“Ты фея?” Інтэрв’ю са стваральніцай “Альтанкі для чытанкі” Таццянай Крыцкай

Беларусь поўная незвычайных працавітых людзей, якія аддаюць сваё сэрца служэнню іншым. Сёння мы гутарым як раз з такой жанчынай, Таццянай Крыцкай, феяй Усмешкай, стваральніцай праекта “Альтанка для чытанкі” – інтэрактыўнага тэатра, мэтай якога з’яўляецца эмацыйная падтрымка хворых дзяцей і папулярызацыя беларускай мовы ў дзіцячым асяроддзі. Знаёмімся.

IMG_6155 (1)1

Хто такая фея Усмешка і як яна з’явілася?

Фея Усмешка – гэта я.

Зусім нядаўна адбылася гісторыя, якая канчаткова прымусіла мяне ў гэта паверыць.

Так сталася, што ў маёй добрай знаёмай захварэў сын Давід – лейкоз. Адзін-два разы на тыдзень мы разам наведваем дзённы стацыянар у бараўлянскім анкацэнтры. Аднойчы падчас чакання аналізаў мы знаходзіліся ў гульнявым пакоі і там да мяне падыйшла маленькая Эвеліна і спыталася: “Ты фея?” Па праўдзе, я нават разгубілася: я ў звычайным адзенні, няма ні кароны, ні крылаў, ды і “феяй” я ніколі не наведвала менавіта гэтае аддзяленне. Пакуль адказвала дзяўчынцы “так”, думала, мо дзе сустракаліся? Кажу: “Мы знаёмыя?” “Не, – адказвае, – але ж ты фея?” “Фея, фея”, – усміхаюся. Эвеліна выбягае з пакою і крычыць: “Мама, я ж казала, гэта фея! Сапраўдная!”

14322454_1795064054070597_20202620292509097_n

Сапраўдная. Мне так цёпла стала, бо я сама не люблю нейкія вобразы, маскі, проста гэта не маё. Я за сапраўднасць ува ўсім: у адчуваннях, у паводзінах, у думках, у стасунках.

За чатыры гады я звыклася з тым, што і дзеці, і дарослыя ў паўсядзённым жыцці час ад часу называюць мяне феяй або Усмешкай. Я зусім да гэтага не імкнулася, гэта шчырае жаданне тых людзей. Пры чым я разумею, што ў гэты момант я для іх не нейкі казачны вобраз, а чалавек, асоба.  У аўтобусе ад суседскага хлопчыка я чую: “Прывітанне, цёця Усмешка!” І ведаеце, гэта прыбярае непатрэбныя межы, гэта збліжае.

Пасля размовы з Эвелінай, у той жа дзень, выпадкова ў краме пабачыла брошку-фею. Цяпер гэта мая любімая брошка. Нашу і разумею: я знайшла сябе ў гэтым жыцці. Гэта шчасце.

Як з’явілася фея Усмешка?

Усё пачалося пяць гадоў таму, калі я з сябрамі ў складзе грамадскай арганізацыі “Дом на Скале” пачала наведваць разнастайныя установы: дзіцячыя дамы, інтэрнаты, шпіталі, сацыяльныя цэнтры. Маё месца ўва ўсім гэтым прыпадала на творчую частку: майстар-класы і забаўляльная праграма.  То бок рабіла тое, што ўмела і што любіла.

Адначасова з гэтым у маім жыцці з’явілася беларуская мова, стала пашырацца беларускамоўнае асяроддзе.

Усё гэта разам, як пазл, склалася ў ідэю стварэння арт-праекта “Альтанка для чытанкі”, які б мусіў аб’яднаць усё, што я любіла, да чаго імкнулася і што ўжо фактычна рабіла на той момант, але не сістэмна: творчасць, любоў да кніг і чытання, жаданне займацца з дзецьмі і эмацыйна падтрымліваць тых, якія хварэюць. Усе гэтыя складнікі па-асабку прысутнічалі ў маім жыцці. Не хапала адзінага, каб сабраць іх разам. Гэтым адзіным стала беларуская мова, якая надала канчатковы сэнс усёй маёй дзейнасці.

52846959_2297302467180084_1545130749777149952_o

Так у праекта “Альтанка для чытанкі” вызначыліся дзве мэты: тэрапія казкай – эмацыйная падтрымка хворых дзяцей праз тэатралізаванае чытанне – і папулярызацыя беларускай мовы ў дзіцячым асяроддзі.

І вось тут я зразумела, што  не хачу чытаць казкі проста, як Таццяна Крыцкая. Гэта сумна і суха. Гэта нецікава і захоўвае пэўныя межы, паміж мною і дзецьмі губляецца кантакт. Пачала думаць над вобразам. Не памятаю, каб доўга шукала, неяк без асаблівых намаганняў з’явілася фея. А вось для імя спатрэбіўся час. Яно мусіла быць тэрапеўтычным, ацаляючым для дзяцей, яно мусіла несці моцны пазітыўны зарад і, канечне, быць адлюстраваннем майго ўнутранага стану.

Так з’явілася Усмешка. Прычым для мяне сэнс гэтага імя не ў радасці і весялосці. Я не смяшу дзяцей, бо не клоўн. Сэнс – знайсці падыход і  дакрануцца да сэрца, запаліць усмешку ў ім. Часам яна і запальваецца толькі там, але гэта самае каштоўнае.

Каманда “Альтанкі для чытанкі” – без каго яна была б немагчымая?

Я не вельмі камунікатыўны чалавек. Я бліжэй да інтравертаў і залежу ад сваіх унутраных перажыванняў, адчуванняў, думак. Ува ўсім, што я раблю, прыслухоўваюся да свайго сэрца, таму “Альтанка” – гэта ў першую чаргу я. Гэта маё адчуванне жыцця і спроба яго пражыць па напісанаму мною сцэнару. Мне прасцей незалежаць ні ад каго, самой прыдумаць, запланаваць і здзейсніць. “Альтанка” – маё пакліканне, любімая справа і праца.

Але я не адна, сапраўды. І я вельмі ўдзячна за кожнага чалавека, што побач, бо гэта моцная дапамога і падтрымка. Гэта адзінства. І гэта важна для мяне.

IMG_07851

Каманда “Альтанкі” у першую чаргу – гэта муж. Ён быў першым, хто выслухаў, запаліўся ідэяй і падтрымаў усім магчымым: словам, вераю, часам, грашыма. Без яго “Альтанкі” не было б і тэхнічна, бо мы не маем сваёй прасторы, а ўсе рэчы, іх нямала, трэба адвезці-прывезці. Ніводнага разу за чатыры гады ён не адмаўляў ў гэтым.

Другі чалавек, які падтрымаў ад самага пачатку – гэта сябар Віталь Саболька. Заўсёды кажу, што я – сэрца “Альтанкі”, а ён вочы. І гэта цудоўнае спалучэнне, якое дапаўняе адзін аднаго, фарміруе адзінае гарманічнае цэлае. Мне важная адваротная сувязь, важная адзнака маёй дзейнасці, мне трэба бачыць, што і як адбываецца падчас казкі збоку. У фотаздымках Віталя час спыняецца. Кожнае імгненне потым для мяне адгукаецца ўпэўненасцю, што я займаюся патрэбнай і неабходнай справай. Гэта надае моцы і ў мяне вырастаюць крылы натхнення.

І, канечне, ёсць мае цудоўныя дзяўчаты-сябровачкі, якія з радасцю адгукаюцца, калі я звяртаюся за дапамогай: шыюць-вяжуць, пішуць спевы, спяваюць, ды і проста дапамагаюць сваёй прысутнасцю на казцы.

72474910_2520680801508915_8250841267508871168_o

За час існавання “Альтанкі” яе фармат змяняўся. На дадзены момант, я лічу, мы дараслі да фармата, які прымушае рабіць упэўненыя крокі наперад, развівацца і адкрываць новыя магчымасці – гэта фармат тэатра.

Тэатр Казкі “Альтанка для чытанкі” – так гэта гучыць зараз. Таму, спадзяюся, і каманда з часам будзе пашырацца, адпавядаць тэатру.

А як нараджаецца казка для “Альтанкі”?

За чатыры гады ў нас створана 12 казак і ў кожнай свая гісторыя нараджэння, але асноўны і галоўны крытэрый – казка мусіць спачатку нечым зачапіць мяне, спадабацца і адгукнуцца ў сэрцы. Потым ужо далучаецца магчымасць адаптаваць яе да фармату “Альтанкі”. І калі ўсё супадае, пачынаецца самы цяжкі і самы цікавы этап – з фантазіі зрабіць рэальнасць.

Так, напрыклад, самымі першымі казкамі  былі “Лыжка ў гасцях у міскі” Алены Масла і “Парасон і Слоўнік” Вольгі Гапеевай. Хочацца адзначыць, што з казкі Алены Масла пачаўся наш штогадовы ўдзел у фестывалі “Горад і Кнігі”. І гэта роўна праз два тыдні, калі “Альтанка” заявіла аб сабе на конкурсе сацыяльных праектаў  Social weekend. Зараз, азіраючыся, думаю, як усё хутка і своечасова атрымалася: ад канчатковага ўяўлення “Альтанкі” у маёй галаве да ўдзелу ў Social weekend прайшоў усяго тыдзень і яшчэ два да фестываля “Горад і кнігі”. Гэта было моцным асабістым штуршком і натхнённым пачаткам.

59523637_2342223516021312_981272874629201920_o

Першыя казкі чыталіся ў фармаце гучных чытанняў, бо і “Альтанка” напачатку так задумвалася, але проста чытаць у мяне не атрымалася. Мне вельмі важна было неяк ажывіць тое, пра што мы чытаем. Хацелася адыйсці ад традыцыйнасці і звыкласці. Так нарадзіліся тэатралізаваныя чытанні, калі кожны з дзяцей мог пабачыць герояў казкі, памацаць іх, нейкім чынам паўдзельнічаць у працэсе чытання. З’явіўся інтэрактыў і творчыя майстар-класы падчас чытання. Такі фармат “Альтанка” захоўвае і дагэтуль.

Так атрымліваецца, што кожная казка нараджаецца па запыце. Паколькі адным з накірункаў дзейнасці “Альтанкі” з’яўляецца эмацыйная падтрымка хворых дзяцей, то ёсць казкі, якія і ствараліся менавіта для такіх чытанняў.

Канечне, гэта наш любімы “Вельмі галодны вусень” Эрыка Карла, які мы паказваем напрацягу чатырох гадоў без перапынку. Яго гісторыя нараджэння такая: мне вельмі была патрэбна казка для дзяцей з аўтызмам. Да гэтага я ніколі не сустракалася з такім дзецьмі і нічога пра іх не ведала. Пачала чытаць, вывучаць, трапіла на семінар, які быў прысвечаны працы з дзецьмі з аўтызмам. Зразумела, што гэта мусіць быць нейкая асаблівая казка, каб ўлічвала ўсе асаблівасці ўспрыняцця і паводзін такіх дзяцей.

78595234_2520683588175303_5784703610587709440_o

Так супала, што падчас майго пошуку праходзіў фестываль казкі “Джэм”, на якім я пабачыла спектакль аднаго атмасфернага тэатру “Вельмі галодны вусень”. Я сядзела, глядзела і плакала, бо разумела, што гэта адказ на мой пошук. Мне адгукалася ўсё: сюжэт, форма падачы, ідэі. Напрыканцы я падыйшла да дзяўчыны-акторкі, расказала, ШТО шукаю і запыталася дазволу выкарыстаць некаторыя ідэі. Так на “Альтанцы” з’явіўся “Вусень”, які быў адаптаваны ўжо пад мой творчы стан, але з цудоўнымі ідэямі таго тэатра.

І ведаеце, колькі працую з дзецьмі з аўтызмам, “Вельмі галодны вусень” заўсёды знаходзіць шлях да іх сэрцаў. Гэта такая ўзнагарода.

57581531_2333265400250457_337093222645891072_o

Казкі “Палахлівая мышка” А. Макдональда, “Маленькае Я – ГЭТА Я” М. Лобэ, “Вулей” Надзеі Гарэцкай, “Неверагодныя прыгоды сіньёра Кропелькі” А. Траіні рыхтаваліся адмыслова для фестываля “Горад і Кнігі”. Гэта такая ўжо добрая традыцыя – раз на год стварыць казку для ўдзелу ў фестывалі. Неверагодны стымул творча рухацца і не засынаць. Гэтыя казкі каштоўныя для мяне ідэяй падачы. Яны ў фармаце вялікай кнігі, якая падчас чытанняў гартаецца і падзеі ажываюць.

На дадзены момант яшчэ дзве казкі рыхтуюцца, а дзве чакаюць свайго зорнага часу: ідэй-ідэй-ідэй і, канечне, натхнення, бо з гэтым так часта складана: я стамляюся, як любы творчы чалавек, ад эмоцый і ад звычкі шмат думаць.

IMG_07381

А стварэнне казкі патрабуе шмат высілкаў, часу, бо я пераважна раблю ўсё сама: прыдумляю і здзейсняю. Сама шыю, вяжу, малюю сваіх герояў і дэкарацыі. Звяртаюся і за дапамогай, але часцей не магу даверыць нікому, бо хочацца максімальна дакладна спраўдзіць задуманае, укладаючы сваё сэрца. Бо і працэс стварэння і потым казка – гэта адзінае цэлае, якое патрабуе гармоніі. Гэта частка майго жыцця, якое пражываю я сама. І мне гэта падабаецца, такім чынам я рэалізую сябе і знаходжу сэнс свайго існавання ў гэтым свеце.

Я вельмі люблю тактыльныя рэчы. Да таго ж і дзеткам, з якімі я працую, такія рэчы вельмі падабаюцца і прыносяць карысць. Таму часта героі маіх казак не маляваныя, а сапраўдныя: пашытыя, звязаныя, якіх можна патрымаць у руках, абняць, пацалаваць. Люблю, калі героі ажываюць. Так, напрыклад, вусень умее есці лісточкі і мы з дзецьмі кормім яго. А Элмер губляе клетачкі, якія мы прыклейваем яму на скуру. Хмаркі на казцы заўсёды праліваюць сапраўдны дождж, а хвост мышкі можа раптам стаць такім доўгім, што кожнаму будзе магчымасць ухапіцца за яго. Такіх момантаў-сюрпрызаў шмат. І я люблю іх, імкнуся, каб былі. Па крупіцах збіраю ідэі.

52598975_2293338290909835_1974750624679460864_o

Рэквезіту шмат. І з кожнай казкай, з кожнай задумкай яго становіцца больш. Акрамя таго я вельмі люблю атмасфернасць і ўтульнасць на сустрэчах. Таму дываны, падушкі, пледы, ліхтарыкі… спіс толькі поўніцца. Усё захоўваецца дома. Я так рада, што ў нас чатырохпакаёўка. Усе куты, паліцы ў шафах, балкон, агульны калідор з суседзямі там-сям хаваюць казку, у літаральным сэнсе гэтага слова.

Я мару аб казачнай прасторы для “Альтанкі”, дзе будзе ўтульна, прыгожа, дзе кожнай рэчы будзе сваё месца. Мару, каб не змаўкаў дзіцячы смех у гэтай прасторы і я чытала-чытала свае казкі. Мару.

IMG_07621

У якіх яшчэ праектах вы прымаеце ўдзел, каму дапамагаеце?

Я адкрыта да супрацоўніцтва. Заўсёды адгукаюся, калі нехта звяртаецца за дапамогай. Можна шмат казаць пра тое, як мусіць быць у нашай краіне і хто вінаваты, але, лічу, усё пачынаецца асабіста з нас. Не трэба намагацца змяніць увесь свет, трэба пачынаць з сябе і тады свет зменіцца.

Мне вельмі адгукаюцца праекты, накіраваныя на падтрымку сем’яў і дзяцей з асаблівасцямі развіцця, хворых, невідушчых, сірот. Люблю інклюзію. Таму і падтрымліваю праекты такога накірунку.

Дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Caritas”, грамадская ініцыятыва “Домік інклюзіўны”, ініцыятыва “Дапамога дзецям з цяжкімі генетычнымі захворваннямі” і іншыя – гэта блізкія майму сэрцу ініцыятывы.  Таму з радасцю прымаю ўдзел у праектах гэтых арганізацый і як “Альтанка”, і асабіста, як Таццяна Крыцкая.

45186757_2222688911308107_7289379745576255488_o

Акрамя гэтага ўжо другі год раз на месяц у фармаце творчых майстар-класаў праводжу заняткі на курсах “Мова Нанова Дзеткам”. Усім сэрцам дзякую аўтарцы курсаў Алене Церашковай за магчымасць спрычыніцца да патрэбнай справы і за давер з яе боку.

А ці просяць вас чытаць казкі па-руску? Ці бываюць моўныя канфлікты?

За амаль пяцігадовае існаванне “Альтанкі” не было ніводнага моўнага канфлікту. Я нават не магу ўявіць з-за чаго яны могуць узнікнуць. Большасць канфліктаў – гэта ўнутраны стан чалавека, калі мы выбухаем і бяжым па кнігу скаргаў, бо нам адказалі не на той мове. Або, бачыўшы, што чалавек нешта не зразумеў па-беларуску, не жадаем перайсці на зразумелую яму мову. Канфлікты там, дзе няма павагі і любові. Я кажу зараз пра паўсядзённае жыццё, не кранаючы пытанняў мовы на дзяржаўным узроўні. Гэта іншае.

Пытанне мовы ў паўсядзённым жыцці – гэта пытанне кожнага чалавека асабіста. Кожны сам вырашае, на якой мове яму размаўляць, думаць, чытаць.

Я на 50% руская, уся галіна сваякоў па маме ў мяне з Расіі. Я не збіраюся гэта хаваць, гэтага саромецца, ад гэтага адмаўляцца. Гэта зусім не перашкаджае мне любіць Беларусь, дзе я нарадзілася і дзе карані маіх другіх 50% сваякоў. Гэта зусім не замінае мне любіць беларускую мову і лічыць яе роднай, хоць прызнаюся, на адсоткаў 60 я думаю па-руску.

42829196_2204596679783997_1645003887758802944_o

Так, быў непрыемны досвед напачатку стварэння “Альтанкі”, калі члены журы на праекце Social weekend выказалі сумневы наконт вартасці існавання ініцыятывы па-беларуску. Але гэта ніяк не паўплывала на нашае рашэнне.

Я пісала вышэй, адна з мэт “Альтанкі” – папулярызацыя роднай мовы. Усе нашыя чытанні на фестывалях, у бібліятэках, музеях, дзіцячых дамах, сацыяльных цэнтрах, школах і садках адбываюцца па-беларуску. Столькі падзякі я чула ад людзей, што казкі менавіта па-беларуску. Нас успрымаюць, як беларускамоўную ініцыятыву і ніколі прапаноў чытаць па-руску і не было. Калі б прапанавалі, то я адмовілася б, бо гэта супярэчыць мэце “Альтанкі”.

Іншая справа хворыя дзеці, дзеці з асаблівасцямі развіцця, дзеці з аўтызмам. Гляджу па сітуацыі, усё вельмі індывідуальна, бо далёка не ўсе з іх выхоўваюцца ў беларускамоўных сем’ях і мова зразумелая, звыклая для іх успрыняцця, на жаль, не беларуская. Большасць “Альтанак” для такіх дзетак па-руску.

У такія моманты для мяне вельмі важна максімальна наблізіцца да сэрца дзіцёнка, наладзіць моцны эмацыйны кантакт, каб мяне зразумелі і быў тэрапеўтычны вынік. Я пераходжу на камфортную мову дзіцяці.

Так, напрыклад, у анкацэнтры ў Бараўлянах мне зусім непрынцыпова, калі дзіцё на гармонах і хіміі, з катэтарамі і кропельніцамі, ледзь не плача і ад болю, і ад дыскамфорту, размаўляць па-беларуску.

Дарэчы, там жа сустракала шмат дзетак з Украіны. Я з імі размаўляла па-беларуску, яны са мной па-ўкраінску. Адзіная мова, што існуе ў такіх установах – мова сэрца, зразумелая кожнаму. Я ведаю, чаго хачу дасягнуць і дасягаю.

58430285_2333265070250490_6653087655003160576_o

Альтанка – гэта толькі дабрачынны праект? Дзе вас можна пабачыць звычайнай сям’і з дзеткамі?

“Альтанка для чытанкі” задумвалася, як адзін з накірункаў дзейнасці ў межах грамадскай арганізацыі і, канечне, як дабрачынны праект. Праз год свайго існавання, “Альтанка” стала самастойнай ініцыятывай. Таксама дабрачыннай, я ніколі не ставіла мэт зарабіць грошы. Але з часам стала зразумела, што ўсе казкі, дэкарацыі, рэквізіт, матэрыялы на майстар-класы, кнігі дзецям у падарунак патрабуюць фінансавання. І для сямейнага бюджэта вырашаць гэтыя пытанні часам складана. Так з’явіліся камерцыйныя “Альтанкі”. Іх мала, па запыце прыватных садочкаў, напрыклад, або замоў на народзіны. Пастаяннай камерцыйнай дзейнасці няма па розных прычынах, але зараз маю вялікае жаданне, каб пакліканне, любімая справа і праца, якая прыносіць даход, былі аб’яднаныя. Трэба, мабыць, дарасці яшчэ да гэтага. Усяму свой час.

Дамовіцца аб камерцыйнай “Альтанцы” вельмі проста – звярнуцца да мяне асабіста або ў паведамленнях на старонцы “Альтанка для чытанкі” у фэйсбуку. А пабачыць казкі “Альтанкі” можна на разнастайных свецкіх мерапрыемствах. Мы з радасцю ўдзельнічаем у штогадовым фестывалі “Горад і Кнігі”, напрыклад. Ноч музеяў, ноч бібліятэк, прэзентацыі кніг, творчыя сустрэчы.  Проста сачыце за аб’явамі на нашай старонцы.

Распавядзіце пра вашу сям’ю. Муж вас падтрымлівае ў творчасці вы казалі, а дзеці?

У нас з мужам трое дзяцей.

Ева ўжо зусім дарослая, 17 гадоў. У мінулым годзе скончыла гімназію. Зараз працуе і рыхтуецца да паступлення на эканамічную спецыяльнасць. Любіць фатаграфаваць і ў яе атрымліваецца. Часта выручае мяне з фота, асабліва на курсах “Мова Нанова Дзеткам”, ніколі не адмаўляе. Таксама запрашаюць фатаграфаваць і на розныя моладзевыя сустрэчы, у летнікі.

IMG_07091

Стэфаніі 12 гадоў, вучыцца ў 6 класе. Цудоўная, спакойная дзяўчынка, якая не прызнае спадніцы і сукенкі. Вельмі любіць сабак, марыла аб хаскі, але мы абмежаваліся йоркам Смайлікам. Ровары, скейты, самакаты, мячы – таксама любоў Сцешы. Ну, і канечне, пластылін, з якога вырабляе вельмі дробныя і дасканалыя рэчы.

Мацвей вучыцца ў 2 класе, паслухмяны і адказны хлопчык. Добры, спачувальны, пастаянна дорыць мне букеты з кветак. Кожны раз, калі мы з “Альтанкай” наведваем яго клас, шчыра ганарыцца гэтым.

Наогул, нашы дзеці заўсёды з радасцю чакаюць новую казку і становяцца першымі яе слухачамі. Я заўсёды раюся ці падабаецца ім сюжэт, ці цікава ім, як лепш на іх погляд зрабіць таго ці іншага героя. Магу папрасіць дапамагчы нарабіць нарыхтовак для майстар-класаў і скласці ўсё ў пакункі – яны ніколі не адмаўляюць, дапамагаюць. У гэтай зацікаўленнасці і ў тым, што мы разам, вялікая дапамога і падтрымка.

Я ўжо казала, што рэчаў на казку шмат, проста на маршрутцы не даедзеш, я прывязана да мужа. Але ў нас адзінства. Ён дапамагае ўва ўсім: і адвязе, і прывязе, і свае крытычныя заўвагі наконт казак выкажа. Ёсць элементы, якія падказаў менавіта ён і, ведаеце, ад усіх іх маленькія слухачы ў захапленні. Так, напрыклад, ноздры ў герояў казкі “Маленькае Я – ГЭТА Я” з абаранкаў і сушак розных памераў, яго ідэя. І мне так прыемна, што яму не абыякава, гэта натхняе і прымушае паверыць у сваю значнасць. Ён адчувае і заўважае шмат дробязяў. Заўсёды намагаецца, каб “Альтанкі” прайшлі камфортна, утульна, сочыць за парадкам, перажывае.

IMG_07701

І гэта не толькі тычыцца “Альтанкі”. У яго вельмі добрае сэрца, шмат хто ведае пра гэта. Сярод ночы можна разбудзіць, сказаць “дапамажы” і паімчыць, не адмовіць. Сам прапануе заўсёды дапамогу.

Адзінства. У гэтым, я лічу, наш сакрэт. Адзінства думак, спраў, поглядаў, каштоўнасцяў, мэт.

“Майстар-клас АБ ЖЫЦЦІ”, ці часта плачаце і як напаўняеце сябе?

Майстар-клас “АБ ЖЫЦЦІ” – гэта дзённік маіх перажыванняў, куды я збіраю тое кранальнае, блізкае і дарагое, што ўзрушыла маё сэрца, што выклікала моцныя пачуцці і тое, чым хачу падзяліцца, бо не магу трымаць унутры.

Праект нарадзіўся год таму, у снежні 2018 года, як серыя майстар-класаў у адным з аддзяленняў анкацэнтра ў Бараўлянах. Нарадзіўся спантанна, я не планавала яго. Проста аднойчы праз знаёмую медсястру даведалася, што хворая дзяўчынка Маргарыта марыць аб вялікім мядзьведзіку. Так супала, што на маёй паліцы ў шафе ляжаў такі мядзведзь, якога я набывала на “Альтанку”, але неяк  усё не знаходзілася яму ролі ў ёй. Цяпер я ведаю, якім было яго сапраўднае прызначэнне. Я ўзяла цацку і паехала ў Бараўляны, была нядзеля. Падарыла мядзведзя Маргарыце і адчула моцнае жаданне вярнуцца. Ужо ў наступную нядзелю адбыўся першы майстар-клас па стварэнні навагодніх шароў, бо пачалася зіма. А потым панеслася ўсё ў нейкай апантанасці. Я жыла чаканнем новай сустрэчы, ідэі майстар-класаў проста сыпаліся адна за адной.

IMG_8076

Гэта цяжка растлумачыць і не кожны зразумее, але я называю гэта “маім асабістым эгаізмам”.  Я не пайшла ў Бараўляны з-за таго, што мне было шкада дзяцей, наогул, шкадаванне лічу самым горшым, што можа быць. Я не пайшла з-за таго, што гэта ж “добрая справа”, не, мяне менш за ўсё гэта хвалявала. У мяне наогул не было ніякіх матываў, акрамя аднаго, падсвядомага, які я разгледзіла крыху пазней: ратаванне сябе. Таму і эгаізм.

У апісанні суполкі  на фэйсбуку значыцца: “Я вучуся плакаць сэрцам. Так найбольш балюча. Гэтыя боль і пакуты сэрца фарміруюць пратэст і бунт з  назвай “Майстар-клас АБ ЖЫЦЦІ”.

Інтуітыўна я пайшла за сэрцам. Розум далучыўся пазней. Боль. Мой асабісты ўнутраны боль ад такога блізкага сутыкнення з анкалогіяй, бездапаможнасцю і стратай роднага чалавека, разам з адчуваннем віны, што не змагла дапамагчы і нешта перамяніць, страх ад думкі, што такое можа паўтарыцца яшчэ з кімсьці з блізкіх… прымусілі пайсці ў Бараўляны і выказаць пратэст і бунт супраць рэчаіснасці.  І так, ніводны майстар-клас не можа кардынальна змяніць гэтую рэчаіснасць, не можа вылячыць і перамагчы хваробу, але гадзіну, паўгадзіны, хвіліну, імгненне можна вырваць у смерці і ў гэты момант ЖЫЦЬ. Я ўбачыла, што правіла “тут і зараз” дзейнічае.

IMG_7988

Майстар-клас “АБ ЖЫЦЦІ” змяніў філасофію майго  погляда на жыццё і фарміруе яго дагэтуль.

Пасля першай сустрэчы з Маргарытай, на працягу шасці месяцаў штонядзельна я стала наведваць яе аддзяленне ў анкацэнтры з творчымі заняткамі. Я вельмі ўдзячна, што дарагія мне людзі, мае сябры, далучыліся да гэтай справы і падтрымалі. Я была не адна.

Хутка нашыя  сустрэчы сталі чаканымі і з боку дзяцей. Яны сустракалі нас з усмешкай, абдымалі, распавядалі навіны, сумавалі, калі па медыцынскім паказальнікам нельга было выйсці з палаты. Мы знаёміліся ўсё бліжэй і ў адзін момант гэтыя дзеці сталі роднымі. Мой страх перад светам хворага дзіцяці рухнуў. Межы зніклі. Я пабачыла не хворых дзяцей, а ДЗЯЦЕЙ. Звычайных дзяцей з іх звычайнымі капрызамі, марамі, жаданнямі-нежаданнямі, інтарэсамі. Нават кропельніцы і лысыя галоўкі адыходзілі на другі план, іх я разглядала пазней, ужо дома  на фотаздымках.

57430279_2326360497607614_7709254026151329792_o

Гульнявы пакой, дзе праводзіліся майстар-класы, пабудаваны такім чынам, што аддзяленне паверхам вышэй без усялякіх перашкод, праз шкло, можа назіраць, што адбываецца ніжэй. Такі своеасаблівы калодзеж. І аднойчы я заўважыла, што там, на пятым паверсе, стаяць зусім маленькія дзеткі з бацькамі і назіраюць за нашымі заняткамі і мыльнынымі бурбалкамі. Стаяць і махаюць ручкамі, калі я падымаю галаву і гляджу на іх. А адна дзяўчынка не проста махала, яна клікала рухамі да сябе. Я не змагла адмовіць. Схапіла бурбалкі і паднялася да іх.

З таго часу акрамя майстар-класаў на чацьвёртым паверсе далучыліся казкі “Альтанкі” для маленькіх дзетак з пятага.

57154164_2326360707607593_3561290708935507968_o

Вось тут запрацаваў розум. Пачаў адступаць уласны боль. Я зразумела, што магу быць карыснай гэтым дзецям і бацькам. Я магу паслужыць  тым, чым умею. Я магу дапамагчы, абняць, выслухаць і падтрымаць. Я гатова ўмясціць ў сваё сэрца чужы боль, выцісняючы пры гэтым  свой. Я атрымлівала ацаленне і моц рухацца наперад ад кожнай нашай сустрэчы. Я атрымлівала моц жыць.  Вось тут прачнулася моцнае суперажыванне, я пачала думаць аб іншых. Пачала заўважаць жыццё ў Бараўлянах і назіраць за ім. Майстар-класы для мяне ператварыліся не проста ў заняткі творчасцю, яны сталі ўрокамі жыцця. Само жыццё  давала мне майстар-клас аб ЖЫЦЦІ.

Серыя майстар-класаў скончылася напачатку лета 2019 года і з верасня не аднавілася. Гляджу на гэта, як на ўдалы сваечасовы праект, які рэалізаваўся і дасягнуў сваёй мэты. Праект, які дапамог мне вызначыцца з далейшым накірункам працы ў Бараўлянах і акрэсліць яе фармат.

На дадзены момант мае нядзельныя вечары – гэта  тэрапія казкамі “Альтанкі” на пятым паверсе анкацэнтра для маленькіх дзетак. Невымоўна гэтаму рада. Шчасце – рабіць тое, што ў сэрцы.

56897046_2326357697607894_5860221586761580544_o

Анкацэнтр – гэта месца болю і смерці. За год не стала пяцёра нашых дзяцей. Гэта пра якіх я ведаю. Да гэтага нельга прызвычыцца, з гэтым немагчыма пагадзіцца. Але гэтага нельга і змяніць. Якая рэакцыя на гэта? Такая ж, як у любога нармальнага чалавека: смутак.

Ці плачу я?

Так, плачу. Я наогул плаксівая жанчына, якую можа давесці да слёз просты мультфільм. Плачу ад унутранага напружання і эмоцый. Але ўсё часцей няма фізічных слёз, калі чую пра смерць дзіця ў анкацэнтры. Плач глыбока ўнутры на ўзроўні смутку, перажываняў і спробы асэнсавання смерці, як сцэнара жыцця канкрэтнага чалавека. Я вучуся прымаць кожную смерць. Гэта складана. Вельмі. А па-іншаму немагчыма. Ёсць дзеці, стан якіх  пагаршаецца на вачах і ты ўжо разумееш, да чаго рыхтавацца. Тады асэнсавана  пражываеш гэты перыяд яшчэ жыцця, фіксуючы кожнае імгненне  сустрэчы ў розуме, каб потым ушанаваць памяць цёплымі ўспамінамі, не слязьмі, а ўсмешкай на твары. Гэта праўда, я навучылася ўсміхацца, ціха-ціха, калі ўзгадваю тых, каго больш няма. Я вучуся адпускаць. Гэта складана, бо прывязваешся.

Больш складаны бок пытання, калі я думаю пра бацькоў памерлых дзяцей. Вось тут сэрца рвецца на часткі і слёзы не стрымаць. Бо я сама мама і мозг адразу прапануе мне апынуцца на іх месцы, а гэта невыносны боль. У такія моманты я магу толькі абняць іх усімі сваім думкамі і сэрцам. І як бы жорстка гэтане гучала, але настае момант, калі разумееш, што боль бацькоў – гэта іх уласны боль, праз які яны праходзяць. Гэта іх шлях. Я магу падзяліць боль суперажываннем, але трэба спыніцца да мяжы, калі гэты боль пачне разбураць мяне.

52849980_2297758403801157_2446936211055443968_o

Усё гэта патрабуе шмат высілкаў. Эмацыйных, у першую чаргу.

Чым я напаўняюся? Я спачатку стараюся пазбавіцца ад эмоцый, напружання і перажыванняў, якія кіпяць унутры. Мой спосаб – гэта магчымасць выказацца, дастаць гэта ўсё з сэрца і адпусціць. Ёсць тыя, хто умее мяне слухаць, дзякуй ім. Але больш я люблю адпусціць усё пісьмова, асабліва не напружваць кагосьці. Таму і з’явілася старонка на фэйсбуку “Майстар-клас АБ ЖЫЦЦІ”. Толькі з гэтай мэтай. Гэта мой дзённік, хоць і публічны.

Бывае, што пішуцца вершы або казкі, такая своеасаблівая арт-тэрапія, якая дапамагае завяршыць пражыванне складаных момантаў, паставіць кропку.

Вось, напрыклад, адзін з вершаў:

Прысядзь.

Абдымі.

Зазірні ў вочы.

Убач,

Пераймі,

Захавай. У сэрцы.

Засні.

Абудзіся.

У святло апраніся…

А потым спачатку:

прысядзь-абдымі,

убач-захавай-пераймі і…

Засні.

З жыццём абудзіся.

І пера-

тварыся.

А напаўняюся я звычайна цішынёю і спакоем. Трэба адпачыць, перавесці ўвагу. Хоць на крыху час мусіць спыніцца, каб пачытаць, паслухаць музыку, пашпацыраваць, і нікуды-нікуды не спяшацца. Для мяне камфортны тэмп унутранага жыцця размераны і без мітусні.

Такім чынам, майстар-клас ”АБ ЖЫЦЦІ” – гэта ўсё тое, што кранае маё жыццё, чаму я вучуся ад яго, што заўважаю, знаходзячыся ў сценах анкацэнтра і ня толькі,  пра што хачу расказаць іншым і расказваю.

Ці былі планы на нейкі больш маштабны праект, прыцягненне валанцёраў або арганізацыю пастаяннага служэння, кшталту “Бальнічных клоўнаў”, напрыклад, бальнічная казкатэрапія? 

Ніколі не імкнулася да маштабаў. Заўсёды для мяне на першым месцы якасць і дасканаласць у спалучэнні з унутраным кафортам і задавальненнем. Я адэкватна ацэньваю свае здольнасці, магчымасці і таму маю роўна той фармат дзейнасці, які маю зараз. Я за тое, каб усё адбывалася ў свой час, па запыце, па патрэбах. Бачу патрэбу – іду і раблю, калі магу дапамагчы. Мне падабаецца, што я быццам на караблі плыву і падпарадкоўваюся цячэнню. У тым сэнсе, што само жыццё і яго абставіны падказваюць, вызначаюць мой рух у творчай дзейнасці. А я прыслухоўваюся. Сваю дзейнасць лічу пастаяннай. Ужо амаль пяць гадоў “Альтанка” існуе, дыхае, развіваецца.

Вельмі люблю бальнічных клоўнаў, якія зараз у нас вылучыліся ў самастойную ініцыятыву “Доктар нос”. Захапляюся іх дзейнасцю і рада, што такія ініцыятывы існуюць.

Не думаю, што “Альтанка” і тэрапія казкай у яе межах стане маштабным праектам з уцягненнем вялікай колькасці валанцёраў. Для мяне гэта вельмі асабісты праект майго сэрца. Але і на 100% сцвярджаць не буду. Калі нейкім чынам я адчую моц і ўпэўненасць у іншым, усё можа змяніцца.

52598197_2292114171032247_463393629407281152_o

Гутарыла Надзея Гарэцкая

Фатаздымкі Евы Крыцкай і Віталя Саболькі

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі