Пасху. Для таго ж і трывае Пост. Чаму ў выніку радасць перажывання Пасхі аказваецца нейкай аднадзённай?…
– Гэта таму, што мы не жывём Пасхай. Пасха атрымліваецца падобнай да адчування дня народзінаў, калі мы шчаслівыя толькі падчас самога свята. Адчуванне Пасхі – гэта аснова нашай веры. Пасха – гэта цэнтр, дзе Госпад паяднаў чалавечае і Божае. Пасха – гэта не толькі лікаванне «Хрыстос Уваскрос!”. Гэта адчуванне любові. Адзіная з’ява ў свеце, якая надае сэнс існаванню, – гэта любоў, любоў Бога да чалавека. І няважна, будзем мы верыць у Яго ці не. Важна, што Ён у нас паверыў. І Пасха якраз такое – гэта адчуванне таго, што Ён у нас паверыў.
Вікторыя Чаплева
Фота аўтара
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Адкрыты набор на падрыхтоўчыя курсы для абітурыентаў Мінскай духоўнай семінарыі 20.04.2021 11:33
- Абраны новы старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 14.04.2021 19:11
- Біскуп Юрый Касабуцкі: Езуса пакаралі смерцю, бо хтосьці адчуў страх згубіць сваю ўладу 11.04.2021 04:08
- Паведамленне прэс-службы Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі 10.04.2021 18:39
- Хрысціянскі семінар для людзей, якія працуюць з групамі 10.04.2021 17:51
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)