Вячаслаў Барок: Пра магілу з якой нават Бог не ўратуе

“Адкрыю магілы вашы… і выведу вас з магілаў вашых” (Эзх 37,12).

Чым даўжэй жыве чалавек, тым больш упэўніваецца, што набліжаецца да рэчаіснасці, сімвалам якой з’яўляецца магіла. Да той мяжы, пасля якой усё завяршаецца. У супрацьстаянні з сілай магілы, сярод людзей, пакуль няма пераможцаў. А калі камусьці і здалося, што ён выйграў, то гэта толькі таму, што яго барацьба яшчэ не закончылася.

Бог, праз прарока Эзэхіэля, словы каторага я зацытаваў на пачатку, кажа пра сваю перамогу над магілай чалавека. Прароцтва з 37-га раздзела ў кнізе прарока Эзэхіэля тычыцца ўваскрашэння памерлых і прыхода Місіі. Хрыстос праз цуды вяртання, прынамсі некаторых памерлых да жыцця, напрыклад Лазара ды іншых, звяртае ўвагу, што магіла ў супрацьстаянні з Ім не ёсць аж такая непахісная.

Божы Сын назаўсёды пакінуў пустой сваю магілу, ў якой бязбожныя хацелі Яго пахаваць. Пры гэтым вучням сваім кажа: “Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць” (Ян 11, 26). Хрыстос гэтымі словамі спрабуе запэўніць, што і нашыя магілы будуць пустымі. Ён мае моц выводзіць чалавека з магілы, ў якую той трапляе з прычыны натуральнай смерці.

Над гэтымі словамі важна задумвацца на прыканцы Вялікага посту, калі ўсё бліжэй Пасхальны Трыдуум, дні ў якія разважаем смерць Хрыста і Яго перамогу над смерцю.

І яшчэ не менш важна прыгадаць магілу, ў якую кожны можа патрапіць з уласнай волі, з якой нават Хрысту не пад сілу вывесці кагосьці з нас. У гэту магілу чалавек сам сябе хавае. Робіць гэта свядома і дабравольна.

Калі параўноўваю жыццё чалавека з магілай, не раблю нічога новага.
З пабелянымі магіламі параўноўваў Хрыстос фарысеяў (пар. Мц 23, 27).

Гэтымі словамі Ён выкрываў іх крывадушнасць і гардыню – маці ўсіх грахоў.

Ганарыстаму казаць пра яго гардыню, гэта як сляпому гаварыць пра колеры, ці глухом пра гучанне музыкі. Гардыня не дазваляе ганарыстаму прызнацца ў ёй. Ён не чуе гэтых слоў і не бачыць сваёй гардыні.

А вось нежаданне прабачыць іншаму, якое таксама паходзіць з гардыні, і з’яўляецца акурат сімптомам наяўнасці гардыні, дазваляе заўважыць праблему гардыні.

Можам прыгадаць прыпавесць пра блуднага сына. І тое, як праведны брат не мог зразумець паводзінаў прабачаючага бацькі і сам не мог прабачыць свайго брата. Цяжка было прабачыць, бо яго праведнасць не спраўлялася з уласнай гардыняй.

Непрабачэнне – гэта зло. Праз яго чалавек заганяе сябе ў магілу з якой нават сам Пераможца смерці- Хрыстос не выведзе чалавека, што пакрыўдзіўся на ўвесь свет.

Непрабачэнне – гэта грэх. “Расплата за грэх – смерць” (Рым 6,23) – лаканічна тлумачыць Апостал Павел наступства граху ў Пасланні да Рымлянаў.

Хрысціянін, які не прабачае, сам просіць Бога, каб і Бог яму не прабачыў, бо штодня ў малітве “Ойча наш” паўтарае: “і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым”.

Праз непрабачэнне чалавек перастае жыць, ён самаізалюецца, падобна як і старэйшы праведны сын не хацеў увайсці туды, дзе святкаваў вяртанне сына прабачыўшы бацька. Такая ізаляцыя, ніяк не зможа паслужыць на паляпшэнне кандыцыі ні фізычнай, ні духоўнай. Наадварот, як сведчыць даследванне навуковага медыцынскага цэнтра Джона Хопкінса, прабачэнне мае агромны ўплыў на стан нашага здароўя. Прабыванне ў стане непрабачэння аслабляе цялеснае самапачуцце чалавека і можа быць крыніцай захворвання.
Мяне, як святара, гэта абсалютна не здзіўляе, бо як яшчэ па-іншаму можа адчуваць сябе чалавек у магіле…

Непрабачэнне раўназначна прабыванню ў магіле. Пра якое ж здароўе можна гаварыць у магіле. Гэта кожны разумее.

Прыгадалася мне малітва аднаго дзіцяці дашкольнага ўзросту. Яно пад час Св. Літургіі, калі гучала малітва вернікаў, у мікрафон прамовіла: “молімся за памерлых, каб здаровенькія былі”. Сёння разумею, што ў гэтай малітве вуснамі дзіцяці прагучала мудрая думка. Такая просьба добра пасуе, каб маліцца за тых, хто сам сябе паклаў у магілу непрабачэння.

Увесь наш пост і духоўныя практыкі губляюць сэнс, калі мы не ўзыходзім на ўзровень прабачэння…

Няхай Бог дасць нам магчымасць сапраўды змяніць нашае мысленне і прыняць рашэнне прабачыць тым, хто нам завініў і не раз, і не два, але заўсёды , а калі будзе трэба, то і 70 раз на дзень, як павучаў Хрыстос.

Калі мы вызвалім сябе з магілы непрабачэння, то з усіх іншых магілаў выведзе нас Бог.

Рашэнне кожнаму прымаць самастойна, ці далей прабываць у магіле, ці ўсё ж з яе выйсці і жыць…
Не бядуй, калі ты занадта доўга быў у магіле, што тваё жыццё пачало смярдзець ненавісцю, так як смярдзела цела Лазара на чацвёрты дзень прабывання ў магіле. Ведай, калі выйдзеш з магілы, то Бог напоўніць тваё жыццё водарам упрагнёнага спакою і слодычу вызвалення.

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі