Царкоўнае жыццё Заходняй Беларусі ў часопісе «Воскресное чтение». Піша гісторык

IMG_20170925_160504

Падчас навукова-даследчай працы ў Варшаве я меў магчымасць працаваць з адным вельмі цікавым і рэдкім у нашай гістарыяграфіі выданем – праваслаўным часопісам «Воскресное чтение», які быў афіцыйным друкаваным органам Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. Ён рэгулярна выдаваўся ў Варшаве на рускай мове. Першы нумар часопісу пабачыў свет 20 (7) студзеня 1924 г., а апошні выйшаў напярэдадні Другой Сусветнай вайны 27 жніўня 1939 г. Гэты часопіс – сапраўдная рэдкасць, бо ў беларускіх бібліятэчных і архіўных зборах прадстаўлена неверагодна маленькая колькасць нумароў выдання… Сярод багатага матэрыялу на старонках часопіса публікаваліся і фотаздымкі. Часопісная фотакарэспандэнцыя адлюстроўвала царкоўнае жыццё розных кірункаў і мела шырокі геаграфічны ахоп: публікаваліся здымкі з падзей у Варшаве, з епархій Заходняй Беларусі і Украіны, а таксама з замежжа. Найбольш цікавыя і каштоўныя фотаздымкі мною і былі скапіраваныя. Гэтая публікацыя прысвечана тагачаснаму царкоўнаму жыццю.

Кобрын

4 снежня 1928 г. пры царкве Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў г. Кобрыне пачало дзейнічаць царкоўнае брацтва Святога Крыжа. У матэрыялах часопісу за 1929 г. апублікаваны здымак з брацкай трапезы. Яго заснавальнік – протаіерэй Аляксей Русецкі – у атачэнні ўдзельнікаў брацтва рэдакцыяй на здымку адзначаны крыжыкам. Асоба прот. А. Русецкага досыць цікавая і неардынарная. З’яўляючыся актыўным царкоўным дзеячам, у гады Грамадзянскай вайны ў Расіі А. Русецкі займаў вядучыя царкоўныя пасады ў войску адм. Калчака, меў шэраг высокіх вайсковых узнагарод. У 1920-я–1930-я гг. займаўся актыўнай царкоўнай дзейнасцю ў прыходах Заходняй Беларусі.

Брацкая трапеза ў Кобрыне, 1929 г.
Брацкая трапеза ў Кобрыне, 1929 г.

Біблейскія курсы

У 1930-я ў прыходах Праваслаўнай Царквы ладзіліся Біблейскія курсы, на якіх прыхаджане вывучалі Слова Божае. Фотаздымак такіх курсаў у 1934 г. з г. Баранавічы быў апублікаваны ў штомесячным дадатку да часопісу «Воскресное чтение» «ГОСТЬ». Фота суправаджалася навінамі ад баранавіцкай супольнасці вернікаў. Так, у карэспандэнцыі брат Шатура паведамляў: «Справа Божая ў нас рухаецца наперад вялікімі крокамі. 4-га сакавіка адбыўся ў Баранавічах раённы сход, на якім было вырашана працу [Біблейскіх курсаў – аўт.] размеркаваць на дзве абшчыны. Адну з цэнтрам у Баранавічах, а другая, куды ўвойдуць Наваградскі, Стаўпецкі, Баранавіцкі ўезды, – у м. Гадзішча, дзе працуюць браты Скарабагатаў і Фалько».

Біблейскія курсы ў Баранавічах, студзень 1934 г.
Біблейскія курсы ў Баранавічах, студзень 1934 г.

Істотнае месца ў групе здымках з царкоўнага жыцця займае фота матэрыял з будаўніцтва і асвячэння новых праваслаўных храмаў. У тагачасных палітычных і сацыяльных умовах узвядзенне новай царквы – складаны працэс, які вымагаў неверагодных фінансавых выдаткаў і пераадоленне шэрагу бюракратычных працэдур. Таму ўзвядзенне і асвячэнне новых праваслаўных храмаў – значная падзея ў жыцці Царквы. На старонках часопісу былі выяўлены артыкулы з фотаздымкамі з будаўніцтва цэркваў у Морачы і Заастравеччы.

Морач

26 снежня 1928 г. у мястэчку Морач (Нясвіжскі ўезд) згарэла Вазнясенская царква. У 1929 г. пры візіце ў мястэчка епіскапа Гродзенскага Алексія было вырашана будаваць новую царкву. Сродкі на будаўніцтва збіраліся прыхаджанамі, паступалі ахвяраванні, была дапамога з казны. Закладзеная 7 мая 1930 г. царква, к вясне 1932 г. была цалкам пабудаваная. Асвячэнне было прызначанае на 5 чэрвеня 1932 г. У гэты дзень у Морачы адбыліся вялікія ўрачыстасці, на якіх прысутнічалі 15 протаіерэяў, 7 іерэяў, 2 дыяканы (з прысутных клірыкаў у артыкуле адзначаюцца: Нясвіжскі благачынны Прот. Васілі Валасовіч, Прот. Рыгор Лукашэвіч, Іер. Іван Вернікоўскі). Былі запрошаныя і свецкія саноўныя асобы – стараста Нясвіжскага ўезда Е. Цэдзінскі, яго намеснік С. Сіпайла-Рудніцкі, пасол Сейма Г.Г. Шыманоўскі, рэферэнт староства Малюкевіч, паручнік Корпусу Аховы П.М. Ехалік. Пасля ўрачыстай літургіі настаяцель царквы Прот. Аляксей Касперсі быў узнагароджаны камілаўкам, члены будаўнічага камітэту – Архірэйскімі граматамі.

Здымкі запрошанага фатографа Міллера з ўрачыстага асвячэння царквы ў Морачы, 5 чэрвеня 1932 г
Здымкі запрошанага фатографа Міллера з ўрачыстага асвячэння царквы ў Морачы, 5 чэрвеня 1932 г

Заастравечча

Узвядзенне царквы ў мястэчку Заастравечча непасрэдна звязана з падзеямі, апісанымі вышэй ў м. Морач. Пасля пажару 1928 г. месцічы Заастравечча асталіся без прыходскай царквы, аднак прыняць удзел у аднаўленні царквы ў Морачы адмовіліся: было вырашана будаваць новы храм у Заастравеччы. Рашэнне прыхаджан благаславіў епіскап Гродзенскі Алексій. Будаўніцтва матэрыяльна было забяспечана дзякуючы духоўнаму тастаменту ад Яўгеніі Шутавай, якая перадала царкве 10 дзесяцін зямлі. Лес для будаўніцтва забяспечыў князь Альбрэхт Радзівіл, пляцоўку пад царкву перадаў месціч Мінец, паступалі ахвяраванні прыхаджан. Асвячэнне месца царквы з тытулам Св. Дзіянісія Арэапагіта і ўсталяванне на ім крыжа адбыліся 23 красавіка 1933 г. Пачаліся ўрачыстасці ў суседняй Астравецкай царкве, адкуль хросным ходам вернікі прыйшлі ў Заастравечча. Ва ўрачыстасцях бралі ўдзел: Нясвіжскі благачынны Прот. Васілі Валасовіч, настаяцель В. Лапацінскі, святары М. Хільтоў, І. Герасімовіч, М. Шавель, А. Касперскій, дыяканы І. Янкоўскі, Булойчык, псаломшчык Вярыга.

Асвячэння месца і ўсталяванне крыжа ў м. Заастравечча, красавік 1933 г.
Асвячэння месца і ўсталяванне крыжа ў м. Заастравечча, красавік 1933 г.

Працяг будзе

Павел Булаты, кандыдат гістарычных навук

Матэрыял прыводзіцца паводле публікацыі:

Булаты, П. Ю. Жыццё Праваслаўнай Царквы ў Заходняй Беларусі на фотаздымках з часопісу «Воскресное чтение» / П. Ю. Булаты // ХРОНОС. Церковно-исторический альманах №6 / Гл. ред. А. В. Слесарев. – Минск : Изд-во Минской духовной академии, 2018. – С. 128–158.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі