Духавенства Заходняй Беларусі на фотаздымках з часопісу «Воскресное чтение». Піша гісторык

Падчас навукова-даследчай працы ў Варшаве я меў магчымасць працаваць з адным вельмі цікавым і рэдкім у нашай гістарыяграфіі выданні – праваслаўным часопісам «Воскресное чтение», які быў афіцыйным друкаваным органам Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. Ён рэгулярна выдаваўся ў Варшаве на рускай мове. Першы нумар часопісу пабачыў свет 20 (7) студзеня 1924 г., а апошні выйшаў напярэдадні Другой Сусветнай вайны 27 жніўня 1939 г. Гэты часопіс – сапраўдная рэдкасць, бо ў беларускіх бібліятэчных і архіўных зборах прадстаўлена неверагодна маленькая колькасць нумароў выдання… Сярод багатага матэрыялу на старонках часопіса публікаваліся і фотаздымкі. Часопісная фотакарэспандэнцыя адлюстроўвала царкоўнае жыццё розных кірункаў і мела шырокі геаграфічны ахоп: публікаваліся здымкі з падзей у Варшаве, з епархій Заходняй Беларусі і Украіны, а таксама з замежжа. Найбольш цікавыя і каштоўныя фотаздымкі мною і былі скапіраваныя. Гэта публікацыя прысвечана духавенству.

IMG_20170925_160504

Найбольшая колькасць здымкаў з гэтай серыі, натуральна, звязана з асобаю кіраўніка Польскай аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы – Мітрапалітам Дзіянісіям (у свецкім грамадстве Канстанцін Мікалаевіч Валядзінскі, 1876–1960 гг.). Фотаздымкамі архірэя суправаджаліся матэрыялы, звязаныя з яго публічнай дзейнасцю: міжнародныя сустрэчы і паездкі, сустрэчы ва ўрадзе Польшчы, удзел у дзяржаўных і царкоўных урачыстасцях і інш. Таксама фотапартрэт ўладыкі змяшчаўся пры публікацыі яго адозваў з нагоды царкоўных і дзяржаўных свят, пры публікацыі яго аўтарскіх матэрыялаў.

Партрэт Мітрапаліта Дзіянісія
Партрэт Мітрапаліта Дзіянісія

 

К.М. Валядзінскі (1896 г.); апошні год навучання ва Уфімскай духоўнай семінарыі

Прыводзіліся на старонках часопісу фотаздымкі правячых архірэяў ПАПЦ. Звернем увагу на здымак, зроблены на пасяджэнні Св. Сабору Епіскапаў, які адбываўся 13 лютага 1939 г. Адметнасць і каштоўнасць гэтага здымку ў тым, што ён зроблены перад самым пачаткам Другой Сусветнай вайны і на ім заўражаны апошні склад Сабору Архірэяў Праваслаўнай Царквы ў даваеннай Польшчы. У час вайны і пасля яе структура ПАПЦ кардынальным чынам змянілася. Па-рознаму пад час вайны і пасля яе склаліся і лёсы прысутных на здымку архірэяў. На Саборы прысутнічалі: Мітрапаліт Дзіянісій (у цэнтры; пасля вайны быў адхілены ад пасады Мітрапаліта), ад яго па правую руку: Архіепіскап Віленскі і Лідскі Феадосі (1864–1943; памёр у сане Архіепіскапа на пакоі), Архіепіскап Валынскі і Крэмянецкі Алексій (1882–1943; забіты пад час вайны), Епіскап Камень–Кашырскі Антоній (1887–1954; па вайне застаўся ў СССР, арыштаваны ў 1951 г.), Епіскап Люблінскі Цімафей (1901–1962; пасля вайны заставаўся на кіруючых пасадах Польскай Праваслаўнай Царквы), Епіскап Браслаўскі Матфей (1894–1985; памёр у эміграцыі); ад Мітрапаліта па левую руку: Архіепіскап Палескі і Пінскі Аляксандр (1887–1948; трагічна загінуў у эміграцыі), Епіскап Гродзенскі Сава (1898–1951; памёр у эміграцыі), Епіскап Астрожскі Сімяон (1888–1966; застаўся ў СССР, быў арыштаваны ў 1944 г., па вызваленні ў 1954 г. служыў ва ўкраінскіх епархіях РПЦ), Епіскап Луцкій Палікарп (1875–1973; памёр у эміграцыі).

Малюнак 4. – Паседжанне Св. Сабору Епіскапаў Праваслаўнай Царквы ў Польшчы, 13 лютага 1939 г.
Паседжанне Св. Сабору Епіскапаў Праваслаўнай Царквы ў Польшчы, 13 лютага 1939 г.

У структуры ПАПЦ вылучалася і дзейнічала з 1928 г. Эмерытальная каса, якая выплачвала пенсіі перастарэламу духавенству, удовам і сіротам. Бюджэт касы фармаваўся з прыходскіх выплат, яе падрабязныя фінансавыя справаздачы штогод друкаваліся на старонках часопісу. Перыядычна ў Варшаве ладзіўся сход удзельнікаў Эмерытальнай касы, падчас працы якога рабіўся агульны фотаздымак. Так, на здымку са з’езду ўдзельнікаў Эмерытальнай касы праваслаўнага духавенства Польшчы (рэвізійная камісія і супрацоўнікі касы), які адбываўся 26-29 лістапада 1935 г., прысутнічалі: па цэнтры Мітрапаліт Дзіянісій, праваруч ад яго сядзяць – Архіепіскап Палескі Аляксандр, Прот. С. Грушко, Архім. Феафан, Прот. А. Субоцін; леваруч ад Мітрапаліта – Архіепіскап Валынскі Алексій, Архім. Паладзій, Прот. С. Севбо, Прот. М. Буховіч; стаяць злева направа: Прот. Самайловіч, Прот. Д. Перапечкін, Прот. І. Карвоўскі, Прот. Д. Сайковіч, Прот. І. Каваленка, Іер. В. Альшэўскі, Прот. Ф. Барэцкі, Іер. М. Зелянецкі, Прот. А. Сагайдакоўскі, Прот. І. Камарэвіч, Іер. А. Шыманскі, справавод камітэта В. Касаноцкі, бухгалтар С. Верамчук-Дычко.

Малюнак 5. – З’езд ўдзельнікаў Эмерытальнай касы праваслаўнага духавенства Польшчы
З’езд ўдзельнікаў Эмерытальнай касы праваслаўнага духавенства Польшчы

Размешчаны ў часопісе калектыўны здымак паказвае склад багаслоўскага класа Віленскай духоўнай семінарыі 1926–1927 гг. На ім прысутнічаюць тагачасныя выкладчыкі і семінарысты, змешчаныя фота Мітрапаліта Дзіянісія (1) і Архіепіскапа Віленскага і Лідскага Феадосія (2). Вызначыць выкладчыкаў на здымку дапамагаюць мемуары аднаго з тагачасных семінарыстаў Яўстафія Баслыка. Так, рэктарам семінарыі з’яўляўся Прот. Мікалай Тучэмскі (3), Прот. Іосіф Дзічкоўскі (4) выкладаў літургіку і дагматычнае багаслоўе, Андрэй Раманавіч Куц (5) – выкладчык канонікі і парталогіі, сакратаром семінарыі быў А.Г. Снежынскі (6), выкладчык спеваў Віктар Сцяпанавіч Беер (7), Апалон Іосіфавіч Смаржэўскі (8) выкладаў гісторыю Царквы, асноўнае і параўнальнае Багаслоўе.

Малюнак 7. – Выхаванцы багаслоўскага класа Духоўнай семінарыі ў Вільне, якія скончылі курс навук у чэрвені 1927 г.
Выхаванцы багаслоўскага класа Духоўнай семінарыі ў Вільне, якія скончылі курс навук у чэрвені 1927 г.

У часопісе побач з калектыўным здымкам публікаваўся і разрадны спіс навучэнцаў. У залежнасці ад адзнак выхаванцы падзяляліся на дзве групы (І і ІІ разрад), былі і тыя, каму разрад не прысвойваўся (мусілі паўторна здаваць пэўныя дысцыпліны), меліся вольныя слухачы. Так, да І разраду належалі: Комар Канстанцін (1), Імшэннікаў Уладзімір (2), Камінскі Канстанцін (3), святар Яўстафій Баслык (4), Мяцеліца Канстанцін (5), святар Платон Сліж (6), святар Георгі Чэшык (7), Смірноў Міхаіл (8), Яшчынскі Сяргей (9), Аляхновіч Усевалад (10), Апанасевіч Аляксандр (11), Антоній Нарушэвіч (12), Копасаў Віталь (13), Георгі Хільтоў (14); да ІІ разраду былі запісаныя: Сурвіла Яўген (15), Лапатко Аляксандр (16), Белашыцкі Мікалай (17), Гаўрылаў Уладзімір (18), Савіч Антоній (19), Строк Іван (20), дыякан Іван Жарскі (21), Стралкоўскі Аркадзь (22), Піліхоўскі Барыс (23), Навіцкі Апалон (24). Без разраду з пазыкамі па дысцыплінах былі: Давідовіч Мікалай (25), Стэфанюк Васілі (26), Сотнікаў Іван (27). Да вольных слухачоў семінарыі належалі: дыякан Дзмітрый Дарашэвіч (28), Віталь Кавалеўскі (29), Уладзімір Грыгаровіч (няма на фота). Акрамя прыналежных да семінарыі асоб, на фотаздымку змяшчаецца выява (злева) самой семінарыі і інтэр’ер царквы Св. Тройцы (справа).

Багаслоўскую адукацыю ў міжваенны час можна было атрымаць на аддзяленні евангелічнай тэалогіі і курсаў праваслаўнага Багаслоўя (Studium Teologii Prawosławne), што дзейнічалі ў Варшаўскім універсітэце. Дзейнічаць курсы пачалі 8 лютага 1925 г., праца вялася да 1939 г. Навучанне на аддзяленні цягнулася чатыры гады, у гэты час студэнты засвойвалі абавязковыя і факультатыўныя дысцыпліны. За ўвесь час існавання курсаў выпускнікамі было абаронена 249 магістарскіх прац. Пад апекаю Мітрапаліта пры курсах дзейнічала Кола праваслаўных Багасловаў, а ў 1933 г. паўстала брацтва, якое яднала выпускнікоў. На старонках «Воскресного чтения» час ад часу з’яўляліся матэрыялы, прысвечаныя ўніверсітэцкім курсам, якія суправаджаліся фотаздымкамі. Апублікаваныя здымкі, на жаль, не маюць пры сабе подпісаў, якія б ідэнтыфікавалі прысутных на іх асоб. Таму звернем увагу толькі на некаторыя з іх, якія адлюстроўваюць розныя аспекты жыцця і дзейнасці Багаслоўскіх курсаў.

Малюнак 8. –
Архіпастыры і студэнты Багаслоўскага аддзелу Варшаўскага ўніверсітэту, 1 мая 1933 г. Фота зроблена побач з Кафедральным саборам Марыі Магдалены
Малюнак 9. – Група студэнтаў з Кола праваслаўных Багасловаў падчас традыцыйнай штогадовай экскурсіі на свята Тройцы ў Пачаеў, 1937 г
Група студэнтаў з Кола праваслаўных Багасловаў падчас традыцыйнай штогадовай экскурсіі на свята Тройцы ў Пачаеў, 1937 г.

Павел Булаты, кандыдат гістарычных навук

 

Матэрыял прыводзіцца паводле публікацыі:

Булаты, П. Ю. Жыццё Праваслаўнай Царквы ў Заходняй Беларусі на фотаздымках з часопісу «Воскресное чтение» / П. Ю. Булаты // ХРОНОС. Церковно-исторический альманах №6 / Гл. ред. А. В. Слесарев. – Минск : Изд-во Минской духовной академии, 2018. – С. 128–158.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі