Няспынная малітва за Беларусь ідзе ўжо пяць гадоў

Сёння, 12 красавіка, якраз на каталіцкі і пратэстанцкі Вялікдзень, на праваслаўную Вербную нядзелю споўнілася пяць гадоў Няспыннай малітве за Беларусь.

У сакавіку 2015-га вернікі розных канфесіяў – каталічкі Воля Севярынец і Юля Фралова, пратэстант Аляксей Шэін і праваслаўны Павел Севярынец – пастанавілі пачаць бесперапынную эстафетную малітву, дзе адзін чалавек браў бы адну гадзіну малітвы за Беларусь на тыдзень. У тыдні 168 гадзінаў. На заклік адгукнулася больш як 200 чалавек.
На Вялікдзень 2015 года, якраз 12 красавіка, Нясынная малітва за Беларусь пачалася. З тых пор яна не спыняецца.
Вернікі моляцца там, дзе яны ёсць, так, як умеюць, удзень і ўначы – да Бога за Беларусь.
Сёння ў малітве ўдзельнічаюць беларусы і ня толькі беларусы з дзясяткаў краінаў. Агульны графік Няспыннай малітвы можна ўбачыць тут.

-Мы верым, што наша малітва яднае вернікаў розных хрысціянскіх канфесіяў, яднае беларусаў як народ перад Богам, і абараняе нашу краіну ў цяжкі час, – кажа каардынатар Няспыннай малітвы Вольга Севярынец.

Звычайна на гадавіну Няспыннай вернікі збіраюцца ў Менску на супольную малітву. Гэтым разам, аднак, у абставінах пандэміі вырашана заставацца дома.

– Сёння Беларусі, пад пагрозай пандэміі, дыктатуры і імперыі, асабліва патрэбная малітоўная падтрымка. Няхай у кожную гадзіну моляцца двое ці трое – тады, паводле Слова Божага, і Ён будзе сярод нас, – сцвярджаюць арганізатары Няспыннай малітвы.

Хто гатовы стаць у праломе за Беларусь – пішыце каардынатарам у сацыяльных сетках ці на пошту.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі