Жыццё Праваслаўнай Царквы ў Заходняй Беларусі ў аб’ектыве фатографаў з часопісу «Воскресное чтение». Піша гісторык

IMG_20170925_160504

Падчас навукова-даследчай працы ў Варшаве я меў магчымасць працаваць з адным вельмі цікавым і рэдкім у нашай гістарыяграфіі выданем – праваслаўным часопісам «Воскресное чтение», які быў афіцыйным друкаваным органам Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. Ён рэгулярна выдаваўся ў Варшаве на рускай мове. Першы нумар часопісу пабачыў свет 20 (7) студзеня 1924 г., а апошні выйшаў напярэдадні Другой Сусветнай вайны 27 жніўня 1939 г. Гэты часопіс – сапраўдная рэдкасць, бо ў беларускіх бібліятэчных і архіўных зборах прадстаўлена неверагодна маленькая колькасць нумароў выдання… Сярод багатага матэрыялу на старонках часопіса публікаваліся і фотаздымкі. Часопісная фотакарэспандэнцыя адлюстроўвала царкоўнае жыццё розных кірункаў і мела шырокі геаграфічны ахоп: публікаваліся здымкі з падзей у Варшаве, з епархій Заходняй Беларусі і Украіны, а таксама з замежжа. Найбольш цікавыя і каштоўныя фотаздымкі мною і былі скапіраваныя. Гэтая публікацыя прысвечана царкоўнай архітэктурнай спадчыне.

Пінск

На старонках часопісу за 1925 г. быў апублікаваны здымак кафедральнага Свята-Фёдараўскага сабору ў Пінску. Будынак храма быў узведзены ў XVIII ст. і да 1857 г. належаў да каталіцкага кляштару Дамініканцаў. Пасля перадачы праваслаўным, царква была перабудаваная і набыла выгляд, адлюстраваны на фота. Знаходзіўся сабор на вул. Саборнай (сучасная вул. Горкага). У 1920-я – 1930-я царква з’яўлялася галоўным храмам Пінскай епархіі. У 1939 г. святыня значна пацярпела, а ў 1949 г. была зруйнавана савецкай уладай. У 1990-я месца старажытнай святымі заняў новы праваслаўны храм.

Свята-Фёдараўскі сабор у г. Пінску, 1925 г
Свята-Фёдараўскі сабор у г. Пінску, 1925 г

Гродна

1925 годам датаваная публікацыя здымку Свята-Пакроўскага Кафедральнага сабору ў Гродна. Узвядзенне царквы, як гарнізоннай, пачалося ў 1904 г., да 1907 г. будаўніцтва было завершана. Пасля закрыцця ў 1921 г. Гродзенскага кафедральнага Сафійскага сабора, Свята-Пакроўскі сабор становіцца галоўным храмам епархіі і прымае найменне кафедральнага. Побач са здымкам знешняга выгляду храма публікаваўся здымак саборнага інтэр’еру, аднак з-за вельмі кепскай якасці мы не прыводзім яго выяву.

Гродзенскі кафедральны Свята-Пакроўскі сабор, 1925 г
Гродзенскі кафедральны Свята-Пакроўскі сабор, 1925 г

Мураванка

Цікавасць выклікае здымак Свята-Раства-Багародзіцкай царквы ў в. Мураванка (Маламажэйкаўская царква) – выбітны помнік культавай абарончай пабудовы мяжы ХV–ХVI ст. У 1920-я г. польскія ўлады распачалі працэс вяртання раней забраных каталіцкіх храмаў. Але разам з былымі касцёламі час ад часу рабіліся спробы адабрання цэркваў, якія з’яўляліся раней уніяцкімі і ніколі не былі рымска-каталіцкімі. На жаль, патрапіла ў гэты лік і Маламажэйкаўская царква, хоць вакол яе ў той час пераважала праваслаўнае насельніцтва. Справа аб перадачы царквы актыўна адлюстроўвалася на старонках часопісу. Апублікаваны здымак паказвае апошнія яе месяцы прыналежнасці да Праваслаўя. Але галоўная яго каштоўнасць у тым, што побач з царквой заўражаны святар – 85-ці гадовы Леў Савіцкі, які з 1863 г. па 1926 г. быў настаяцелям царквы і зрабіў неацэнны ўнёсак ў яе падтрыманне і захаванне.

Свята-Раства-Багародзіцкая царква ў в. Мураванка (Маламажэйкаўская царква), 1925 г.

Шчорсы

Адметным з’яўляецца і фотаздымак інтэр’еру царквы Св. Дзмітрыя Салунскага ў Шчорсах, зафіксаваны ў 1929 г. У 1920-я царква сур’ёзна пацярпела ад пажару, але была адноўленая і 21 лістапада і 1929 г. асвечаная. Каштоўнасць адлюстраванага на фота інтэр’еру ў тым, што у кан. 1950-х гг. храм быў зачынены, у ім змяшчалася спартыўная зала, зернясховішча. Адпаведна, ранейшыя інтэр’еры былі страчаныя, пры аднаўленні царквы ў 1988 г. унутранае ўбранства выканана нанова.

Унутраны выгляд царквы Св. Дзмітрыя ў Шчорсах, 21 лістапада 1929 г.
Унутраны выгляд царквы Св. Дзмітрыя ў Шчорсах, 21 лістапада 1929 г.

Жыровічы

Змешчаны на старонках «Воскресного чтения» і здымак адной з галоўных беларускіх праваслаўных святынь – Свята-Успенскага манастыра ў Жыровічах. Фота 1937 г. суправаджала серыю аўтарскіх матэрыялаў Я. Вадзімава «Перед Зарёю Незиходящего Солнца», прысвечаных гісторыі і тагачаснасці манастыра ў Жыровічах.

Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, 1937 г.
Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, 1937 г.

Колькі слоў пра часопіс

На старонках часопісу ўсебакова адлюстроўвалася тагачаснае царкоўнае жыццё; з яго можна даведацца пра падзеі палітычнага, сацыяльнага і культурнага жыцця, убачыць настроі і актуальныя праблемы пэўных пластоў грамадства. Але перад усім, штотыднёвае выданне утрымлівае грунтоўны матэрыял па гісторыі Праваслаўнай Царквы ў міжваенны час. Так, часопіс падае інфармацыю аб выдадзеных законах, загадах і пастановах (як свецкай улады ў галіне царкоўнага жыцця, так і органамі царкоўнага кіравання), распараджэннях епархіяльнага кіраўніцтва, якія датычацца духавенства (рукапалажэнні, перамяшчэнні, прызначэнні, узнагароды і спагнанні, некралогі) і царкоўнага ўладкавання, а таксама фінансавыя справаздачы, справаздачы кансісторый і семінарый. Апроч таго, на старонках «Воскресного чтения» друкаваліся актуальныя навіны з жыцця Царквы, замежная хроніка (асабліва звярталася ўвага на царкоўнае жыццё ў СССР), епархіяльная карэспандэнцыя, багаслоўскія і душпастырскія творы, навуковыя артыкулы Мітрапаліта і прафесараў Праваслаўнага Багаслоўскага факультэта, матэрыялы з пропаведзямі і навучальнымі сачыненнямі святароў, мастацкія творы, аўтарскія эсэ, свецкая навукова-папулярная публіцыстыка, рэклама.

Працяг будзе

Павел Булаты, кандыдат гістарычных навук

Матэрыял прыводзіцца паводле публікацыі:

Булаты, П. Ю. Жыццё Праваслаўнай Царквы ў Заходняй Беларусі на фотаздымках з часопісу «Воскресное чтение» / П. Ю. Булаты // ХРОНОС. Церковно-исторический альманах №6 / Гл. ред. А. В. Слесарев. – Минск : Изд-во Минской духовной академии, 2018. – С. 128–158.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі