“Царква – гэта не сцены”. Вернікі розных канфесій пра духоўнае жыццё падчас самаізаляцыі

Самае складанае для вернікаў у перыяд самаізаляцыі – не мець магчымасці супольна маліцца ў цэрквах і касцёлах. Зараз сем’і вынаходзяць свае спосабы падтрымліваць духоўны тонус. Партал Krynica.info пацікавіўся ў вернікаў розных канфесій: як яны пражылі няпросты Пасхальны час, калі так хацелася быць усім разам.

Аляксандра Цярэнцьева, праваслаўная

et2fiHx2PSQ

Мяне яшчэ з самага пачатку эпідэміі перавялі на аддаленую працу, таму з дому я выходжу толькі ў краму і на шпацыр. Але мой муж ездзіць у шпіталі, дзе ляжаць нашы вернікі, каб перадаць перадачы. Таму наша сям’я зусім не застрахавана ад вірусу, пры тым, што падчапіць яго можна нават у пад’ездзе ці ў краме. Я на самаізаляцыі знаходжуся больш дзеля іншых людзей: каб не стаць прычынай заражэння, каб тыя, каму зараз патрэбна медыцынская дапамога, яе атрымалі.

Але ў ізаляцыі мне вельмі складна. Зараз мы ладзім сустрэчы з нашай супольнасцю па Skype. Яны, з аднаго боку, стамляюць, а з іншага, – даюць карысны досвед: вучаць больш свядомай малітве, цаніць тое, што маеш. Добра, што гэты шлях мы праходзім разам з вернікамі з Масквы. Мы молімся разам, чытаем псалмы… Кожны ў такіх малітвах раўнапраўны ўдзельнік, таму малітва атрымліваецца асэнсаванай.

RTuaDsraCWw

Вялікдзень мы сустракалі ютранню і абедніцай, якую могуць служыць свецкія людзі. З абеду да самага вечара ў нядзелю стэлефаноўваліся з братамі і сёстрамі з Масквы і Мінска, дзяліліся пасхальнай радасцю. Каранцін дапамог мне лепш даведацца пра службы і чыны. Калі раптам абарвецца сувязь і інтэрнэт, трэба быць гатовым служыць самім! Ён паказаў мне, як можна будаваць духоўнае жыццё без храма, як браць за гэта адказнасць на сябе. Калі ёсць абшчына, то ўсё вырашальна: і пытанні сумеснага жыцця і малітвы, і фінансавыя пытанні. Каранцін паставіў перада мной многія пытанні і даў выразна зразумець, што Царква – гэта не сцены, а людзі. І кожны можа ўнесці свой унёсак у будаўніцтва Царквы Божай.

Кацярына Раюнец, каталічка

Upgj2FPE5fY

Прыняцце рашэння аб хатнім каранціне не было лёгкім для нашай сям’і. Але мы думалі не толькі пра сябе, але і пра нашу адказнасць перад іншымі, пра любоў да бліжняга і пра тое, што яна азначае ў дадзены час. Мы задавалі пытанне: што асабіста мы можам зрабіць у час пандэміі? Самы просты варыянт – гэта, па магчымасці, быць дома. Гэта наш невялікі ўнёсак для таго, каб спыніць распаўсюджванне віруса.

Самая вялікая цяжкасць для нас – гэта немагчымасць прысутнічаць на службе ў нядзелю. Мы не былі ў царкве на ўсіх набажэнствах Пасхальнага Трыдууму і, вядома, на саму Пасху. Нядзельная служба для нас – гэта не нейкая традыцыя. Гэта – абавязак і неабходнасць. Гэта тое, што нас яднае і напаўняе сілай. Мы адназначна лічым, што на час пандэміі правільным будзе перанесці царкоўнае жыццё ў сферу анлайн, калі ёсць такая магчымасць. Мы самі павінны браць адказнасць за будучыню нашай краіны.

cV0k29UiYX0

Чаканне Пасхі ў гэтым годзе было мітуслівым. Зрэшты, як і сам Пост. У нас малое дзіця, таму з ім рытм жыцця паскараецца неверагодна. Мы з сынам шмат разоў прачыталі яго дзіцячую Біблію. У нас быў святочны стол, які мы рыхтавалі ўсёй сям’ёй, было чытанне Слова Божага, малітва. Вельмі не хапала службы і парафіянаў, каб падзяліць радасць Уваскрасення. Не хапала гучнага спеву “Алілуя!”. Мы з мужам паспявалі ўдвох, але на Пасху хочацца гучна, магутна! Безумоўна, памаліліся на анлайн-службе. Нягледзячы на нейкі сум, мы перажылі лучнасць паміж сабой. У нашай сям’і, малой Царкве, Пасха адбылася і Ісус быў паміж намі, бо вера – гэта падмурак нашай сям’і. Мы рады, што сын ужо далучаецца да малітвы, складвае ручкі, нешта там бармоча і спявае “амэн”. Таямніца Уваскрасення не ў нейкім месцы, куды трэба прыйсці… Яна – у нашых сэрцах. Тут вельмі трапна падыходзіць цытата з Евангелля: “Бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары; а вы кажаце, што месца, дзе трэба пакланяцца, у Ерусаліме. Ісус кажа ёй: павер Мне, што настане час, калі і не на гары гэтай, і не ў Ерусаліме будзеце пакланяцца Айцу.” (Яна 4:20-21). Сёння мы яшчэ больш можам засяродзіцца на шуканні Бога тут і зараз: у нашым доме, у нашай сям’і.

Увогуле, канечне, складана трымаць сябе ў духоўным тонусе з маленькім дзіцяці і не выходзіць з дому. Перад пандэміяй мы актыўна ўдзельнічалі ў сямейных сустрэчах, праводзілі малітву праслаўлення, муж хадзіў у мужчынскую суполку… Гэтыя парафіяльныя практыкі вельмі дапамагаюць у духоўным узрастанні. Зараз мы прыдумалі выходзіць пад вечар у лес з вазочкам і маліцца ружанец. Гэта не займае шмат часу. Ды і сын, калі даць яму яго ружанец, пагаджаецца крыху пасядзець спакойна. Гэта і ёсць адзін з нашых плюсаў ад самаізаляцыі. Бо калі муж хадзіў на працу, у нас была толькі кароткая агульная вечаровая малітва перад сном. Зараз малітвы становіцца больш.

Алена Пархац, хрысціянка веры евангельскай

ngSYwJoWrhk

Мы прынялі рашэнне заставацца дома і не хадзіць у царкву дзеля нашых блізкіх, хоць нам вельмі цяжка цяпер. Цяжка перш за ўсё таму, што няма жывых адносін з вернікамі. Пасху адзначалі дома, у коле сям’і. Мы маліліся анлайн, і гэта было нязвыкла, бо заўсёды на Вялікдзень мы былі з сям’ёй у царкве. Каб не гледзячы ні на што, ўзрастаць духоўна, мы чытаем Біблію, молімся, часта ў малітвы выключаем спевы праслаўлення…. Аднак калі разважаць пра плюсы самаізаляцыі, то я магу вылучыць толькі тое, што не трэба марнаваць час на дарогу ў царкву. На самой справе, мы ўсе чакаем таго моманту, калі ўсё вернецца і будзе так, як было раней.

Падрыхтавала Вікторыя Чаплева

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі